Лукашэнка і раней любіў наведваць вялікія міжнародныя форумы, кшталту Канфэрэнцыі аб зьменах клімату, дзе можна сустрэць многіх міжнародных лідэраў. Цяпер да гэтага дадаўся «сындром 2020 году» — сытуацыя, калі многія краіны не прызнаюць Лукашэнку прэзыдэнтам, увялі санкцыі — адпаведна, геаграфія магчымых паездак значна звузілася. А пасьля 2022 году дадаўся яшчэ і «комплекс суагрэсара». У многім дзеля пераадоленьня комплексаў і ладзяцца такія паездкі.
Сьцісла:
- Да апошняга часу кіраўніцтва Беларусі мала цікавілі праблемы клімату.
- Лукашэнка хацеў бы займець падтрымку краінаў Глябальнага Поўдня ў барацьбе супраць ЗША і Эўропы.
- Рэглямэнт форуму прадугледжваў выступ для прадстаўнікоў кожнай краіны працягласьцю толькі 3 хвіліны. Лукашэнка быў гэтым моцна расчараваны.
- Цяжка чакаць вялікай карысьці для краіны ад кароткіх сустрэчаў з кіраўнікамі іншых дзяржаў на палях саміту.
Аляксандар Лукашэнка ўзяў удзел у 29-й Канфэрэнцыі аб зьменах клімату (COP29), якая праходзіць у Баку 11–22 лістапада.
Да апошняга часу кіраўніцтва Беларусі мала цікавілі праблемы клімату. Такія форумы ладзяцца з 1995 году. Аднак 27 папярэдніх кліматычных канфэрэнцый прайшлі без удзелу Лукашэнкі. Толькі летась ён прысутнічаў і выступаў на падобным форуме (COP28), які прайшоў у Дубаі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты).
Напярэдадні канфэрэнцыі Лукашэнка ў экспрэс-інтэрвію тэлеканалу AnewZ выказаў вялікі скептыцызм адносна ўплыву падобных форумаў на паляпшэньне кліматычнай сытуацыі ў сьвеце: «Нічога не мяняецца. Наадварот, усё горш і горш. І тыя краіны, якія павінны найперш займацца скарачэньнем выкідаў, яны гэтага, на жаль, ня робяць. І прасьвету ў гэтым пляне ня бачна. Таму ўзьнікае пытаньне аб эфэктыўнасьці такіх мерапрыемстваў. Я лічу, што яны малаэфэктыўныя».
Але калі яны малаэфэктыўныя, то навошта ў іх удзельнічаць?
Увогуле, беларускія ўлады ня надта заклапочаныя пытаньнямі экалёгіі. Летась Лукашэнка сваімі ўказамі спыніў удзел Беларусі ў дзьвюх найважнейшых міжнародных канвэнцыях у пытаньнях экалягічнай бясьпекі — аб доступе да інфармацыі і аб ахове дзікай флёры і фаўны і прыродных біятопаў у Эўропе.
Чаму ж 27 папярэдніх кліматычных канфэрэнцый Лукашэнка ігнараваў, а ў дзьвюх апошніх вырашыў узяць актыўны ўдзел? Відавочна, на гэта паўплываў «сындром 2020 году» — сытуацыя, калі многія краіны (ЗША, ЭЗ і іх саюзьнікі) не прызнаюць Лукашэнку прэзыдэнтам, увялі санкцыі. А пасьля 2022 году да іх дадаўся «комплекс суагрэсара», калі дапамога Расеі ў яе вайне з Украінай была асуджаная шэрагам міжнародных арганізацый, у тым ліку Генэральнай Асамблеяй ААН, Лукашэнку пагражаюць міжнародным судом.
У многім дзеля пераадоленьня комплексаў і ладзяцца паездкі на падобныя саміты.
На канфэрэнцыю прыбылі прадстаўнікі 198 краін сьвету, зь іх каля 80 прадстаўленыя на вышэйшым узроўні. Аднак кіраўнікі вялікіх краін на форум не прыехалі.
