Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна, Малдова і Азэрбайджан падтрымалі Грузію


Радыё Свабода Сёньня ў Менску прайшло чарговае паседжаньне Рады міністраў замежных справаў краінаў Садружнасьці незалежных дзяржаваў. Толькі Беларусь, Расея, Казахстан і Таджыкістан былі прадстаўленыя на ім міністрамі, ад астатніх васьмі краінаў СНД у Менск былі накіраваныя намесьнікі міністраў ці адмысловыя прадстаўнікі.

Гэтае паседжаньне павінна было папярэднічаць саміту кіраўнікоў краінаў СНД. Аднак дзесяць дзён таму расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін прапанаваў адкласьці саміт, што выклікала незадаволенасьць А.Лукашэнкі. На сёньняшнім паседжаньні міністры разглядалі некалькі ініцыятываў рэфармаваньня Садружнасьці — украінскую і казахстанскую.

Аляксандар Лукашэнка, сустракаючыся зь міністрамі замежных краінаў СНД, назваў некаторыя з гэтых прапановаў спробамі разваліць СНД: “Калі мы хочам пайсьці насустрач нашым ворагам, мы павінны пайсьці на так званае рэфармаваньне СНД. Гэта будзе падарунак нашым супернікам, праціўнікам, якія сьпяць і бачаць рынак, багацьці, што існуюць на постсавецкай прасторы”, — сказаў А.Лукашэнка. Апрача іншага, беларускі бок выступіў супраць прапановаў унесьці зьмены ў Статут СНД. Гаворыць міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў:

(Матынаў: ) “На гэтай прасторы другой агульнай арганізацыі няма, акрамя СНД. Таму яе трэба захаваць і ўмацаваць”.

Міністры вырашылі заслухаць справаздачу так званай “групы мудрацоў” наконт рэфармаваньня СНД на чарговым саміце Садружнасьці, аднак назваць новай даты яны не змаглі.

Падчас паседжаньня была агучаная заява Арганізацыі за дэмакратыю і эканамічнае разьвіцьцё ГУАМ у падтрымку Грузіі. У ім “аднабаковыя дзеяньні” Расеі супраць Грузіі, “скіраваныя на спыненьне эканамічных, гуманітарных сувязяў”, былі названыя “неадэкватнымі”. Украіна, Азэрбайджан і Малдова заклікалі іншыя дзяржавы СНД падтрымаць намаганьні, скіраваныя на пераадоленьне крызісу ў дачыненьнях Грузіі і РФ. Аднак публічнай рэакцыі ад іх іншых дзяржаваў на гэты зварот не было.

На прэсавай канфэрэнцыі міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў адказаў на пытаньне пра сакрэтны ліст Мінэканомразьвіцьця РФ у рэгіёны дзеля абмежаваньня імпарту беларускіх тавараў.

(Лаўроў: ) “Я такога ліста ня бачыў і ня думаю, што ёсьць нейкія распараджэньні штучна ставіць бар’еры на шляху наўпростых сувязяў паміж расейскімі й беларускімі рэгіёнамі. Гэта супярэчыць таму курсу, які дзьве дзяржавы праводзяць на ўзаемапранікненьне ў эканоміку адна другой”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG