Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трывога ў ЗША: Прышчэпленыя людзі могуць распаўсюджваць каранавірус


Амэрыканскія цэнтры кантролю за прадуктамі харчаваньня і лекамі (CDC) занепакоеныя ўспышкай COVID-19 у Правінстаўне, штат Масачусэтс, падчас якой аказалася, што большасьць інфікаваных новым штамам Дэльта былі раней цалкам вакцынаваныя, піша The New York Times.

Адзін з унутраных дакумэнтаў CDC сьведчыць, што сытуацыя яшчэ горшая — штам Дэльта распаўсюджваецца так жа хутка, як ветраная воспа, вятранка.

Што нечаканага ў справаздачы CDC

Паказьнікам таго, што мы маем справу зь яшчэ адным нечаканым і непажаданым паваротам пандэміі, стала апублікаваная 30 ліпеня справаздача CDC, зь якой вынікае, што цалкам прышчэпленыя людзі з так званымі прарыўнымі інфэкцыямі варыянту Дэльта могуць перадаваць вірус іншым так жа лёгка, як і не прышчэпленыя.

Паводле амэрыканскіх мэдычных уладаў, вакцыны застаюцца вельмі эфэктыўнымі супраць цяжкіх захворваньняў і сьмяротных выпадкаў, а інфэкцыі ў прышчэпленых людзей былі параўнальна рэдкія.

Але новае адкрыцьцё зьявілася ўсьлед за шэрагам іншых нядаўніх адкрыцьцяў, якія тычацца варыянту Дэльта, і якія перавярнулі ўяўленьні навукоўцаў пра каранавірус.

У новай справаздачы, якая павінна патлумачыць раптоўны перагляд агенцтвам сваіх рэкамэндацый адносна нашэньня масак для вакцынаваных амэрыканцаў, CDC апісала ўспышку ў Правінстаўне (штат Масачусэтс) у ліпені 2021 году, якая хутка вырасла да 470 выпадкаў па стане на 29 ліпеня.

Тры чвэрці інфікаваных у Масачусэтсе былі цалкам прышчэпленыя, але варыянт Дэльта быў знойдзены ў большасьці узораў, якія былі генэтычна прааналізаваныя. Агенцтва паведаміла, што прышчэпленыя і не прышчэпленыя людзі, што заразіліся, мелі высокія ўзроўні вірусу.

«Высокая вірусная нагрузка цягне за сабой павышаную рызыку перадачы і небясьпеку таго, што, у адрозьненьне ад іншых варыянтаў, заражаныя штамам Дэльта прышчэпленыя людзі могуць перадаваць вірус», — заявіла ў пятніцу дырэктарка CDC Рашэль Валэнскі.

Дадзеныя аб віруснай нагрузцы паказваюць, што нават цалкам прышчэпленыя людзі могуць распаўсюджваць вірус гэтак жа лёгка, як і не прышчэпленыя.

«Мы мяркуем, што на індывідуальным узроўні яны могуць гэта зрабіць, таму мы абнавілі нашу рэкамэндацыю», — сказала доктарка Валэнскі ў электронным лісьце ў газэту The New York Times, маючы на ўвазе нашэньне масак.

Варыянт Дэльта заразны як ветраная воспа

Унутраны дакумэнт CDC, атрыманы The Times, выклікаў яшчэ большую трывогу сярод навукоўцаў і паставіў цяжкія пытаньні пра вірус і шляхі яго распаўсюджваньня.

У дакумэнце адзначаецца, што варыянт Дэльта прыкладна так жа заразны, як ветраная воспа, таму можа зноў спатрэбіцца ўсеагульнае нашэньне масак. Тым ня менш, паводле дадзеных CDC, прарыўныя інфэкцыі (г. зн. заражэньне цалкам прышчэпленых людзей) агулам здараюцца ня часта.

У пятніцу Фонд сям’і Кайзэра паведаміў, што ўзровень новых выпадкаў захворваньня складае менш за 1 працэнт сярод цалкам прышчэпленых людзей у штатах, дзе фіксуюцца такія дадзеныя.

Урадавыя чыноўнікі і навукоўцы сур’ёзна занепакоеныя тым, што атрыманыя вынікі могуць пахіснуць веру ў вакцыны і ўскладніць нацыянальную кампанію імунізацыі, калі амэрыканцы памылкова прыйдуць да высновы пра неэфэктыўнасьць прышчэпак.

Занепакоены адставаньнем кампаніі вакцынацыі, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн загадаў вакцынаваць ўсіх фэдэральных службоўцаў або праводзіць штотыднёвыя праверкі на COVID-19.

Дасьледаваньні варыянту Дэльта занепакоілі навукоўцаў па ўсім сьвеце, бо зьявілася шмат новых пытаньняў, якія раней не разглядаліся. Напрыклад, не да канца зразумела, што менавіта павялічвае верагоднасьць прарыўнай інфэкцыі, а таксама хто падвяргаецца найбольшай рызыцы. Таксама дакладна невядома, ці выклікае варыянт Дэльта больш цяжкае захворваньне ў не прышчэпленых людзей, хоць раньнія дадзеныя сьведчылі, што гэта так.

Прышчэпленыя цяпер — таксама рызыка перадачы вірусу, але вакцыны працуюць

Нават калі прарыўныя інфэкцыі рэдкія, новыя дадзеныя паказваюць, што прышчэпленыя могуць спрыяць павелічэньню колькасьці новых інфэкцый — хоць, верагодна, у значна меншай ступені, чым не прышчэпленыя.

Прарыўных інфэкцый лекары чакаюць заўсёды, але да зьяўленьня варыянту Дэльта прышчэпленыя амэрыканцы не лічыліся крыніцай распаўсюджваньня вірусу сярод насельніцтва.

«Дэльта вучыць нас чакаць нечаканага, — кажа вірусоляг з Weill Cornell Medicine ў Нью-Ёрку Джон Мур, — Ёсьць аспэкты, пра якія мы цяпер ведаем, і якіх раней не чакалі».

Адкрыцьцё выклікае трывогу, піша The New York Times, але вакцыны застаюцца адзіным надзейным шчытом ад вірусу, у якой бы форме ён ні трапіў у чалавека. Вакцыны ў значнай ступені прадухіляюць заражэньне, нават варыянтам Дэльта, і значна зьніжаюць верагоднасьць цяжкага захворваньня або сьмерці ў выпадку заражэньня.

Паводле дадзеных CDC, па ўсіх ЗША каля 97 адсоткаў людзей, шпіталізаваных з COVID-19, не былі прышчэпленыя. А не прышчэпленыя значна часьцей перадаюць вірус іншым людзям у сваіх супольнасьцях.

«Поўная вакцынацыя вельмі абараняе, у тым ліку і супраць Дэльты», — сказала The New York Times Анджэла Расмусэн, навуковая супрацоўніца Арганізацыі вакцынаў і інфэкцыйных хваробаў Унівэрсытэту Саскачэван ў Канадзе.

«Маскі — гэта разумная мера засьцярогі, але асноўная частка перадачы адбываецца сярод не прышчэпленых людзей, і яны ўсё яшчэ падвяргаюцца найбольшай рызыцы», — дадала яна.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG