Новае дасьледаваньне паветраных патокаў у салёне машыны дае ўяўленьне, наколькі пасажыры і кіроўцы рызыкуюць заразіцца каранавірусам, калі адзін зь іх хворы. Пра гэта піша амэрыканская The New York Times.
За апошні год, пакуль лекары змагаюцца з пандэміяй COVID-19, дасьледчыкі засяродзілі сваю ўвагу на розных патэнцыйна небясьпечных месцах, дзе людзі зьбіраюцца вялікімі групамі і лёгка можна перадаць вірус.
Пра аўтамабілі забыліся
Навукоўцы вывучалі паверхні на круізных лайнэрах, адсочвалі колькасьць выпадкаў захворваньня ў спартовых залях, адбіралі ўзоры з вэнтыляцыйных шахтаў у шпіталях, наносілі на карту месцы для сядзеньня ў рэстаранах і мадэлявалі працэдуры пасадкі пасажыраў у самалёты. Але дасюль недастаткова зважалі на такую паўсядзённую рэч, як аўтамабіль.
Тым часам тыповы аўтамабіль — месца дастаткова рызыкоўнае ў пляне заражэньня: гэта невялікая закрытая прастора, у якой сацыяльнае дыстанцыяваньне немагчымае.
«Нават калі вы носіце маску на твары, вы ўсё роўна атрымліваеце мікраскапічныя аэразолі, якія вылучаюцца кожны раз, калі нехта побач з вамі дыхае», — кажа Варгезэ Матгаі, фізык з Масачусэцкага ўнівэрсытэту.
Кампутарны экспэрымэнт
У новым дасьледаваньні доктар Матгаі і тры ягоныя калегі — Асыманшу Дас, Джэфры Бэйлі і Кэнэт Броэр — з дапамогай кампутарнага мадэляваньня склалі мапу шляхоў, якімі заражаныя часьцінкі могуць праходзіць праз салён аўтамабіля. Вынікі іх дасьледаваньня, апублікаваныя на пачатку студзеня ў часопісе Science Advances, сьведчаць, што адчыненыя вокны ствараюць патокі паветра, якія могуць паспрыяць абароне пасажыраў і кіроўцы ад інфэкцыі.
Дасьледчыкі мадэлявалі ўнутраны паветраны паток аэразоляў у машыне тыпу Toyota Prius на хуткасьці каля 80 км на гадзіну і пры ўмовах, калі вокны былі адчыненыя або зачыненыя ў розных камбінацыях. Кандыцыянэр быў уключаны ва ўсіх выпадках.
Ня дзіва, што хуткасьць вэнтыляцыі была самая нізкая, калі ўсе чатыры шыбы былі зачыненыя. У гэтым сцэнары ад 8 да 10 працэнтаў аэразоляў, якія выдыхаліся адным з пасажыраў, дасягалі іншага чалавека.
Зь іншага боку, калі ўсе вокны былі цалкам адчыненыя, інтэнсіўнасьць вэнтыляцыі рэзка ўзрастала, і прыток сьвежага паветра выцягваў большасьць шкодных часьцінак з аўтамабіля. У выніку толькі 0,2-2% змадэляваных аэразоляў перамяшчаліся паміж кіроўцам і пасажырам.
Проста і важна — чыстае паветра
Гэтыя вынікі адпавядаюць рэкамэндацыям органаў аховы здароўя па ўсім сьвеце — адчыняць вокны, каб зьменшыць распаўсюджваньне новага каранавірусу ў закрытых памяшканьнях.
«Праветрываньне, па сутнасьці, гэта прыцягваньне вонкавага паветра ўнутр памяшканьня, і мы ведаем, што рызыка на адкрытым паветры вельмі нізкая», — сказаў Джозэф Алэн, экспэрт у галіне вэнтыляцыі з Гарвардзкага ўнівэрсытэту. У сваім леташнім артыкуле ён падкрэсьліў небясьпеку, якую аўтамабілі могуць несьці ў пляне перадачы каранавірусу, і зьвярнуў увагу на патэнцыйныя перавагі адчыненых вокнаў.
Паколькі на практыцы не заўсёды ўсе вокны адчыняюцца наросьцеж, асабліва сярод зімы, доктар Матгаі і яго калегі змадэлявалі некалькі іншых варыянтаў. Яны выявілі, што самае распаўсюджанае рашэньне — калі кіроўца і пасажыр апускаюць свае вокны — значна лепшае за варыянт, калі ўсе вокны зачыненыя.
Яшчэ лепш, калі адчыняюцца ўсе вокны насупраць кожнага пасажыра, а вакно кіроўцы застаецца зачыненым. Такая канфігурацыя дазваляе сьвежаму паветру паступаць праз задняе левае акно і выходзіць празь пярэдняе правае і дапамагае такім чынам стварыць бар’ер паміж кіроўцам і пасажырам.
«Гэта падобна да паветранай заслоны, — кажа доктар Матгаі. — Яна выдаляе ўсё паветра, выпушчанае пасажырам, і стварае зону моцнага ветру паміж кіроўцам і пасажырам».
Аўтамабіль — адно з самых небясьпечных месцаў
Рычард Корса, экспэрт у галіне якасьці паветра ў Дзяржаўным унівэрсытэце Портлэнду, высока ацаніў новае дасьледаваньне.
«Дасьледаваньне, якое яны зрабілі, дасканалае», — сказаў ён і папярэдзіў, што зьмена колькасьці пасажыраў у машыне або хуткасьці руху можа паўплываць на вынікі.
Доктар Корса, які летась быў суаўтарам згаданага артыкула доктара Алэна, распрацаваў сваю ўласную мадэль удыханьня аэразоляў у розных сытуацыях. Яго вынікі, якія яшчэ не былі апублікаваныя, кажуць, што 20-хвілінная паездка на машыне з кімсьці, хто выпускае заразныя часьцінкі каранавірусу, можа быць нашмат больш рызыкоўная, чым сумеснае выкарыстаньне кляснага пакоя або рэстарана з гэтым жа чалавекам на працягу гадзіны ці нават большага часу.
У наступным дасьледаваньні, вынікі якога яшчэ не былі апублікаваныя, доктар Матгаі выявіў, што адчыняць вокны машыны напалову прыкладна настолькі ж карысна, як і адчыняць іх цалкам, у той час як адчыняць вокны ўсяго на чвэрць было менш эфэктыўна.