Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Для зьмены візавай палітыкі ЭЗ патрэбная актыўная пазыцыя дэмсілаў"


Тацяна Поклад, Вільня У літоўскім парлямэнце сёньня на закрытым паседжаньні камітэта замежных справаў абмяркоўвалася, якім чынам можна уплываць на візавую палітыку Эўразьвязу, каб зьмяніць рашэньне падвысіць візавыя тарыфы для беларусаў. Паводле літоўскіх палітыкаў, краіны-суседкі чакаюць і ад прадстаўнікоў Беларусі крокаў у абарону сваіх грамадзянаў, якім ад 1 студзеня давядзецца плаціць 60 эўра за візы у краіны Эўразьвязу, у тым ліку і ў суседнюю Літву, Польшчу, Латвію.

Сябра камітэту замежных спраў літоўскага Сойму Вацлаў Станкевіч паведаміў пасьля сёньняшняга закрытага паседжаньня, што паколькі часу да пачатку наступнага году засталося вельмі мала, і зважаючы на сыстэму прыняцьця рашэньняў у Эўразьвязе, няма спадзеву на хуткую зьмену рашэньня пра новыя візавыя тарыфы ў 60 эўра для беларускіх грамадзянаў, так што нейкі час пасьля 1 студзеня гэтыя новыя тарыфы будуць, без сумневу, дзейнічаць. Але, паводле парлямэнтара, які ініцыяваў у Сойме абмеркаваньне гэтай праблемы, Літва не апусьціла рукі.

(Станкевіч: ) “Сёньня на паседжаньні камітэту замежных справаў я пераканаўся, што міністэрствы замежных і ўнутраных справаў Літвы працуюць па гэтым пытаньні, мы вельмі зацікаўлены, каб новыя візавыя тарыфы ў 60 эўра не былі прынятыя. Нашыя суседзі, Польшча, Латвія, згодныя з намі і супрацоўнічаюць разам зь літоўскімі міністрамі ў гэтым накірунку.

Але хацеў бы падкрэсьліць, што ня бачна ніякіх намаганьняў з боку беларускай улады і з боку прадстаўнікоў беларускай апазыцыі, дэмакратычных сілаў, якія маглі б уздымаць гэтае пытаньне на міжнародным узроўні, бо яны маюць такія каналы, такія магчымасьці, – калі ім рупяць праблемы звычайных людзей ў Беларусі. Намаганьняў адной Літвы недастаткова, павінна да супольнай працы далучыцца Беларусь таксама”.

В.Станкевіч адзначыў, што для зьменаў візавай палітыкі Эўразьвязу у дачыненьні да Беларусі неабходная актыўная пазыцыя прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў, апазыцыйных партыяў, і што на такіх форумах, як сёньняшні сэмінар ПА НАТО ў Вільні, яны маюць магчымасьць набліжаць вырашэньне такіх пытаньняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG