Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Факты на стол. Пяць фэйкаў пра каранавірус і вакцынацыю


Нягледзячы на вялікі аб’ём навуковай і мэдычнай інфармацыі з усяго сьвету пра тое, што прышчэпкі супраць каранавірусу ратуюць мільёны жыцьцяў, у Беларусі шырока распаўсюджаныя ковіддысыдэнцкія настроі, шмат хто па-ранейшаму ня хоча рабіць сабе прышчэпку.

Свабода сабрала некалькі фактаў і лічбаў, якія абвяргаюць страхі і сумневы скептыкаў.

Фэйк №1. Вакцыны выклікаюць цяжкія ўскладненьні

У 2021 годзе, калі ў сьвеце пачалася актыўная вакцынацыя супраць каранавірусу, пэрыядычна зьяўляюцца паведамленьні пра ўскладненьні, якія выклікае тая цііншая вакцына.

Напрыклад, на пачатку вясны шэраг краін Эўропы, Азіі і Афрыкі прыпынілі выкарыстаньне вакцыны AstraZeneca, пасьля таго як у некалькіх жыхароў Даніі і Нарвэгіі ўтварыліся тромбы пасьля прышчэпкі.

У адказ на прыпыненьне выкарыстаньня вакцыны AstraZeneca заявіла, што ўважліва вывучыла дадзеныя аб 17 млн чалавек, прышчэпленых па ўсёй Эўропе, і выявіла, што тромбы разьвіліся ў 37 асобаў. У Вялікай Брытаніі было ўведзена 11 мільёнаў доз вакцыны AstraZeneca — больш, чым у любой іншай краіне, — і тромбы ўтварыліся крыху больш як у 10 пацыентаў. Некалькі пацыентаў у краінах Эўропы памерлі, пераважна гэта былі жанчыны ва ўзросьце ад 47 да 58 гадоў.

Як відаць з гэтых лічбаў, колькасьць ускладненьняў у параўнаньні з колькасьцю прышчэпленых асобаў зьнікомая, да таго ж пры належным мэдычным доглядзе яны не вядуць да летальных вынікаў. Таму вельмі хутка вакцынацыю прэпаратам AstraZeneca па ўсім сьвеце аднавілі, ім нават дэманстратыўна прышчапілася канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель.

У апошнія месяцы зьявіліся паведамленьні, што так званыя mRNK-вакцыны ад фірмаў Pfizer-BioNtech або Moderna выклікаюць у маладых пацыентаў запаленьне сардэчнай мышцы — так званы міякардыт.

Дасьледаваньне, праведзенае ў Ізраілі, паказала, што амаль у 11 з кожных 100 тысяч мужчын ва ўзросьце ад 16 да 29 гадоў празь некалькі дзён пасьля поўнай вакцынацыі разьвіўся міякардыт — запаленьне сардэчнай мышцы.

У іншым дасьледаваньні былі вывучаныя дадзеныя 2,5 мільёна грамадзян Ізраілю ва ўзросьце 16 гадоў і старэйшых. Было выяўлена 54 выпадкі міякардыту, але 41 зь іх лекары палічылі лёгкімі. Каля 70 адсоткаў выпадкаў міякардыту назіраліся пасьля другой дозы.

З усіх гэтых выпадкаў толькі адзін пацыент трапіў у цяжкім стане ў лякарню, ніхто не памёр. Была зробленая выснова, што найбольшая рызыка прыпадае на хлопчыкаў ва ўзросьце 12–17 гадоў. Але амэрыканскія мэдычныя ўлады лічаць, што на кожны мільён вакцынаваных хлопчыкаў у гэтым узросьце прышчэпкі могуць выклікаць максымум 70 выпадкаў міякардыту, але могуць прадухіліць 5700 інфэкцый, 215 шпіталізацый і дзьве сьмерці.

Так што і тут навукоўцы па ўсім сьвеце не знайшлі падстаў спыняць вакцынацыю. Толькі некалькі скандынаўскіх краін вырашылі не прышчапляць вакцынай Moderna мужчын ва ўзросьце да 30 гадоў.

Фэйк №2. Вакцыны не абараняюць

Выпадкі, калі цалкам прышчэпленыя людзі заражаюцца каранавірусам, мэдыкі называюць прарыўнымі інфэкцыямі.

На пачатку вакцынацыі такіх выпадкаў было няшмат. Вясной сёлета адно дасьледаваньне ў ЗША паказала, што ўсяго чатыры з 8121 цалкам прышчэпленых супрацоўнікаў ва Ўнівэрсытэце Даласу заразіліся. Іншае дасьледаваньне выявіла, што толькі сямёра з 14 990 мэдыкаў у Лос-Анджэлесе далі станоўчы вынік тэсту на каранавірус пасьля атрыманьня другой дозы вакцын Pfizer-Biontech або Moderna.

Але летам 2021 году, калі па сьвеце шырока распаўсюдзіўся высокапатагенны індыйскі штам каранавірусу Delta, прарыўных інфэкцый стала больш.

Тым ня менш разьлікі брытанскіх навукоўцаў паказалі, што нават адна іньекцыя вакцыны ад Pfizer зьмяншае імавернасьць шпіталізацыі зь цяжкай формай COVID-19 на 94%, а першая прышчэпка оксфардзкай вакцынай ад AstraZeneca — на 71%. Пасьля другой іньекцыі эфэктыўнасьць гэтых прэпаратаў склала 96% і 92% адпаведна.

Сёньня ў ЗША і Эўропе дамінуе вірус Delta, які лічыцца настолькі ж заразным, як і ветраная воспа. Таму павялічылася і колькасьць выпадкаў заражэньня цалкам прышчэпленых людзей. Тым ня менш, паводле амэрыканскіх мэдычных уладаў, вакцыны застаюцца вельмі эфэктыўнымі супраць цяжкіх захворваньняў і сьмяротных выпадкаў, а інфэкцыі ў прышчэпленых людзей былі параўнальна рэдкія.

Паводле дадзеных Амэрыканскіх цэнтраў кантролю за прадуктамі харчаваньня і лекамі (CDC), па ўсіх ЗША каля 97 адсоткаў людзей, шпіталізаваных з COVID-19, не былі прышчэпленыя.

«Поўная вакцынацыя вельмі абараняе, у тым ліку і супраць Дэльты», — сказала The New York Times Анджэла Расмусэн, навуковая супрацоўніца Арганізацыі вакцынаў і інфэкцыйных хваробаў Унівэрсытэту Саскачэван у Канадзе.

Эфэктыўнасьць вакцынацыі добра ілюструецца прыкладам Чэскай Рэспублікі. Паводле стану на 14 кастрычніка ў краіне цалкам вакцынаваныя больш за 6 млн чалавек з 11-мільённага насельніцтва краіны — гэта 56%. Але гаворка ідзе толькі пра дарослых людзей, і гэтая лічба ня ўлічвае тых, хто за апошнія паўгода перахварэў і мае натуральны імунітэт. Таму колькасьць агулам імунізаваных ацэньваецца больш як у 70%. Цяпер у краіне, дзе мінулай зімой за адзін дзень выяўлялі па 18 000 новых хворых і памірала больш за 200 чалавек, паводле стану на 14 кастрычніка новых пацыентаў выяўлена 1497, у цяжкім стане 80, за апошнія суткі памерлі трое. Лекары сьцьвярджаюць, што сярод цяжка хворых пацыентаў колькасьць прышчэпленых складае ад 1 да 3%.

Фэйк №3. Вакцыны шкодныя для цяжарных

Гэта няпраўда. Паводле апошніх дасьледаваньняў, прышчэпкі ад каранавірусу могуць быць карысныя для немаўлят і, падобна, ня шкодзяць пляцэнце, паведамляе The New York Times.

Паводле дасьледаваньня, апублікаванага ў Journal of the American Medical Association (JAMA), вакцыны Pfizer-BioNTech і Moderna выклікаюць устойлівы імунны адказ у цяжарных і кормячых жанчын. Вынікі паказваюць, што вакцынаваныя жанчыны могуць перадаваць ахоўныя антыцелы эмбрыёну праз крывацёк і немаўлятам праз грудное малако.

У другім дасьледаваньні, апублікаваным у часопісе Obstetrics & Gynecology (Акушэрства і гінэкалёгія), дасьледчыкі ня выявілі доказаў таго, што вакцыны Pfizer або Moderna шкодзяць пляцэнце падчас цяжарнасьці.

Дасьледнікі таксама выявілі нэўтралізуючыя антыцелы ў грудным малацэ вакцынаваных маці і ў пупавіннай крыві, узятай у немаўлят пры родах. Таму аўтары дасьледаваньня зрабілі выснову, што вакцынацыя цяжарных і кормячых жанчын прыводзіць да перадачы імунітэту іх эмбрыёнам і нованароджаным дзецям.

Фэйк №4. Маскі ня дзейнічаюць

Гэта няпраўда. За амаль два гады пандэміі навукоўцы даведаліся шмат новага пра шляхі распаўсюджваньня каранавірусу.

У першыя месяцы пандэміі лічылася, што адзін з асноўных шляхоў распаўсюджваньня каранавірусу — кантактны, праз дотык да кантамінаваных паверхняў, таму лекары шырока раілі выкарыстоўваць антысэптыкі і часта мыць рукі.

Рукі варта мыць і цяпер. Але па меры назапашваньня экспэрымэнтальных дадзеных стала зразумела, што працэнт тых, хто заразіўся праз дотык да кантамінаваных паверхняў, складае каля 1%. Цяпер лекары ведаюць, што асноўны шлях перадачы каранавірусу — аэразольны, праз удыханьне мікрааэразоляў, выдыхнутых ці выкашляных хворым пацыентам. Таму зразумела, што асноўны шлях зьмяншэньня рызыкі заражэньняў — нашэньне масак і захаваньне сацыяльнай дыстанцыі.

Трэба таксама вельмі часта праветрываць памяшканьні, дзе знаходзіцца шмат людзей або ёсьць хворыя.

Удыхаць аэразолі настолькі небясьпечна, што ў шэрагу краін, напрыклад у Чэхіі, улады загадалі ўсім грамадзянам насіць у грамадзкіх месцах ня простыя хірургічныя маскі, а рэсьпіратары ўзроўню абароны FFP2 або N95. І гэтае патрабаваньне захоўваецца да цяперашняга часу.

Фэйк №5. Расейская вакцына «Спутник V» дрэнная. Прышчэпленыя ім беларусы ўсё роўна паміраюць

Статыстыка сьведчыць пра адваротнае. У ліпені сёлета аўтарытэтны навуковы часопіс Nature апублікаваў артыкул, у якім сьцьвярджаецца, што дадзеныя з Расеі і многіх іншых краін сьведчаць пра бясьпеку і эфэктыўнасьць вакцыны «Спутник V».

У Nature прыводзяцца дадзеныя некалькіх дасьледаваньняў. Напрыклад, у ААЭ дасьледавалі эфэктыўнасьць прымяненьня дзьвюх дозаў «Спутник V» на 81 тысячы чалавек. Эфэктыўнасьць вакцыны склала 97,8% у прадухіленьні сымптаматычнага COVID-19 і 100% у прадухіленьні цяжкіх захворваньняў.

Цяпер расейскую вакцыну «Спутник V», якая стала першым у сьвеце зарэгістраваным прэпаратам для прафіляктыкі COVID-19, выкарыстоўваюць больш як у 70 краінах сьвету, насельніцтва якіх складае каля 4 млрд чалавек. Аднак яна дагэтуль не атрымала ўхваленьня Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя. Чакаецца, што гэта адбудзецца да канца 2021 году.

Пра эфэктыўнасьць вакцынацыі сьведчаць і беларускія мэдыкі. Паводле дакумэнту Менскага гарадзкога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі, які трапіў у распараджэньне журналістаў Zerkalo.io, за 7 кастрычніка сёлета ў Менску было выяўлена 3086 хворых на каранавірус. Зь іх 2906 не былі прышчэпленыя (94% ад агульнай колькасьці), 40 — прышчэпленыя (прыкладна 1,5%). Яшчэ 35 пакуль не дасягнулі ўзросту вакцынацыі, 7 ня скончылі курс вакцынацыі, адзін адмовіўся ад прышчэпкі, у аднаго ёсьць супрацьпаказаньні. Для 86 чалавек не было пададзена зьвестак пра вакцынацыю.

Вядомы беларускі лекар, былы галоўны інфэкцыяніст Менску, кандыдат мэдычных навук, дацэнт Мікіта Салавей, які цяпер працуе ў менскім інфэкцыйным шпіталі, у інтэрвію выданьню «Наша Ніва» 25 верасьня заявіў:

«Ну няма нармальна вакцынаваных імунакампэтэнтных пацыентаў з COVID-19 у рэанімацыйных аддзяленьнях, няма! І проста ў стацыянар іх трапляюць адзінкі (за 2 месяцы працы ў ГКІБ мне такіх трапілася двое, захворваньне скончылася ў іх без наступстваў)».

Словы Мікіты Салаўя пацьвярджае і іншая вядомая лекарка, якая нядаўна працавала ў менскім 10-м клінічным шпіталі — Дар’я Чэхава, якая вельмі добра ад калегаў абазнаная ў цяперашнім становішчы ў шпіталі:

«Сьцісла пра сытуацыю з каранавірусам: у шпіталі, дзе я працавала, адкрылі яшчэ адно аддзяленьне рэанімацыі. Мае калегі цяпер працуюць у нейкім бясконцым ковідным пекле... Але ці робяць нешта самі пацыенты, каб засьцерагчы сябе? На жаль, не. 99% рэанімацыйных пацыентаў не былі вакцынаваныя. Добраахвотна насіць маскі ў грамадзкіх месцах таксама ніхто ня хоча. І ўсім здаецца — „мяне гэта не закране“, але потым усё ж закранае».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG