Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці абараняюць вакцыны ад дэльта-варыянту SARS-CoV-2? Правяраем факты


У Вялікабрытаніі памерлі, прынамсі, 259 чалавек, якія заразіліся дэльта-варыянтам каранавірусу. Паводле дадзеных агенцтва Public Health England пры міністэрстве аховы здароўя Вялікабрытаніі, 116 з іх былі цалкам вакцынаваныя.

У сувязі з гэтым усіх турбуе пытаньне: ці абараняе вакцынацыя ад дэльта-варыянту? DW апытала экспэртаў.

Кароткі адказ:

Так, вакцынацыя эфэктыўная, у тым ліку, і ад дэльта-варыянту каранавірусу. Тым ня менш рэшткавая рызыка заразіцца ўсё роўна застаецца. Чаму?

Вакцына эфэктыўная — але не на 100 адсоткаў

Ніводная з зацьверджаных на сёньня вакцын не абараняе на сто працэнтаў ад заражэньня каранавірусам — гэта даказалі дасьледаваньні, зробленыя ўжо пасьля пачатку масавай вакцынацыі. Заразіцца і, у горшым выпадку, памерці могуць, перш за ўсё, людзі з хранічнымі захворваньнямі — хоць рызыка інфэкцыі пасьля прышчэпкі істотна зьніжаецца. Таму цяпер узровень сьмяротнасьці ў Вялікабрытаніі застаецца вельмі нізкім — нягледзячы на рост захворваньня каранавіруснай інфэкцыяй.

У адным з чэрвеньскіх выпускаў падкасту «Coronavirus Update» у эфіры мэдыякампаніі NDR самы вядомы вірусоляг Нямеччыны Крысціян Дрост (Christian Drosten) пацьвердзіў: сапраўды, вядомыя выпадкі, калі паміраюць людзі, якія прайшлі падвойную вакцынацыю. Але, паводле яго слоў, у кожным з гэтых выпадкаў неабходна ўважліва вывучыць, што менавіта стала прычынай сьмерці і як быў пастаўлены дыягназ.

Высокая доля вакцынаваных людзей сярод памерлых у Вялікабрытаніі, як і, у прынцыпе, нізкі ўзровень сьмяротнасьці, па словах Дроста, верагодна, тлумачацца тым, што каля паловы насельніцтва там ужо цалкам вакцынаваныя.

У інтэрвію DW прафэсар катэдры рэўматалёгіі і імуналёгіі Мэдычнай школы Гановэру Георг Бэрэнс патлумачыў, што вельмі рэдка тыя, хто атрымаў прышчэпку, сапраўды могуць памерці ад інфэкцыі, паколькі вакцына не паўплывала на выпрацоўку неабходнай колькасьці антыцелаў — гэта адбываецца, напрыклад, у тых выпадках, калі чалавек прымае імунасупрэсіўныя прэпараты або перанёс трансплянтацыю органаў. Акрамя таго, эфэкт ад вакцынацыі праз нейкі час слабее.

«Пры неспрыяльным зьбегу абставінаў людзі сапраўды могуць заразіцца і пасьля вакцынацыі», — прызнае Бэрэнс. Тым ня менш у цэлым вакцыны абараняюць вельмі добра — хоць і не даюць стоадсоткавай абароны.

Нядаўняе дасьледаваньне з выкарыстаньнем мадэляваньня, праведзенае пры ўдзеле агенцтва Public Health England, дае падставу меркаваць, што на сёньняшні дзень вакцынацыя прадухіліла каля 7,2 мільёна выпадкаў заражэньня і 27 тысяч сьмерцяў у адной толькі Вялікабрытаніі.

«Колькасьць інфэкцый і сьмерцяў, прадухіленыя праграмай вакцынацыі, ня толькі дзіўна вялікая, але і расьце экспанэнтна на працягу ўсяго пэрыяду дзеяньня вакцынацыі», — тлумачыць адзін з аўтараў дасьледаваньня Пол Бірэл.

Добры ахоўны эфэкт пры поўнай вакцынацыі

Апытаныя DW экспэрты перакананыя ў дзейснасьці вакцын супраць дэльта-варыянту. «Прышчэпкі неверагодна эфэктыўныя, — кажа вірусоляг Фрыдэман Вэбэр. — Імунны адказ у вакцынаваных людзей, якія атрымалі двайную дозу, празь некаторы час мацнее або, прынамсі, застаецца на такім жа ўзроўні, як у людзей, у якіх выпрацаваліся антыцелы пасьля інфэкцыі».

Меркаваньні экспэртаў пацьвярджаюцца і навуковымі высновамі. Нядаўна ў часопісе Nature былі апублікаваныя вынікі дасьледаваньня, згодна зь якімі вакцына BioNTech / Pfizer па-ранейшаму надзейна абараняе ад дэльта-варыянту.

Між тым новыя дадзеныя з Ізраілю сьведчаць пра тое, што ахоўны эфэкт BioNTech / Pfizer супраць дэльта-віруса, у параўнаньні з папярэднімі дасьледаваньнямі, троху зьнізіўся і цяпер знаходзіцца на ўзроўні 64 адсоткаў.

Ізраільскія навукоўцы прыйшлі да высновы, што вакцынацыя таксама прадухіляе «усяго» 64 адсоткі захворваньняў каранвірусам з сымптомамі. Тым ня менш яна па-ранейшаму на 93 адсотка абараняе ад цяжкіх інфэкцый з наступнай шпіталізацыяй. Як менавіта Управа аховы здароўя Ізраілю атрымала гэтыя дадзеныя, пакуль незразумела: прэс-служба ня дала больш падрабязнай інфармацыі аб мэтодыцы дасьледаваньня.

Канадзкія навукоўцы, у сваю чаргу, устанавілі, што вакцына Moderna таксама дэманструе адносна высокі ўзровень абароны ад дэльта-варыянту: паводле дадзеных іх дасьледаваньня, вакцынацыя гэтым прэпаратам забясьпечвае 72-працэнтную абарону праз 14 дзён пасьля ўвядзеньня першай дозы. Дадзеныя аб эфэктыўнасьці пасьля ўвядзеньня другой дозы пакуль адсутнічаюць.

Вынікі дасьледаваньняў пра эфэктыўнасьць вакцын розныя

Больш раньнія дадзеныя зь Вялікабрытаніі сьведчылі, што эфэктыўнасьць вакцын BioNTech / Pfizer і AstraZeneca супраць цяжкага цячэньня COVID-19 вышэй, чым вынікае з дасьледаваньня ізраільцян: згодна з высноваў агенцтва Public Health England, вакцынацыя BioNTech / Pfizer прадухіляе цяжкае цячэньне хваробы ад дэльта-варыянту са шпіталізацыяй на 94% пасьля першай дозы і на 96% — пасьля другой.

Людзі, якія атрымалі вакцыну AstraZeneca, на 71 працэнт абаронены ад цяжкага цячэньня хваробы са шпіталізацыяй пасьля першай прышчэпкі, а пасьля другой — нават на 92 працэнты.

Параўнаўшы высновы навукоўцаў з Ізраілю, Канады, Ангельшчыны і Шатляндыі аб эфэктыўнасьці вакцын BioNTech, AstraZeneca і Moderna супраць дэльта-варыянту, выданьне Financial Times прыйшло да высновы, што вынікі зробленых на сёньняшні дзень дасьледаваньняў істотна адрозьніваюцца паміж сабой.

Што ж тычыцца кампаніі Johnson & Johnson, то дакладнай інфармацыі аб дзейснасьці распрацаванай ёю вакцыны пакуль мала. Паводле дасьледаваньня, праведзенага на замову кампаніі Johnson & Johnson з удзелам усяго 20 суб’ектаў, вакцынацыя выклікае «моцны імунны адказ» нават праз восем месяцаў пасьля ўвядзеньня. Аднак кампанія пакуль не зрабіла афіцыйнай заявы аб эфэктыўнасьці свайго прэпарат супраць дэльта-варыянту.

Ці спатрэбіцца нам рэвакцынацыя

Георг Бэрэнс з Мэдчнай школы Гановэру падкрэсьлівае, што трэба ўлічваць, калі менавіта былі прышчэпленыя жыхары Ізраілю, што заразіліся дэльта-варыянтам. Першыя прышчэпкі, нагадвае ён, былі зроблены яшчэ ў сьнежні 2020 году. З часам эфэкт ад вакцынацыі можа паступова слабець, і ня выключана, што можа спатрэбіцца яшчэ адна доза вакцыны.

Вытворцы вакцыны BioNTech / Pfizer ў нядаўнім прэс-рэлізе таксама ўказваюць на гэты фактар. Яны кажуць пра тое, што для падтрыманьня эфэктыўнасьці патрэбная трэцяя прышчэпка праз паўгода пасьля другой дозы, і заклікаюць нацыянальных рэгулятараў ўхваліць яе.

Наколькі верагодныя яшчэ больш небясьпечныя варыянты

«Новыя варыянты каранавірусу, верагодна, будуць з намі яшчэ доўгі час», — канстатуе вірусоляг Фрыдэман Вэбэр. Яны перастануць зьяўляцца толькі тады, калі будзе вакцынаваная большасьць насельніцтва. Але навуковец ня верыць, што прышчэпкі з часам перастануць дзейнічаць.

Прафэсар Георг Бэрэнс прызнае, што загадзя немагчыма прадбачыць, ці зьявяцца яшчэ больш небясьпечныя варыянты каранавірусу. Аднак заўсёды існуюць менш небясьпечныя мутацыі, якія не прыжываюцца. Паводле яго слоў, у любым выпадку вакцынацыя зьяўляецца найлепшай абаронай. Чым больш людзей вакцынаваныя, тым вышэй імунітэт у насельніцтва і тым менш узровень захворваньня.

Ці будуць патрэбныя новыя вакцыны

Дагэтуль вакцыны былі эфэктыўныя супраць усіх небясьпечных мутацый каранавірусу. Калі іх дзейснасьць зьнізіцца, безумоўна, іх давядзецца мадыфікаваць, кажа Пэгі Рыс з Цэнтру дасьледаваньняў інфэкцый імя Гэльмгольца. Аднак ня варта занадта сьпяшацца.

«Вакцына не распрацоўваецца так хутка. Калі кожныя тры месяцы будзе зьяўляцца новая мутацыя, мы ня будзем пасьпяваць са стварэньнем новых вакцын», — перасьцерагае Пэгі Рыс. У адваротным выпадку можа здарыцца так, што вакцына будзе адаптаваная да нейкага пэўнага варыянту, але затым яе ўжо нельга будзе выкарыстоўваць, таму што вірус зноў муціруе, тлумачыць вучоная.

Вірусоляг Вэбэр глядзіць на гэта інакш: «Вакцыны трэба мадыфікаваць неадкладна».

Вытворца BioNTech / Pfizer ужо заявіў, што распрацоўвае вакцыну менавіта супраць дэльта-варыянту. Першыя клінічныя выпрабаваньні павінны пачацца ў жніўні.

Дасьледнікі зь вядомай унівэрсытэцкай клінікі «Шарытэ» у Бэрліне таксама мяркуюць, што эфэктыўнасьць вакцын супраць COVID-19 падчас пандэміі трэба рэгулярна правяраць і пры неабходнасьці мадыфікаваць прэпараты. У цяперашні час колькасьць інфэкцый ва ўсім сьвеце велізарная, таму каранавірус таксама можа эвалюцыянаваць хутчэй, гаворыцца ў прэс-рэлізе клінікі.

«Зыходзячы з тэмпаў эвалюцыі добра вядомых нам вірусаў прастуды, мы мяркуем, што SARS-CoV-2 таксама пачне зьмяняцца больш павольна, як толькі ўзровень інфэкцый зьнізіцца — іншымі словамі, тады, калі большая частка насельніцтва плянэты выпрацуе імунную абарону альбо ў выніку хваробы, альбо дзякуючы вакцынацыі», - тлумачыць Ян Фелікс Дрэксьлер, кіраўнік дасьледаваньня з Інстытуту вірусалёгіі пры клініцы «Шарытэ».

Як толькі сытуацыя стабілізуецца, прышчэпкі, хутчэй за ўсё, ня трэба будзе мадыфікаваць так часта, упэўнены навуковец.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG