Новае дасьледаваньне паказвае, што змываньне ўнітазу можа генэраваць воблака аэразольных кропель, якое ўздымаецца амаль на мэтар. Пра гэта піша амэрыканская The New York Times.
Аэразольныя кроплі могуць затрымлівацца ў паветры дастаткова доўга, каб іх мог удыхнуць наступны наведнік агульнай прыбіральні. Кроплі таксама могуць падаць на паверхні і падлогу ў ванным пакоі.
Дрэнная навіна
Дасьледаваньне, апублікаванае ў аўторак 16 чэрвеня ў часопісе Physics of Fluids, прыводзіць доказы таго, што каранавірус можа перадавацца ня толькі праз дыхальныя кроплі, але і праз заражаныя вірусам экскрымэнты.
Каранавірус часьцей за ўсё знаходзіцца ў клетках верхніх дыхальных шляхоў і лёгкіх. Але дасьледаваньні паказваюць, што ён таксама можа прымацоўвацца да клетачных рэцэптараў ў тонкім кішэчніку. Вядома, што многія хворыя адчувалі ня толькі рэсьпіратарныя праблемы, але таксама дыярэю, млоснасьць і ваніты.
Навукоўцы выявілі жыцьцяздольныя вірусныя часьцінкі ў фэкаліях пацыентаў, а таксама сьляды віруснай РНК на унітазах і ракавінах ў шпіталях. Хоць экспэрымэнты паказваюць, што гэтыя часьцінкі зь меншай верагоднасьцю заразяць некага, чым аэразоль ад кашлю хворага.
Кампутэрнае мадэляваньне мэханізму змываньня ўнітазу паказала, што ў працэсе яго ўверх узьнімаюцца каля 6000 маленькіх кропель і часьцінак аэразолю.
«Гэта вельмі трывожна», — падсумаваў доктар Джы-Сян Ван, які вывучае дынаміку вадкасьці ва ўнівэрсытэце Янчжоў і быў суаўтарам дасьледаваньня.
Паводле словаў доктара Вана, практычна немагчыма пастаянна дэзынфікаваць ванныя пакоі, і сумеснае выкарыстаньне прыбіральні можа быць непазьбежным для членаў сям’і, нават калі адзін чалавек хворы і знаходзіцца ў асобным пакоі дома.
Цяпер па ўсім сьвеце адкрываюцца рэстараны, офісы і іншыя прадпрыемствы, у выніку чаго ўсё больш і больш людзей будуць карыстацца агульнымі прыбіральнямі.
Вопыт паказвае, наколькі хутка фэкальна-аральны шлях можа прывесьці да распаўсюджваньня хваробы. У сакавіку 2003 году больш за 300 насельнікаў жылога комплексу Amoy Gardens ў Ганконгу заразіліся каранавірусам атыповай пнэўманіі SARS, бо заразныя фэкальныя аэразолі распаўсюджваліся па няспраўнай сыстэме вадаводу і вэнтыляцыі.
Дзьве добрыя навіны
Але ёсьць і добрыя навіны. Па-першае, навукоўцы ня ведаюць, наколькі шмат вірусаў зьмяшчаецца ў аэразолі. Невядома таксама, ці людзі зь цяжкімі выпадкамі COVID-19 вылучаюць больш вірусаў, чым пацыенты зь лёгкай формай хваробы. Адпаведна і нельга адназначна сьцьвярджаць, што заражэньні ў прыбіральнях могуць мець эпідэміялягічнае значэньне.
Па-другое, людзі, на шчасьце, могуць лёгка прадухіліць распаўсюджваньне інфэкцый у прыбіральні.
«Спачатку зачыніце вечка, а пасьля змывайце ўнітаз», — кажа доктар Ван. Зрэшты ён прызнае, што гэта не заўсёды магчыма ў грамадзкіх прыбіральнях.
Таксама трэба часта і старанна мыць рукі, асабліва калі вы карыстаецеся агульнай прыбіральняй, дзе ўнітаз ня мае вечка, або пры ўставаньні аўтаматычна пачынаецца зьліў вады. Трэба не дакранацца да твару і надзяваць маску, ідучы ў прыбіральню.
Справу можа вырашыць перабудова прыбіральняў
Доктар Ван спадзяецца, што новае дасьледаваньне прывядзе да зьмены дызайну ванных пакояў, уключаючы большае распаўсюджваньне бескантактных дыспэнсэраў для мыла і папяровых ручнікоў, а таксама да зьяўленьня ўнітазаў, якія змываюцца толькі з зачыненым вечкам.
Іншыя экспэрты прапануюць ультрафіялетавае асьвятленьне ў памяшканьнях і аўтаматычныя дэзынфэкцыйныя спрэі, якія забіваюць каранавірус.