Прыезд Лукашэнкі на гэтую кліматычную канфэрэнцыю варта разглядаць і ў кантэксьце павароту замежнай палітыкі Беларусі ад Захаду, Эўропы на Ўсход і Поўдзень. Ён хацеў бы займець падтрымку краінаў Глябальнага Поўдня ў сваім паходзе супраць ЗША і Эўропы і, самае галоўнае, стаць лідэрам антызаходняга руху, узначаліць гэтую барацьбу.
На мінулым саміце ў Дубаі год таму Лукашэнка скарыстаў кліматычную тэму, каб абрынуцца на краіны Захаду. Гэта была прамова пракурора перад трыбуналам над злачынцамі, якімі Лукашэнка абвясьціў заходнія дзяржавы. Маўляў, ва ўсіх кліматычных праблемах вінаваты Захад. Заходнія краіны «разьвязалі і вядуць самую страшную вайну на плянэце» (маецца на ўвазе вайна ва Ўкраіне). Паводле Лукашэнкі, да пагаршэньня клімату спрычынілася «прага да нажывы», якую дэманструе заходні капітал, «каляніяльны прыгнёт». Галоўная выснова палягае ў тым, што за пагаршэньне клімату павінен плаціць Захад: «80% бруду на плянэце — гэта ад вядучых дзяржаў».
Мяркуючы па ўсім, і гэтым разам Лукашэнка зьбіраўся скарыстаць трыбуну COP29 ня дзеля барацьбы з глябальным пацяпленьнем, а дзеля барацьбы з Захадам. І нават пасьпеў нешта сказаць пра гэта: «Сёньня тыя, якія так заклапаціліся найперш паляпшэньнем клімату, адсутнічаюць на гэтай канфэрэнцыі. Больш за тое — сабатуюць. Ці тое яшчэ будзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Злучаных Штатах Амэрыкі?»
Але Лукашэнку не далі разгарнуцца. Рэглямэнт форуму прадугледжваў для прадстаўнікоў кожнай краіны выступ працягласьцю толькі 3 хвіліны. Ён быў вельмі расчараваны, нават абурыўся: «Праз такі махровы бюракратызм Сакратарыяту ААН за тры хвіліны практычна сказаць немагчыма нешта».
У кароткім інтэрвію журналістам пасьля выступу Лукашэнка, адказваючы на пытаньне пра агульнае ўражаньне, сказаў: «Агіднае... Ну што за тры хвіліны скажаш?» І зноў абрынуўся на заходнія краіны: «І вытворцы. Хто больш за ўсё вырабляе — англасаксы. Дзе яны? Іх няма. Дзе спадар Макрон, які так піярыўся на назьве гэтай — Парыскае пагадненьне? Дзе ён? Яго сёньня няма нават. Яны па-наплявальніцку да гэтага ставяцца».
Тое, што прэзыдэнта Францыі ён аднёс да англасаксаў — цікавае назіраньне. Заадно абвінаваціў і ААН, якая арганізавала гэтую канфэрэнцыю («гаварыльня чарговая»), паўшчуваў сусьветны форум за неэфэктыўнасьць і марнатраўства.
Паўстае пытаньне: ці трэба было прыяжджаць на «гаварыльню» дзеля трох хвілін выступу? І ці варта ўпікаць тых лідэраў, якія не прыехалі на гэтае «марнатраўства»?
Міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў анансаваў заплянаваныя сустрэчы Лукашэнкі «з калегамі з Азіі, Эўропы, Афрыкі, Лацінскай Амэрыкі». Пры гэтым заўважыў, што сустрэчы будуць кароткія, 20–30 хвілін.
На вечар 12 лістапада Лукашэнка сустрэўся з прэзыдэнтамі Азэрбайджану, Сэрбіі, Зымбабвэ, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.
Форум