Тацяна Поклад, Вільня У літоўскім парлямэнце сёньня на закрытым паседжаньні камітэта замежных справаў абмяркоўвалася, якім чынам можна уплываць на візавую палітыку Эўразьвязу, каб зьмяніць рашэньне падвысіць візавыя тарыфы для беларусаў. Паводле літоўскіх палітыкаў, краіны-суседкі чакаюць і ад прадстаўнікоў Беларусі крокаў у абарону сваіх грамадзянаў, якім ад 1 студзеня давядзецца плаціць 60 эўра за візы у краіны Эўразьвязу, у тым ліку і ў суседнюю Літву, Польшчу, Латвію.