Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як доўга могуць захоўвацца адмоўныя наступствы каранавірусу


Цяпер праводзіцца шмат дасьледаваньняў для ацэнкі доўгатэрміновых наступстваў пандэміі. Таксама лекары шукаюць спосабы прадухіленьня і лячэньня ўстойлівых сымптомаў, піша амэрыканская The New York Times.

Газэта прыводзіць прыклад 55-гадовай выкладчыцы Джуды Лонд зь Нью-Ёрку, якая перанесла Covid-19 у сярэдзіне сакавіка. Ад пачатку траўня яна ходзіць на шпацыр у парках, выкладае дыстанцыйна, але ўсё яшчэ адчувае шмат нэгатыўных наступстваў хваробы.

Ёй па-ранейшаму цяжка ўздымацца на пагоркі, назіраецца арытмія сэрца з прычыны дадатковых скарачэньня аднаго з жалудачкаў, павышаны ціск, пераддыябэтны стан, павышаны ўзровень халестэрыну, боль у грудзёх, кашаль, сухасьць у роце — усяго гэтага да хваробы ў сакавіку не было.

Лонд кажа, што сымптомы дрэннага самаадчуваньня зьяўляюцца і зьнікаюць, пэрыяды чаргуюцца прыкладна кожныя пяць дзён.

Паводле часопісу Nature, цяпер расьце асьцярога, што пандэмія прывядзе да «значнага павелічэньня колькасьці людзей, якія будуць змагацца з хранічнымі захворваньнямі і інваліднасьцю».

Прайшло мала часу ад пачатку пандэміі

У верасьнёвым нумары часопісу The Lancet міжнародная група інфэкцыяністаў прызнала:

«Мы ня ведаем, што сказаць нашым пацыентам, калі яны пытаюцца пра ход і прагноз хваробы і самаадчуваньня».

Лекары дагэтуль ня ведаюць дакладна, ці выклікае Covid-19 дыябэт або іншыя парушэньні абмену рэчываў і ці застанецца ў пацыентаў паражэньне тканак лёгкіх? Таксама няясна, якія менавіта з доўгатэрміновых адмоўных сымптомаў зьвязаныя з хваробай, а якія са стрэсам і трывогай.

Наогул, лекары кажуць, што пра каранавірус усё яшчэ больш невядомага, чым вядомага.

Зь вядомага, напрыклад, такі факт: чалавеку не абавязкова мець цяжкую форму захворваньня, каб сымптомы захоўваліся месяцамі, а, можа, і гадамі.

Доўгатэрміновыя наступствы

Дыяпазон доўгатэрміновых адмоўных наступстваў шырокі. Да іх адносяцца незвычайная стомленасьць ад фізычнай або разумовай актыўнасьці, затуманенасьць мозгу, скачкі тэмпэратуры, высыпаньне на скуры, праблемы з памяцьцю, бессань. Лекары мяркуюць, што імунная рэакцыя на каранавірус разладжвае нэрвовую сыстэму.

Covid-19 можа пашкодзіць лёгкія, сэрца і мозг, павялічыўшы рызыку хранічных праблем са здароўем. Празь некалькі месяцаў пасьля выздараўленьня тэсты паказваюць на ўстойлівае пашкоджаньне сардэчнай цягліцы нават у людзей, у якіх былі толькі лёгкія сымптомы хваробы. Лічыцца, што гэта адбываецца праз дробныя тромбы, якія блякуюць капіляры ў сэрцы і назаўсёды пашкоджваюць сардэчную цягліцу.

Covid-19 таксама можа аслабіць крывяносныя судзіны і пашкодзіць ныркі і печань. Каранавірус здольны разбураць альвэолы (паветраныя мяшэчкі) у лёгкіх, што выклікае праблемы з дыханьнем, шнары і ператварэньне тканкі лёгкіх у злучальную.

У выпадку з атыповай пнэўманіяй SARS, якая таксама выклікалася каранавірусам іншага тыпу, 15-гадовае назіраньне за пацыентамі паказала, што большая частка выпадкаў выздараўленьня лёгкіх адбылася на працягу двух гадоў, але некаторыя лёгачныя эфэкты захоўваліся на нявызначаны тэрмін у больш чым траціны пацыентаў.

Зьвязаныя з мозгам адмоўныя эфэкты ад Covid-19 могуць ўключаць інсульты, сутаргі і часовы параліч, які называецца сындромам Гіена-Барэ.

Многія пацыенты з Covid-19 губляюць нюх і густ падчас вострай хваробы, але ў некаторых гэты нэўралягічны эфэкт захоўваецца на працягу месяцаў.

Таксама пакуль няясна, ці павышае каранавірус рызыку разьвіцьця ў будучыні нэўралягічных праблем, такіх як хвароба Паркінсана або хвароба Альцгаймера.

Дасьледаваньне 179 пацыентаў з Covid-19 у Італіі выявіла «пагаршэньне якасьці жыцьця» празь некалькі месяцаў у 44,1% зь іх, пры гэтым вялікая частка паведаміла аб пастаяннай стомленасьці, задышцы, болю ў суставах і ў грудзях.

Што дае лекарам надзею

Аднак, паводле вопыту амэрыканскай доктаркі ў галіне рэабілітацыі Даяны МакКарты, зь якой пагутарыла The New York Times, пацыенты, якія перанесьлі каранавірус, усё ж выздараўліваюць, хоць сымптомы, як правіла, узмацняюцца і слабеюць, а паляпшэньне «адбываецца вельмі павольна».

Доктарка МакКарты прапануе пацыентам выбіраць меншую нагрузку, рабіць нешта ў меншых дозах і не прымушаць сябе жыць так, як да Covid-19.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG