Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы: крымінальная справа П.Красоўскага беспэрспэктыўная


Альгерд Невяроўскі, Менск Пра гэта сьведчыць і вызваленьне моладзевага актывіста з-пад варты. У сьледзтва няма доказаў ягонай віны. Адвакат Красоўскага Павал Сапелка сёньня накіраваў у рэспубліканскую пракуратуру скаргу з патрабаваньнем адмяніць пастанову аб прызнаньні Паўла падазраваным у цяжкіх крымінальных злачынствах. Павал Красоўскі не зьбіраецца спыняць сваёй грамадзкай дзейнасьці.

Павал Красоўскі й ягоныя абаронцы перакананыя, што ў сьледзтва няма ніякіх доказаў ягонай віны. Нагадаем, яго падазраюць у падрыхтоўцы леташніх віцебскіх выбухаў і згвалтаваньнях ды забойствах непаўналетніх дзяўчат у 1999 годзе. Адвакат Павал Сапелка накіраваў сёньня ў Пракуратуру Беларусі адпаведную скаргу.

(Сапелка: ) “Я дамагаюся ад пракуратуры адмены пастановы аб прыцягненьні Паўла ў якасьці падазраванага”.

Спадар Сапелка лічыць, што крымінальная справа супраць яго падабароннага ня мае асаблівай пэрспэктывы. На ягоную думку, ужо цяпер відавочна, што Павал Красоўскі не вінаваты ў цяжкіх злачынствах, у якіх яго падазраюць. Падобную думку выказаў і праваабаронца Валянцін Стэфановіч:

(Стэфановіч: ) “Тое, што Паўла ўжо вызвалілі, сьведчыць пра тое, што справы гэтыя, як мне падаецца, пэрспэктывы ня маюць. Яны пэўны час будуць заведзеныя — магчыма, гэта будзе працяглы час. Можа, будуць прыпыненыя. Але калі б была хоць нейкая маленькая верагоднасьць падазрэньня, што ён быў датычны да гэтых злачынстваў, Красоўскі ня быў бы адпушчаны, а ўтрымліваўся б надалей. І думаю, што была б прынятая мера стрыманьня — утрыманьне пад вартай у сьледчым ізалятары”.

Валянцін Стэфановіч сказаў, што праваабронцы адразу лічылі гэтую справу палітычна матываванай. Сам Павал Красоўскі гаворыць, што сьледчы ня зьвязваў ягоную справу са справамі Зьмітра Дашкевіча ды іншых маладафронтаўцаў, але цікавіўся ягонай грамадзка-палітычнай дзейнасьцю. Павал не зьбіраецца спыняць сваю грамадзкую дзейнасьць у Жодзіне й будзе дапамагаць зьняволеным сябрам.

(Красоўскі: ) “Што датычыцца ў рамках майго гораду Жодзіна, у межах, у якіх я заўсёды працаваў, зразумела, што гэтая дзейнасьць працягнецца. “Малады фронт” зрабіў мяне такім, якім я ёсьць сёньня. Я яму абавязаны за гэта й буду дапамагаць сябрам так, як змагу”.

Цяпер Павал Красоўскі дамагаецца, каб сьледчыя вярнулі яму асабістыя дакумэнты і мабільны тэлефон. У ізалятары ён моцна прастыў і без пашпарта ня можа зьвярнуцца па дапамогу лекара.

Павал Красоўскі быў затрыманы ў Жодзіна 4 кастрычніка і дастаўлены ў Віцебск. 5 кастрычніка яго прызналі падазраваным у арганізацыі леташніх выбухаў у гэтым горадзе. Пасьля да гэтых падазрэньняў далучылі й магчымую датычнасьць да згвалтаваньня й забойства непаўналетніх дзяўчат у 1999 годзе ў Барысаве й Віцебску. Пасьля 10 сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня 15 кастрычніка яго адпусьцілі на волю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG