Пра гэта піша амэрыканская The New York Times.
Хоць сымптомы грыпу і COVID-19 могуць быць падобныя, ёсьць спосабы адрозьніць гэтыя хваробы. Вось яны:
Падумайце, чым цяпер хварэюць людзі ў вашым атачэньні
«Калі грып ахапіў ваш горад ці вёску, а колькасьць выпадкаў захворваньня на COVID-19 невялікая, то больш верагодна, што ў вас грып», — кажа доктар Пітэр Палезэ, мікрабіёляг і экспэрт па грыпе з Мэдычнай школы Ікана на гары Сінай у Нью-Ёрку.
З другога боку, калі на вашым працоўным месцы ці ў супольнасьці ёсьць выпадкі COVID-19, але грыпу няма, у вас больш шанцаў заразіцца каранавірусам.
Якія агульныя сымптомы грыпу і COVID-19?
Гарачка, дрыжыкі, кашаль, дыхавіца, стомленасьць, боль у горле, катар, ламота ў целе, галаўны боль, ваніты і дыярэя. Усе гэтыя сымптомы могуць узьнікаць пры абедзьвюх хваробах.
Якія сымптомы маюць месца толькі ў выпадку COVID-19?
COVID-19 можа выклікаць страту пачуцьця смаку і паху, а грып — не.
Акрамя таго, калі ў вас ёсьць пачырваненьне або пухіры на пальцах рук або ног, гэта можа быць яшчэ адной прыкметай таго, што ў вас COVID-19, а ня грып.
Ці адрозьніваюцца сымптомы ў дзяцей?
У дзяцей COVID-19 можа працякаць лягчэй, чым грып, і часта больш падобны да прастуды. Калі ў вашага дзіцяці катар ці кашаль, але ў астатнім ён пачуваецца звычайна, магчыма, у яго COVID-19, а ня грып.
Як вызначыць дыягназ напэўна?
Калі вы ці член вашай сям’і адчуваеце сымптомы якога-небудзь захворваньня, выклічце лекара дадому або паразмаўляйце зь ім праз тэлефон. Там, дзе гэта магчыма, правядзіце зь лекарам сэанс відэасувязі.
Лекар можа параіць наступныя крокі, у тым ліку тэставаньне — гэта найлепшы спосаб адрозьніць COVID-19 ад грыпу.
Што рабіць, калі ў вас грып?
Калі ў вас грып, піце шмат вады і іншых празрыстых вадкасьцяў, пры неабходнасьці прымайце безрэцэптурныя болесуцішальныя і пазьбягайце кантактаў зь іншымі людзьмі.
Калі магчыма, заставайцеся дома як мінімум 24 гадзіны пасьля таго, як у вас спадзе тэмпэратура.