Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16 кастрычніка — Дзень беларускай салідарнасьці


Алесь Дашчынскі, Менск Роўна год таму 16 кастрычніка адбылася першая акцыя салідарнасьці з палітычнымі вязьнямі, зьніклымі палітыкамі й іхнымі сем’ямі, зь незалежнымі журналістамі. Ад таго часу штомесяц 16-га чысла а 20-й гадзіне многія грамадзяне ў Беларусі ставяць запаленыя сьвечкі на падвоканьні. У гэты ж дзень праходзяць вулічныя акцыі.

Год таму лідэрка грамадзянскай ініцыятывы “Мы памятаем” Ірына Красоўская, каардынатар моладзевага руху “Зубар” Мікіта Сасім і журналістка Ірына Халіп заклікалі беларусаў запаліць сьвечкі салідарнасьці. А 16 верасьня 2005 году, у гадавіну зьнікненьня Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага, міліцыя разагнала акцыю салідарнасьці ў Менску. У адказ актывісты апазыцыі пачалі ладзіць акцыі 16-га чысла штомесяц.

Пра гэтую традыцыю ў Менску, да прыкладу, нагадваюць налепкі й надпісы на вуліцах — “16-га”. У гэты дзень праходзілі пікеты на Кастрычніцкім пляцы, каля Расейскай амбасады, а таксама флэш-мобы. 16 верасьня ў Менску ладзіўся “Вялікі джынсавы фэст”. Сёньня дзень салідарнасьці адзначаць у Вашынгтоне, Нью-Ёрку, Кіеве, Брусэлі, Варшаве, а таксама ў гарадах Беларусі. Некаторыя грамадзяне ў гэты дзень выходзяць на вуліцу з запаленымі сьвечкамі, партрэтамі зьніклых і палітвязьняў.

Гаворыць старшыня зарэгістраванага ў Літве “Праваабарончага альянсу” Людміла Гразнова:

(Гразнова: ) “Гэта вельмі добрая традыцыя ў нашых сумных абставінах. Гэта сьведчыць пра тое, што людзі маюць чалавечую годнасьць, што яны памятаюць пра загіблых, пра тых, хто сядзіць у турмах. Тое, што робіць апазыцыя пры нашых абмежаваных магчымасьцях, сьведчыць, што мы яшчэ ў Эўропе, мы яшчэ маем шанец на перамены”.

Акцыя працягваецца год, але лёс зьніклых, як і раней, невядомы. На гэты момант у Беларусі 15 палітзьняволеных, працягваецца ціск на незалежныя мэдыі. Дачка зьніклага бізнэсоўца Анатоля Красоўскага 24-гадовая Валерыя Красоўская кажа:

(Красоўская: ) “Улады замяшаныя ў гэтыя гвалтоўныя зьнікненьні. Таму я ня думаю, што яны калі-небудзь будуць шукаць гэтых людзей. Але я веру, што калі ўлады зьменяцца, то мы хутка даведаемся праўду. Мы знойдзем адказы на пытаньні, якія нас турбуюць сем гадоў. Для мяне асабіста, для маёй маці таксама — гэта вельмі важна адчуваць салідарнасьць іншых людзей. І я вельмі ўдзячная людзям, якія бяруць удзел у акцыях 16-га чысла. Кожнага 16-га — для мяне гэта ўдзел у нейкай акцыі абавязкова, а ўвечары я запальваю сьвечку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG