Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні абмяркоўваецца сытуацыя ў Беларусі (абноўлены)


Тацяна Поклад, Вільня На сэмінары Парлямэнцкай асамблеі НАТО у Вільні абмяркоўваюцца палітычныя, эканамічныя, грамадзкія працэсы ў Беларусі, а таксама праходзяць дыскусіі, як дапамагчы беларускаму народу і дэмакратычным сілам Беларусі, што рабіць, каб краіна не апынулася цалкам адрэзанай ад Эўразьвязу.

Форум адкрылі кіраўнік дэлегацыі Бундэстагу ў ПА НАТО Карл Ламэрс і парлямэнтар Антанас Валёніс, былы міністар замежных справаў Літвы, і магчыма, будучы амбасадар Літвы ў Беларусі. Яны адзначылі ўзмацненьне палітычнага перасьледу апазыцыі ў Беларусі, парушэньне дэмакратычных нормаў, выказалі неспакой адносна далейшай ізаляцыі Беларусі.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Ліцьвіна паведаміла пра апошнія рэпрэсіі супраць СМІ ў Беларусі і пра сытуацыю з альтэрнатыўным незалежным вяшчаньнем на Беларусь.

Віцэ-старшыня дэлегацыі літоўскага Сойму ў ПА НАТО Раса Юкнявічэне зазначае, што апошнім часам неспакой выклікае візавая палітыка Эўразьвязу, паводле якой плянуецца павышэньне візавых тарыфаў для беларускіх грамадзянаў.

(Юкнявічэне:) “Літва імкнецца, каб зьмяніць погляд Эўразьвязу на візавую палітыку, каб занадта высокія кошты на візы ў краіны Эўразьвязу не адштурхнулі беларускую грамадзкасьць ад нас і ад Эўразьвязу. Чым больш людзей прыедуць ў Літву, пабачаць жыцьцё ў Літве, тым меней застанецца месца для прапаганды Лукашэнкі, паводле якой мы тут, нібыта, амаль паміраем з голаду”.

Сёньня у Сойме Літве у Камітэце замежных спраў па ініцыятыве парлямэнтара Вацлава Станкевіча адбылося закрытае абмеркаваньне праблемы падвышэньня візавых тарыфаў з боку Эўразьвязу для грамадзянаў Беларусі.

У сэмінары ўдзельнічаюць парлямантары з краінаў-сябраў НАТО, прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў, палітолягі з розных краінаў, а таксама прадстаўнікі літоўскага ўраду, прадстаўнікі грамадзкіх і палітычных арганізацыяў зь Беларусі, -- старшыня Партыі БНФ вінцук Вячорка і ягоны намесьнік Алесь Міхалевіч, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук.

Сэмінар арганізаваны літоўскай парляманцкай дэлегацыяй ў ПА НАТО, як тлумачыцца, з мэтай паспрыяць стварэньню ў Эўразьвязе яснай, канкрэтнай стратэгіі адносна таго, як зьмяніць становішча ў Беларусі і якім чынам спрыяць дэмакратазацыі краіны.

Раней прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў заявіў: “"Мы заўжды з непаразуменьнем ставімся да таго, што беларускія праблемы абмяркоўваюць за межамі Беларусі і бяз належнага ўдзелу беларускага боку. Мы лічым, што падобныя мерапрыемствы не зьяўляюцца належным спосабам рашэньня існуючых праблемаў".

Беларуская моладзь Вільні арганізавала пікет перад будынкам, дзе адбываецца форум, каб зьвярнуць увагу на перасьлед грамадзкі і палітычна актыўнай моладзі ў Беларусі. Пікетоўцы трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі, плякаты з надпісамі на ангельскай і беларускай мовах: “Свабоду Паўлу Красоўскаму і Зьмітру Дашкевічу!“, „Надыйшоў час сказаць праўду!“

Падрабязьней пра гэта – у эфіры Свабоды. Наша даведка: Парлямэнцкая Асамблея НАТО -гэта міжпарлямэнцкі форум дзяржаваў-сябраў НАТО. Яна незалежная ад НАТО, але выступае ланцужком паміж нацыянальнымі парлямэнтамі і Паўночнаатлянтычным Альянсам. Беларусь была асацыяваным сябрам Асамблеі, аднак у 1997 годзе яе сяброўства было замарожана з прычыны недэмакратычных выбараў у Беларусі. У мінулым годзе камітэт Парлямэнцкай Асамблеі НАТО вырашыў не аднаўляць супрацоўніцтва з беларускім парлямэнтам з увагі на недэмакратычныя дзеяньні кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і нелегітымнасьць не дэмакратычна абранага беларускага парлямэнту. Пры гэтым камітэт прызнаў, што неабходна цікавіцца працэсамі ў Беларусі і падтрымліваць дачыненьні з прадстаўнікамі беларускіх недзяржаўных арганізацый.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG