Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладыя людзі атрымліваюць менш карысьці ад бустэрных прышчэпак, чым пажылыя. Дасьледаваньне


На мінулым тыдні мэдычныя ўлады ЗША апублікавалі вынікі новага дасьледаваньня эфэктыўнасьці бустэрных прышчэпак для розных узроставых катэгорыяў насельніцтва і рызыкі шпіталізацыі і сьмерці ад COVID-19 сярод непрышчэпленых і прышчэпленых.

Пра гэта паведамляе The New York Times.

Спэцыялісты назвалі вынікі новага дасьледаваньня найбольш вычарпальнымі дадзенымі пра эфэктыўнасьць бустэраў у залежнасьці ад узросту.

Цэнтры кантролю і прафіляктыкі захворваньняў (CDC) рэкамэндуюць рабіць бустэрныя (трэція) прышчэпкі ад 12 гадоў і старэйшым. Сьцьвярджаецца, што сярод асоб, маладзейшых за 50 гадоў, вакцынацыя нават бяз трэцяй дозы моцна абараняе ад шпіталізацыі і сьмерці.

Лічбы пацьвярджаюць, што бустэрныя дозы найболей карысныя для пажылых людзей. Але новыя дадзеныя пра эфэктыўнасьць трэцяй дозы для маладых менш пераканаўчыя. Для маладых сама вакцынацыя — дзьве дозы вакцын Moderna або Pfizer-BioNTech або адна доза вакцыны Johnson-Johnson — зьніжае рызыку шпіталізацыі і сьмерці настолькі рэзка, што бустэрная прышчэпка, як выглядае, не прынясе асаблівай карысьці.

Атрыманыя амэрыканскімі мэдыкамі дадзеныя ахопліваюць пэрыяд да канца сьнежня, калі ўсплёск «Омікрону» толькі пачаўся. Паколькі гэты варыянт вельмі заразны, трэцяя доза, верагодна, дапамагае абмежаваць распаўсюджваньне «Омікрону», але гэта не адлюстравана ў новай публікацыі.
Тым ня менш, некалькі нядаўніх дасьледаваньняў паказалі, што вакцынацыя сама па сабе, бяз бустэраў, застаецца надзейнай абаронай ад цяжкіх захворваньняў і сьмерці для большасьці людзей, нават пасьля зьяўленьня «Омікрону».

Таксама сьцьвярджаецца, што трэція дозы вакцыны найбольш важныя для пажылых людзей, а таксама для тых, у каго ёсьць пэўныя імунныя захворваньні, або для тых, хто жыве ва ўстановах працяглага догляду. У маладых людзей бустэр мае сэнс толькі для тых, у каго ёсьць пэўныя мэдычныя рызыкі.

Паводле дадзеных CDC, непрышчэпленыя людзі ў кожнай узроставай групе маюць вышэйшую рызыку заражэньня, шпіталізацыі і сьмерці, чым тыя, хто быў прышчэплены, — гэта пастаянная тэндэнцыя з тых часоў, як вакцыны былі ўведзеныя ва ўжытак.

  • Паводле стану на 25 сьнежня ўзровень шпіталізацыі сярод непрышчэпленых дарослых у ЗША, старэйшых за 65 гадоў, складаў 246 на 100 000 чалавек. Гэты паказьнік зьнізіўся да 27,4 на 100 000 сярод людзей, якія былі вакцынаваныя без рэвакцынацыі, і да 4,9 сярод тых, хто быў вакцынаваны і атрымаў рэвакцынацыю.
  • На 100 000 непрышчэпленых дарослых ва ўзросьце 65 гадоў і старэйшых прыпадае прыкладна 44 выпадкі сьмерці. Прышчэпкі зьнізілі гэты паказьнік прыкладна да 3,6 сьмерці на 100 000 чалавек, што складае адну дванаццатую частку ад 44. Трэція прышчэпкі яшчэ больш зьнізілі гэты паказьнік — прыкладна да 0,5 сьмерці на 100 000 чалавек, што ў 90 разоў менш.
  • Сярод людзей ва ўзросьце ад 50 да 64 гадоў 73 непрышчэпленых дарослых на 100 000 былі шпіталізаваныя, у параўнаньні з 9 на 100 000 сярод тых, хто быў вакцынаваны, і ўсяго 2 на 100 000 сярод тых, хто таксама атрымаў рэвакцынацыю.
  • Бустэры менш паўплывалі на колькасьць сьмерцяў ад COVID-19 у гэтай узроставай групе. Прышчэпкі зьнізілі гэты паказьнік з 8,26 сьмерці на 100 000 чалавек да 0,4 сьмерці на 100 000. З бустэрамі гэты паказьнік упаў да 0,1 сьмерці на 100 000 чалавек.
  • Рызыка сьмерці ад COVID-19 сярод амэрыканцаў ва ўзросьце ад 18 да 49 гадоў была нізкая. Паказьнік складаў каля 0,9 на 100 000 чалавек сярод непрышчэпленых і рэзка падаў да 0,03 сьмерці сярод прышчэпленых. А пасьля трэцяй дозы вакцыны колькасьць сьмерцяў была занадта нізкая, каб яе можна было вымяраць.
  • Агенцтва не прадставіла колькасьць шпіталізацый для дарослых ва ўзросьце ад 18 да 49 гадоў, як лічыцца, таму, што гэтыя лічбы занадта малыя.
  • CDC таксама не апублікавалі зьвестак адносна дзяцей ад 12 гадоў і старэйшых, таму што бустэры дастаткова доўга не рэкамэндаваліся ў гэтай узроставай групе, каб атрымаць інфарматыўныя лічбы.

Выснова мэдыкаў адназначная. Бустэрныя дозы зьніжаюць рызыку заражэньня прышчэпленых людзей прыкладна напалову ва ўсіх узроставых групах. Разрыў паміж непрышчэпленымі і прышчэпленымі групамі яшчэ большы. Да таго ж апублікаваныя лічбы адлюстроўваюць толькі выпадкі з сымптомамі і могуць яшчэ больш адрозьнівацца для бессымптомных інфэкцый.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG