Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукоўцы здагадаліся, адкуль бяруцца новыя варыянты каранавірусу


Як піша амэрыканская газэта The New York Times, новыя варыянты вірусаў, верагодна, разьвіваюцца ў людзей са слабой імуннай сыстэмай.

Паводле газэты, зьяўляецца ўсё больш дадзеных аб тым, што людзі з ракам і іншымі захворваньнямі, якія аслабляюць імунную сыстэму, могуць быць інкубатарамі мутантных вірусаў.

Варыянт каранавірусу, выяўлены ў Вялікай Брытаніі ў канцы мінулага году, шакаваў мэдыкаў шмат зь якіх прычын. Гэта адбылося ў той момант, калі вакцыны дазволілі нарэшце ўбачыць блізкі канец пандэміі. І раптам зьявілася пагроза, якая можа разьвеяць гэтыя надзеі.

Брытанскі варыянт аказаўся значна больш заразны, чым папярэднія. Гэта прывяло да хуткага павелічэньня колькасьці шпіталізацыяў. Але для навукоўцаў самым дзіўным стала тое, што ў брытанскім варыянце сабралася вялікая колькасьць мутацый, для якіх у іншых умовах вірусу спатрэбілася б вельмі шмат часу.

Звычайна каранавірус набывае мутацыі павольна, але стабільна — прыкладна дзьве ў месяц. Але брытанскі варыянт, названы B.1.1.7, набыў 23 мутацыі, якіх не было ў вірусе, упершыню ідэнтыфікаваным у Кітаі. 17 з гэтых мутацый узьніклі адразу пасьля таго, як брытанскі варыянт адышоў ад свайго апошняга продка.

Экспэрты кажуць, што ёсьць толькі адна добрая гіпотэза пра тое, як гэта адбылося: у нейкі момант вірус павінен быў заразіць некага са слабой імуннай сыстэмай, што дазволіла яму адаптавацца і разьвівацца на працягу некалькіх месяцаў унутры таго чалавека, перш чым перадацца іншым.

«Гэта, здаецца, найбольш верагоднае тлумачэньне», — кажа доктар Равіндра Гупта, вірусоляг з Кембрыдзкага ўнівэрсытэту.

Калі так і ёсьць, то гэта мае значэньне для праграм вакцынацыі, асабліва ў краінах, якія яшчэ не пачалі прышчапляць насельніцтва. Людзі з аслабленай імуннай сыстэмай — напрыклад, хворыя на рак — павінны быць у ліку першых прышчэпленых, кажа доктар Адам Лорынг, вірусоляг і лекар-інфэкцыяніст зь Мічыганскага ўнівэрсытэту. Чым хутчэй гэтая група будзе абароненая, тым менш рызыка таго, што іх целы ператворацца ў інкубатары для наступнага супэр-мутанта.

«Мы павінны зрабіць усё магчымае, як у прамым, так і ў пераносным сэнсе, каб абараніць гэтае насельніцтва», — лічыць доктар Лорынг.

«Гэта можа быць складана», — дадае ён. Бо з прычыны таго, што ў гэтых людзей няма моцнага імуннага адказу на вірус, вакцыны могуць быць малаэфэктыўнымі. Таму, мяркуе доктар Лорынг, такіх людзей трэба лячыць кактэйлямі з монаклянальных антыцелаў.

Як і іншыя вірусы, каранавірус зьбірае мутацыі пры кожнай рэплікацыі. Пераважная большасьць гэтых генэтычных збояў нязначныя. У большасьці людзей актыўная інфэкцыя доўжыцца ўсяго каля тыдня, што недастаткова для таго, каб вірус набыў больш за адну вартую ўвагі мутацыю.

Мутацыі, якія робяць каранавірус больш заразным або дазваляюць яму ўхіляцца ад імуннай сыстэмы, вельмі рэдкія, сьцьвярджаюць аўтары дасьледаваньня, вынікі якога апублікаваныя на мінулым тыдні ў часопісе Science. «Але калі яны сапраўды адбываюцца і могуць перадавацца, то надыходзіць сэзон адчыненых дзьвярэй», — кажа Катрына Літгаў, біёляг-эвалюцыяніст з Оксфардзкага ўнівэрсытэту, якая кіравала дасьледаваньнем.

На працягу пэўнага часу — ад месяцаў да гадоў — вірус можа аб’яднаць некалькі такіх мутацый. Навукоўцы могуць назіраць гэтую павольную эвалюцыю з дапамогай малекулярных «гадзіньнікаў», якія фіксуюць зьмены ў часе. Але ў чалавека са слабой імуннай сыстэмай гэты графік можа значна паскорыцца. Шматлікія дасьледаваньні паказалі, што ў некаторых людзей з аслабленым імунітэтам вірус можа захоўвацца больш за восем месяцаў. А гэта — дастаткова часу і магчымасьцяў для працягу разьвіцьця.

«Калі мы паглядзім на некалькі часавых момантаў ходу інфэкцыі і паглядзім на папуляцыю вірусу ў такога пацыента, мы ўбачым кожны раз розныя варыянты, якія зьяўляюцца зь вялікім тэмпам абарачальнасьці», — кажа вірусоляг Вінсэнт Мюнстэр з Нацыянальнага інстытуту алергіі і інфэкцыйных захворваньняў ЗША, які ўзначальваў адно з дасьледаваньняў.

Калі адзін з гэтых варыянтаў, што набылі важныя мутацыі, перадаецца камусьці іншаму, ён можа хутка распаўсюдзіцца сярод насельніцтва, як у выпадку брытанскага варыянту і тых, што былі выяўленыя ў Паўднёвай Афрыцы і Бразыліі.

«Гіпотэза пра тое, што мутацыі адбыліся ў людзей з хранічнай інфэкцыяй, даволі прыстойная, — кажа доктарка Літгаў. — Захоўваючы нізкі ўзровень інфікаваньня, вы зьменшыце колькасьць заражаных людзей з аслабленым імунітэтам і зьменшыце верагоднасьць узьнікненьня мутацый».

«Аслаблены імунітэт» — расплывісты тэрмін, які ахоплівае шырокі спэктар станаў — ад дыябэту і рэўматоіднага артрыту да леўкеміі і лімфомы. Экспэрты не прыйшлі да адзінай думкі пра тое, якія з гэтых станаў могуць прывесьці да зьяўленьня новых варыянтаў каранавірусу.

Некаторыя кажуць, што ў сьпіс павінны ўваходзіць пажылыя людзі, тыя, хто прымае лекі для падаўленьня імунітэту, і ўсе, хто не выпрацоўвае надзейны набор антыцелаў.

«Дзякуючы вакцынам мы даведаліся, што антыцелы маюць значэньне, — кажа дырэктар Цэнтру дасьледаваньняў вакцын Пітсбурскага ўнівэрсытэту Пол Дзюпрэкс. — Вельмі важна сачыць за людзьмі са слабым імунітэтам, у якіх няма цалкам функцыянальнай імуннай сыстэмы».

Доктар Лорынг кажа, што яго больш за ўсё турбуюць людзі з ракам крыві, такім як леўкемія. У той жа час у яго не выклікаюць асаблівай заклапочанасьці тыя, хто прымае лекі ад рэўматоіднага артрыту, бо гэта іншы тып імунасупрэсантаў.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG