Газэта The New York Times сабрала інфармацыю на гэты конт.
1. Ці можна адрозьніць сымптомы «Омікрону» ад сымптомаў «Дэльты»?
Некаторыя адрозьненьні ў сымптомах выяўлены на аснове папярэдніх дадзеных, але экспэрты ня ўпэўненыя, што яны значныя.
Напрыклад, апублікаваныя ў сьнежні зьвесткі найбуйнейшай прыватнай страхавой кампаніяй Паўднёвай Афрыкі паказваюць, што ў хворых на «Омікрон» часта ўзьнікае пяршэньне або боль у горле, а таксама закладзенасьць носа, сухі кашаль і болі ў цягліцах, асабліва ў паясьніцы.
Але гэта ўсё і сымптомы «Дэльты», і першага штаму каранавірусу, — кажа прафэсар Пэнсыльванскага ўнівэрсытэту Эшлі Рытэр. Яна лічыць, што паколькі «Омікрон» вядомы крыху больш за месяц, яшчэ занадта рана казаць пра пэўныя адрозьненьнях ў сымптомах паміж ім і ранейшымі вэрсіямі.
Цалкам верагодна, што сымптомы «Омікрону» будуць больш падобныя да сымптомаў «Дэльты», — мяркуе інфэкцыяніст Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Лос-Анджэлесе доктар Ота Янг. Ён кажа, што «калі і ёсьць адрозьненьні, то яны, верагодна, даволі нязначныя».
Адно з магчымых адрозьненьняў заключаецца ў тым, што «Омікрон» зь меншай верагоднасьцю, чым больш раньнія вэрсіі, выклікае страту пачуцьця смаку і паху.
Дасьледаваньні паказваюць, што 48% пацыентаў з зыходным штамам SARS-CoV-2 страчвалі пачуцьцё паху, а 41% — пачуцьцё смаку. А нядаўні аналіз невялікай успышкі «Омікрону» сярод прышчэпленых людзей у Нарвэгіі паказаў, што толькі 23% пацыентаў паведамілі пра страту смаку, і 12% пра страту паху. Аднак пакуль незразумела, ці зьвязаныя гэтыя адрозьненьні з «Омікронам», або яны выкліканыя іншымі фактарамі, напрыклад, статусам вакцынацыі.
2. Ці выклікае «Омікрон» больш страўнікава-кішачных праблем і стомленасьці ў параўнаньні зь іншымі варыянтамі?
The New York Times піша, што некаторыя з самых папулярных пошукавых запытаў наконт сымптомаў «Омікрону», згадваюць пра «млоснасьць», «дыярэю» і «стомленасьць», але, піша газэта, і гэтыя сымптомы ня новыя.
«Млоснасьць заўсёды была распаўсюджаным сымптомам COVID-19, у тым ліку пры варыянце «Омікрон», — кажа эпідэміёляг і дзіцячы інфэкцыяніст зь Нью-Ёркскага ўнівэрсытэту доктарка Джэніфэр Лайтэр. Цэнтры кантролю і прафіляктыкі хваробаў называюць млоснасьць і ваніты распаўсюджаным сымптомам каранавірусу.
«Людзі, што заразіліся „Омікронам“, часьцей паведамляюць пра млоснасьць, бо страта нюху менш распаўсюджаная пры новым варыянце», — паведамляе прафэсар малекулярнай мікрабіялёгіі і імуналёгіі ў Школе грамадзкай аховы здароўя Блумбэрга Джонса Гопкінса Эндру Пэкаш. І дадае, што хворыя надаюць увагу больш лёгкім сымптомам, такім як млоснасьць і галавакружэньне, бо не сканцэнтраваныя на раптоўнай страце нюху.
Паводле доктара Лайтэр, страўнікава-кішачныя сымптомы часьцей узьнікаюць у дзяцей, чым у дарослых, але могуць сустракацца і ў дарослых.
Паводле доктара Пэкаша, вірус можа інфікаваць некаторыя клеткі страўнікава-кішачнага тракту, што можа прывесьці да праблем са страўнікам і дыярэі.
Рэсьпіратарныя інфэкцыі ў цэлым могуць быць прычынай выдзяленьня большай колькасьці макроты пры кашлі; Праглынаньне гэтай макроты таксама можа выклікаць раздражненьне і нястраўнасьць.
Паводле доктара Лайтэр, стомленасьць зьяўляецца адным з найбольш распаўсюджаных сымптомаў COVID-19 як у хворых на «Омікрон», так і пры папярэдніх варыянтах вірусу.
Паводле словаў доктара Пэкаша, каб адрозьніць стомленасьць, зьвязаную з COVID-19, ад агульнай стомленасьці або зьнясіленьня, зьвярніце ўвагу на тое, ці не ўзьнікае яна больш раптоўна. «На працягу дня мы стамляемся, — кажа спэцыяліст, — але калі стома павялічваецца вельмі хутка, гэта прыкмета таго, што яе нельга проста патлумачыць фразай: «Я ня выпіў сёньня раніцай кавы».
3. Ці адрозьніваюцца сымптомы «Омікрону» ў прышчэпленых і непрышчэпленых?
Так, многія сымптомы COVID-19 адрозьніваюцца ў залежнасьці ад статусу вакцынацыі чалавека. Дацэнт Каледжу мэдычных сясьцёр Мэерса Нью-Ёркскага ўнівэрсытэту Мая Кларк-Кутая, якая назірала за пацыентамі з COVID-19 на працягу ўсёй пандэміі, кажа, што прышчэпленыя пацыенты з «Дэльтай» або зыходным штамам каранавірусу, як правіла, адчуваюць галаўны боль і закладзенасьць носа, ціск і боль у насавых пазухах, а ў непрышчэпленых пацыентаў большая верагоднасьць дыхавіцы і кашлю, а таксама сымптомаў грыпу.
Доктарка Кларк-Кутая таксама паведаміла, што пацыенты ў Пэнсыльваніі, зь якімі яна размаўляла, маюць сымптомы, падобныя да сымптомаў «Дэльты». Прышчэпленыя пацыенты з «Омікронам» скардзяцца на галаўныя болі, ламату ў целе і запаленьне, «як на сапраўдную прастуду».
У непрышчэпленых людзей з «Омікронам» назіраюцца такія ж сымптомы дыхавіцы, кашлю і грыпу, якія доктарка Кларк-Кутая назірала ў непрышчэпленых пацыентаў з «Дэльтай» і зыходным штамам.
4. Калі зьяўляюцца сымптомы «Омікрону»?
У «Омікрону» больш кароткі час інкубацыі, чым у іншых варыянтаў — пасьля заражэньня трэба ўсяго тры дні, каб у чалавека зьявіліся сымптомы, каб ён стаў заразны і каб ў яго быў станоўчы вынік тэсту.
У выпадку «Дэльты» і зыходнага штаму каранавірусу на гэта трэба ад чатырох да шасьці дзён.
Пра гэта паведаміў дырэктар па прафіляктыцы інфэкцый і барацьбе зь імі ў цэнтры Mount Sinai Downtown у Нью-Ёрку доктар Валід Джавід.
Спэцыяліст мяркуе, што гэта можа быць зьвязана з тым, што мутацыі «Омікрону» дапамагаюць яму больш хутка прымацоўвацца да клетак і пранікаць у іх.
5. Ці сапраўды «Омікрон» мякчэйшы за іншыя варыянты?
Некаторыя новыя дасьледаваньні паказваюць, што «Омікрон» можа прычыняць меншую шкоду лёгкім. Гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да менш сур’ёзных захворваньняў, чым было з папярэднімі вэрсіямі вірусу.
Раньнія дадзеныя з Эўропы таксама сьведчаць, што «Омікрон» выклікае лягчэйшыя сымптомы. У сьнежні тры асобныя дасьледчыя групы прыйшлі да высновы, што гэты варыянт зь меншай верагоднасьцю адправіць пацыентаў у лякарню.
Паводле дадзеных з Паўднёвай Афрыкі, рызыка шпіталізацыі дарослых з дыягназам «Омікрон» была на 29% ніжэйшай, чым у першую хвалю пандэміі, а шпіталізаваныя пацыенты з COVID-19 там радзей траплялі ў рэанімацыю.
Але назіраньні ў Паўднёвай Афрыцы могуць адрозьнівацца ад іншых краін і кантынэнтаў. Паводле словаў доктара Янга, большасьць паўднёваафрыканцаў ужо раней былі інфікаваныя COVID-19, і сярэдні ўзрост пацыентаў у Паўднёвай Афрыцы складае 27 гадоў. Абодва гэтыя паказьнікі могуць прывесьці да таго, што «Омікрон» будзе мець больш мяккія наступствы, чым, напрыклад, у ЗША, дзе сярэдні ўзрост пацыентаў складае 38 гадоў.
Але статыстыка таксама паказала, што, хоць у дзяцей, як правіла, назіраліся лёгкія сымптомы, верагоднасьць іх шпіталізацыі з «Омікронам» на 20% вышэйшая, чым падчас першай хвалі каранавірусу ў Паўднёвай Афрыцы.
«Ёсьць людзі, якія сур’ёзна захворваюць на „Омікрон“, — кажа доктар Джавід. — Раньнія лёгкія сымптомы могуць перарасьці ў сур’ёзныя, таму вельмі важна, каб людзі з прастуднымі ці грыпознымі сымптомамі абсьледаваліся і заставаліся дома. Гэта ўсё яшчэ каранавірус. Мы ўсё яшчэ ў пандэміі».