Многія краіны за год пандэміі ўводзілі камэнданцкую гадзіну, спадзеючыся запаволіць распаўсюджваньне каранавірусу. Шмат дзе яна дзейнічае і цяпер. Агляд меркаваньняў навукоўцаў пра эфэктыўнасьць гэтых захадаў публікуе газэта The New York Times.
У сувязі з ростам колькасьці каранавірусных інфэкцый і зьяўленьнем новага, больш заразнага варыянту Францыя ўвяла строгую камэнданцкую гадзіну з 18:00 да 6:00. Грамадзяне па ўсёй краіне ізаляваныя ў гэты час унутры памяшканьняў, а прадпрыемствы зачыненыя.
Раней у гэтым месяцы канадзкія ўлады ўвялі аналягічныя абмежаваньні ў Квэбэку з 20:00 да 5:00 раніцы. Дзейнічала або дзейнічае камэнданцкая гадзіна і ў такіх краінах, як Аўстралія, Нідэрлянды, Чэская Рэспубліка і ў некаторых іншых.
Але навукоўцы па ўсім сьвеце яшчэ так і не прыйшлі да згоды, наколькі эфэктыўны сродак барацьбы з пандэміяй — забарона выходзіць з дому ў пэўны час.
Навуковыя дадзеныя пра камэнданцкую гадзіну вельмі няпоўныя. Падобнай пандэміі не было ўжо стагодзьдзе. Хоць камэнданцкая гадзіна мае інтуітыўны сэнс, вельмі складана вызначыць яе дакладны ўплыў на перадачу вірусу.
Меркаваньні аптымістаў
Айра Лангіні з Унівэрсытэту Флорыды лічыць, што камэнданцкая гадзіна — у цэлым эфэктыўны спосаб замарудзіць пандэмію. Але ён прызнае, што свае погляды грунтуе на інтуіцыі. «Навуковая інтуіцыя сапраўды сёе-тое вам падказвае, — кажа доктар Лангіні. — Проста вы ня можаце вельмі добра гэта вымераць».
Марыя Палякова, эканаміст са Стэнфардзкага ўнівэрсытэту, вывучала ўплыў пандэміі на эканоміку ЗША. «У цэлым, — кажа яна, — мы чакаем, што знаходжаньне дома мэханічна запавольвае пандэмію, бо скарачае колькасьць узаемадзеяньняў паміж людзьмі».
«Праблема заключаецца ў тым, што скарачэньне эканамічнай актыўнасьці асабліва моцна б’е па занятых у эканоміцы паслуг людзях і іх сем’ях, — дадала Палякова. — Таму паўстае пытаньне, ці варта плаціць за камэнданцкую гадзіну такую цану?»
Разам з тым вядома, што вірус асабліва актыўна распаўсюджваецца ў памяшканьнях, і людзі асабліва актыўна заражаюцца ў сем’ях і ў хатніх умовах. Таму ўзьнікае складанае пытаньне: прымус людзей знаходзіцца дома запавольвае перадачу вірусу ці паскарае яе?
Досьвед Кітаю
У адным з дасьледаваньняў, вынікі якога былі нядаўна апублікаваныя ў часопісе Science, навукоўцы прааналізавалі дадзеныя з правінцыі Хунань у Кітаі на пачатку ўспышкі.
Дасьледчыкі прыйшлі да высновы, што камэнданцкая гадзіна і меры ізаляцыі аказалі парадаксальны эфэкт: гэтыя абмежаваньні зьменшылі распаўсюджваньне інфэкцыі ў супольнасьці, але павысілі рызыку заражэньня ў хатніх, сямейных умовах. Аўтары дасьледаваньня — навуковы супрацоўнік Нацыянальнага інстытуту аховы здароўя Кітаю Сунь Кайюань і яго калегі.
Доктар Лангіні і яго калегі ўключылі абмежаваньні і камэнданцкую гадзіну ў мадэль пандэміі ў Злучаных Штатах і прыйшлі да высновы, што яны могуць быць эфэктыўным спосабам зьніжэньня перадачы вірусу.
Але навуковец папярэджвае, што мадэлі ўтрымліваюць мноства здагадак наконт насельніцтва і таго, як распаўсюджваецца вірус. «Навуковасьць абгрунтаваньня залежыць ад таго, ці верыце вы мадэлі», — сказаў доктар Лангіні.
Джон Зэльнэр, эпідэміёляг зь Мічыганскага ўнівэрсытэту, кажа, што існуе занадта мала навуковых дадзеных, каб ведаць дакладна, наколькі эфэктыўная камэнданцкая гадзіна. Ён мяркуе, што такія прымусовыя меры рэдка спрацоўваюць у доўгатэрміновай пэрспэктыве.
Меркаваньні пэсымістаў
«Што тычыцца камэнданцкай гадзіны, я думаю, што цяжка зразумець, які станоўчы ўплыў яна аказвае, — кажа доктар Зэльнэр. — Адна з рэчаў, якія мяне турбуюць адносна расплывістых ці дрэнна абгрунтаваных прадпісаньняў, заключаецца ў тым, што яны падрываюць давер, неабходны для іх выкананьня».
У такіх краінах, як Японія, дзе распаўсюджваньне COVID-19 нашмат ніжэйшае, чым у Злучаных Штатах і Эўропе, сакрэт, падобна, заключаецца ў тым, што насельніцтва прымае і выконвае захады сацыяльнага дыстанцыяваньня і носіць маскі, а не ў такіх абмежаваньнях, як камэнданцкая гадзіна, мяркуе доктар Зэльнэр.