Згодна з новым дасьледаваньнем, у шпіталізаваных пацыентаў назіраліся прыкметы пагаршэньня нэўралягічнай функцыі — ад дэзарыентацыі да каматознай неўспрымальнасьці, піша The New York Times.
Амаль траціна шпіталізаваных пацыентаў з COVID-19 зазнавала якія-небудзь зьмены псыхічнай функцыі — такі вынік найбольшага на сёньня дасьледаваньня нэўралягічных сымптомаў у пацыентаў з каранавірусам у сыстэме амэрыканскіх шпіталяў.
Паводле дасьледаваньня, апублікаванага днямі ў Annals of Clinical and Translational Neurology, пацыенты са зьмененай псыхічнай функцыяй мелі значна горшыя мэдычныя вынікі. У ходзе дасьледаваньня вывучылі запісы першых 509 пацыентаў з каранавірусам, шпіталізаваных з 5 сакавіка па 6 красавіка ў дзесяці шпіталях сыстэмы аховы здароўя Northwestern Medicine ў раёне Чыкага.
Гэтыя пацыенты заставаліся ў шпіталі ўтрая даўжэй, чым пацыенты без псыхічных разладаў.
Пасьля выпіскі толькі 32% пацыентаў з парушанай псыхічнай функцыяй змаглі даць рады рутыннай паўсядзённай дзейнасьці, такой як гатаваньне ежы і аплата рахункаў, сказаў доктар Ігар Коральнік, старшы аўтар дасьледаваньня і кіраўнік аддзелу нэўраінфэкцыйных хваробаў і глябальнай нэўралёгіі ў Northwestern Medicine. Наадварот, 89% пацыентаў без парушэньня псыхічнай функцыі змаглі справіцца з такой дзейнасьцю без староньняй дапамогі.
Паводле гэтага дасьледаваньня, пацыенты са зьмененай псыхічнай функцыяй — мэдычны тэрмін «энцэфаляпатыя» — амаль у сем разоў часьцей паміраюць, чым тыя, у каго не было такіх праблемаў.
«Энцэфаляпатыя» можа ўключаць праблемы з увагай і канцэнтрацыяй, страту кароткачасовай памяці, дэзарыентацыі, ступар і «глыбокую неўспрымальнасьць» або падобны да комы ўзровень сьвядомасьці.
«Энцэфаляпатыя была зьвязаная з найгоршымі клінічнымі зыходамі ў здольнасьці займацца сваімі справамі пасьля выпіскі, і мы таксама бачым, што яна зьвязана з больш высокай сьмяротнасьцю, незалежна ад цяжару рэсьпіраторнага захворваньня», — сказаў доктар Коральнік.
Дасьледнікі ня вызначылі прычыну энцэфаляпатыі, якая ўзьнікае пры іншых захворваньнях, асабліва ў пажылых, і можа быць выклікана рознымі фактарамі, уключаючы запаленьне і ўплыў на кровазварот.
Пакуль мала доказаў таго, што вірус наўпрост атакуе клеткі мозгу, і большасьць экспэртаў кажуць, што нэўралягічныя эфэкты вынікаюць з запаленчых рэакцыяў і рэакцыяў імуннай сыстэмы, якія часта ўплываюць на органы, у тым ліку мозаг.
Дасьледаваньне паказвае, што ўнутрышпітальная энцэфаляпатыя можа быць маркера горшых вынікаў для пацыента.
Пацыенты са зьмененай псыхічнай функцыяй могуць выйграць ад больш стараннага назіраньня пасьля выпіскі.