Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што трэба рабіць, каб не заразіцца новымі варыянтамі каранавірусу


Аказалася, захады даволі простыя.

Газэта The New York Times апытала экспэртаў аб тым, як сябе паводзіць ва ўмовах распаўсюджваньня новых, больш заразных варыянтаў каранавірусу.

Як абараніць сябе ад новых формаў каранавірусу

Новыя варыянты распаўсюджваюцца тымі ж шляхамі, што і першапачатковы каранавірус SARS-Cov-2.

Хутчэй за ўсё можна заразіцца, калі правесьці пэўны час у замкнёнай прасторы, дыхаючы тым жа паветрам, што і інфікаваны чалавек.

Тыя ж рэчы, якія абаранялі нас ад зыходнага штаму, павінны дапамагчы абараніць і ад новых варыянтаў, хоць, магчыма, трэба больш строга ставіцца да захадаў бясьпекі.

Трэба надзець двух- або трохслаёвую маску. Не праводзіць час у памяшканьні зь людзьмі, якія не належаць да вашай сям’і. Трэба пазьбягаць натоўпаў і трымацца на адлегласьці ад іншых людзей. Часта мыць рукі і не дакранацца да твару.

Лекары асабліва зьвяртаюць увагу на маскі. Яны павінны быць вельмі якасныя. Калі магчыма, замест маскі трэба насіць рэсьпіратар узроўню абароны N95, FFP2 або і яшчэ лепшы.

Ці ёсьць дадатковыя спосабы зьнізіць рызыку

Лекары кажуць, што найлепшы спосаб зьнізіць рызыку — вакцынацыя. Але да атрыманьня вакцыны варта зірнуць на свае паводзіны і паспрабаваць скараціць час і колькасьць кантактаў зь іншымі людзьмі.

Напрыклад, калі вы цяпер ходзіце ў краму два ці тры разы на тыдзень, зьменшыце гэтую колькасьць да аднаго разу на тыдзень.

Калі вы праводзіце ў прадуктовай краме ад 30 да 45 хвілін, скараціце гэты час да 15–20 хвілін. Калі ў краме шматлюдна, не заходзьце туды, лепш вярніцеся пазьней.

Калі вы чакаеце ў чарзе, трымайцеся на адлегласьці ня менш як два мэтры ад людзей наперадзе і ззаду.

Паспрабуйце купляць ежу праз інтэрнэт.

Калі вы праводзіце час у памяшканьні зь людзьмі, якія не належаць да вашай сям’і, падумайце аб тым, каб прапусьціць гэтыя мерапрыемствы, пакуль вы і вашы сябры ня зробіце прышчэпку.

Калі вам трэба праводзіць час зь іншымі людзьмі, надзеньце лепшую маску, пераканайцеся, што прастора добра вэнтылюецца, адчыніце вокны і дзьверы і зрабіце візыт як мага карацейшым.

Па-ранейшаму больш бясьпечна мець сацыяльныя кантакты на вуліцы.

Ці мае сэнс пры заражэньні цікавіцца, які ў вас канкрэтна штам

Не, сэнсу няма. Лячэньне COVID-19 аднолькавае, незалежна ад таго, ці зыходны ў вас штам, ці адзін з новых варыянтаў.

Ці маюць дзеці большую рызыку заразіцца новым варыянтам каранавірусу

Дзеці заражаюцца новымі варыянтамі прыкладна з той жа хуткасьцю, як і зыходным штамам. Буйное дасьледаваньне, праведзенае спэцыялістамі аховы здароўя Вялікай Брытаніі, нядаўна паказала, што малыя дзеці ў два разы радзей за дарослых перадаюць новыя варыянты іншым.

Хоць гэта і добрая навіна, але вельмі заразная прырода новых штамаў азначае, што ўсё ж больш дзяцей будуць заражаныя вірусам, нават калі яны ўсё яшчэ прапарцыйна менш заразныя і менш схільныя да заражэньня, чым дарослыя.

Калі чалавек ужо хварэў на COVID-19, ці мае ён імунітэт да новых штамаў

Большасьць экспэртаў сыходзяцца на думцы, што пасьля заражэньня чалавек набывае пэўны ўзровень натуральнага імунітэту, які дапамагае змагацца зь іншымі варыянтамі, хоць невядома, як доўга трымаецца абарона.

Варыянты, якія цыркулююць у Бразыліі і Паўднёвай Афрыцы, верагодна, маюць мутацыі, якія дазваляюць вірусу ўхіляцца ад натуральных антыцелаў і паўторна заражаць тых, хто ўжо хварэў.

Гэтыя засьцярогі грунтуюцца на лябараторных тэстах з выкарыстаньнем антыцелаў людзей, якія мелі пачатковы варыянт вірусу, таму невядома, ці прывядзе гэта да павелічэньня колькасьці паўторных інфэкцый у рэальным жыцьці.

Эфэкт вакцыны супраць гэтых варыянтаў таксама пакуль не да канца вядомы. Хоць усё гэта гучыць пэсымістычна, навукоўцы спадзяюцца, што нават калі вакцыны ня цалкам абараняюць ад новых варыянтаў, антыцелы, якія зьяўляюцца пасьля прышчэпкі, па-ранейшаму будуць абараняць людзей ад больш цяжкага цячэньня хваробы.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG