Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекары думалі, што COVID-19 даволі бясшкодны для маладых людзей. Яны памыляліся


Новае дасьледаваньне паказала, што ліпень, магчыма, стаў самым сьмяротным месяцам для моладзі ў сучаснай гісторыі ЗША.

Пра гэта ў The New York Times пішуць тры вядомыя амэрыканскія лекары і навукоўцы — Рашэль Валэнскі, Гарлан Крумгольц і Джэрэмі Фаўст.

Найбольшы цяжар COVID-19 лёг на людзей, старэйшых за 65 гадоў; на іх прыпадае каля 80 адсоткаў сьмерцяў у Злучаных Штатах. Але і маладыя людзі, пішуць лекары, паміраюць гістарычнымі тэмпамі.

У дасьледаваньні, апублікаваным у сераду ў Journal of the American Medical Association, аўтарамі якога зьяўляюцца згаданыя тры лекары, было выяўлена, што сярод дарослага насельніцтва ЗША ва ўзросьце ад 25 да 44 гадоў з сакавіка па канец ліпеня было амаль на 12 000 сьмерцяў больш, чым чакалася, зыходзячы з гістарычных нормаў.

Насамрэч ліпень аказаўся самым сьмяротным месяцам сярод гэтай узроставай групы ў сучаснай гісторыі Амэрыкі. За апошнія 20 гадоў кожны ліпень паміралі ў сярэднім 11 000 маладых амэрыканцаў. Сёлета колькасьць такіх сьмерцяў перавысіла 16 000.

Падобныя тэндэнцыі працягваліся і гэтай восеньню. Зыходзячы з папярэдніх лічбаў, у 2020 годзе прагназавалася, што з гэтай дэмаграфічнай групы памруць каля 154 000 чалавек. Але ЗША перавысілі гэтую колькасьць ужо ў сярэдзіне лістапада. Нават калі паказьнікі сьмяротнасьці раптам вернуцца да нормы ў сьнежні — а вядома, што гэтага не адбудзецца, пішуць аўтары — да канца 2020 году чакаецца больш за 170 тысяч сьмерцяў сярод дарослага насельніцтва ЗША з гэтай дэмаграфічнай групы.

Яшчэ адна праблема, пішуць лекары, — гэта тое, што чарнаскурыя людзі і лацінаамэрыканцы складаюць непрапарцыйна вялікую частку сярод ахвяраў COVID-19. Паводле дадзеных Цэнтраў кантролю і прафіляктыкі хваробаў, сярод дарослых ад 25 да 44 гадоў чарнаскурыя і лацінаамэрыканцы складаюць большасьць тых, хто памёр ад COVID-19 да 30 верасьня.

Паводле дадзеных Нацыянальнага цэнтру статыстыкі аховы здароўя на ўсе сьмерці дарослых ва ўзросьце ад 25 да 44 гадоў прыпадае менш за 3 працэнтаў сьмерцяў ад COVID-19 у Злучаных Штатах. Але тое, што мы раней лічылі COVID-19 параўнальна бясшкодным для маладых людзей, пішуць аўтары, цяпер не пацьвярджаецца новымі дадзенымі.

На думку лекараў, трэба неадкладна зьмяніць інфармацыйную палітыку і рэкамэндацыі. Патрэбна тлумачальная праца ў найбліжэйшыя тыдні і месяцы. Трэба казаць маладым людзям, што яны моцна рызыкуюць, што ім трэба насіць маскі і рабіць больш для сацыяльнага дыстанцыяваньня.

На думку аўтараў артыкулу, гэта яшчэ больш важна цяпер, калі бясьпечныя і эфэктыўныя вакцыны сталі рэальнасьцю. Маладыя, здаровыя людзі не ўваходзяць у сьпіс прыярытэтнай катэгорыі насельніцтва для кампаніі вакцынацыі. Гэта азначае, што зьмена паводзін можа выратаваць тысячы маладых жыцьцяў налета.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG