Пра гэта паведаміў 12 лістапада ў сваім тэлеграм-канале блогер Раман Пратасевіч і апублікаваў фота Марыі з бацькам Аляксандрам Калесьнікавым разам з подпісам «Сёньня сустрэліся з Марыяй».
Былыя палітзьняволеныя пазналі ў антуражы месца здымкаў турэмную бальніцу, піша «Наша Ніва».
Дагэтуль адзінае спатканьне Калесьнікавай з бацькам было яшчэ ў сьнежні 2022 году, адразу пасьля яе апэрацыі, і доўжылася каля 10 хвілін у мэдчастцы калёніі.
Сваякі Калесьнікавай ня мелі ніякай сувязі з Марыяй і навінаў ад яе зь сярэдзіны лютага 2023 году.
- 7 верасьня 2020 году Марыю Калесьнікаву ў цэнтры Менску выкралі сілавікі. Яны адвезьлі Марыю, а таксама яе калегаў у штабе Івана Краўцова і Антона Раднянкова на мяжу з Украінай і спрабавалі іх сілком выправадзіць з краіны. Калесьнікава адмовілася пакідаць Беларусь: яна парвала пашпарт, выскачыла з машыны і вярнулася на беларускі бок, дзе яе зноў затрымалі.
- У верасьні 2021 году суд прыгаварыў Марыю Калесьнікаву да 11 гадоў пазбаўленьня волі, прызнаўшы яе вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: змова з мэтай захопу ўлады; заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы; стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраваньне ім. Яе і адваката Максіма Знака судзілі за зачыненымі дзьвярыма. Праваабаронцы прызналі Марыю Калесьнікаву палітзьняволенай.
- У лістападзе 2022 году Калесьнікавай зрабілі экстраную апэрацыю ў Гомельскай гарадзкой клінічнай бальніцы хуткай мэдыцынскай дапамогі, куды яе даставілі ў цяжкім стане. У палітзьняволенай дыягнаставалі пэрытаніт (запаленьне брушыны), які стаў ускладненьнем прабадной язвы. Тады ж яна апошні раз бачылася з бацькам — ён наведаў яе ў мэдчастцы. Пасьля гэтага Калесьнікава знаходзілася ў рэжыме інкамунікада больш за паўтара года.
- 23 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію брытанскаму журналісту Стывэну Розэнбэргу сказаў, што гатовы разгледзець магчымасьць памілаваньня палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай, калі паступіць такая просьба, і заявіў, што яе сям'я, магчыма, ня хоча сустрэцца зь ёю. Сястра Калесьнікавай Тацяна Хоміч зьняпраўдзіла заявы Лукашэнкі, што сям’я Марыі нібыта ня хоча зь ёю сустрэцца, і сказала, што пасьля гэтых заяваў сям'я зноў будзе дамагацца спатканьня зь ёю, хоць усе папярэднія спробы скончыліся няўдала.
- Рамана Пратасевіча затрымалі разам з Соф’яй Сапегай 23 траўня 2021 году ў выніку арганізаванай беларускімі ўладамі вымушанай пасадкі ў Менску самалёта Ryanair рэйсам Атэны-Вільня. У траўні 2023 году Пратасевіча, які пайшоў на супрацоўніцтва са сьледзтвам, асудзілі на 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, але ўжо 22 траўня 2023 году Лукашэнка памілаваў яго. Пасьля затрыманьня Пратасевіч неаднойчы ўдзельнічаў у перадачах дзяржаўных тэлеканалаў і даваў інтэрвію, у тым ліку гендырэктару АНТ, прапагандысту Марату Маркаву і расейскай журналістцы Ксеніі Сабчак, вёў эфіры з прапагандыстам Рыгорам Азаронкам. 26 верасьня Пратасевіч у этэры праграмы Маркава заявіў, што гатовы выступіць пасярэднікам паміж дзяржавай і беларусамі, якія зьехалі за мяжу з прычыны палітычнага перасьледу і хацелі б вярнуцца ў Беларусь, але баяцца адказнасьці.
Форум