Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі небясьпечны «Омікрон». 8 пытаньняў і адказаў


Усяго празь некалькі тыдняў з моманту адкрыцьця «Омікрону» лекары ўжо ведаюць, што гэты штам аказаўся вельмі трансьмісіўным і менш адчувальным да вакцынаў, чым іншыя варыянты.

Праз тры тыдні пасьля адкрыцьця новага штаму ўжо можна рабіць папярэднія высновы пра рызыкі, якія ён нясе чалавецтву, піша амэрыканская The New York Times.

1. Што такое варыянт «Омікрон»?

«Омікрон», які ўпершыню быў выяўлены ў Батсване і Паўднёвай Афрыцы ў лістападзе, за апошнія некалькі тыдняў распаўсюдзіўся па ўсім сьвеце — хутчэй, чым любая раней вядомая форма каранавірусу.

Навукоўцам яшчэ трэба шмат зразумець пра «Омікрон», але тое, што яны ўжо ведаюць, ясна дае зразумець, што гэты варыянт можа выклікаць вялікую колькасьць новых выпадкаў у наступныя тыдні, і што ён можа паставіць некаторыя нацыянальныя сыстэмы аховы здароўя на мяжу магчымасьцяў.

Навукоўцы ўпершыню распазналі «Омікрон», дзякуючы яго адметнай камбінацыі з больш за 50 мутацый. Некаторыя зь іх у парадку экспэрымэнту былі перанесеныя ў больш раньнія варыянты, такія як «Альфа» і «Бэта», і папярэднія вынікі паказалі, што гэтыя мутацыі могуць спрыяць хуткаму распаўсюджваньню каранавірусу. Вядома, што іншыя мутацыі «Омікрону» дапамагаюць яму ўхіляцца ад антыцелаў, якія выпрацоўваюцца вакцынамі.

26 лістапада Сусьветная арганізацыя аховы здароўя назвала «Омікрон» «варыянтам, які выклікае занепакоенасьць» і заявіла, што глябальныя рызыкі, зьвязаныя з ім, «вельмі высокія».

З таго часу гэты варыянт быў выяўлены больш чым ў 80 краінах.

2. Ці «Омікрон» распаўсюджваецца хутчэй, чым іншыя варыянты?

Так. Верагоднасьць заразіцца ім у два-тры разы вышэйшая, чым у варыянту «Дэльта».

Самыя раньнія сьведчаньні хуткага распаўсюджваньня «Омікрону» прыйшлі з Паўднёвай Афрыкі, дзе ён хутка стаў дамінаваць у адной з правінцый. У іншых краінах дасьледнікі змаглі злавіць «Омікрон» на больш раньнім этапе распаўсюджваньня, і карціна аказалася той жа: колькасьць выпадкаў «Омікрону» падвойваецца кожныя два-чатыры дні. Гэта значна менш часу, чым патрабавалася"Дэльце" для падваеньня.

Для больш падрабязнага вывучэньня хуткасьці распаўсюджваньня «Омікрону», брытанскія дасьледнікі паглядзелі, што адбывалася ў сем’ях 121 чалавека, інфікаванага гэтым варыянтам. Аказалася, што «Омікрон» у 3,2 разы часьцей выклікае хатнюю інфэкцыю, чым «Дэльта».

Дасьледнікі пакуль ня ведаюць, чаму «Омікрон» так хутка распаўсюджваецца. Адна з магчымасьцяў заключаецца ў тым, што ён можа лягчэй пранікаць у клетку і мае здольнасьць там размнажацца.

3. Ці здольны імунітэт ад папярэдніх інфэкцый спыніць «Омікрон»?

Папярэдні імунітэт працуе ня вельмі добра. Першыя сьведчаньні, што «Омікрон» можа пазьбегнуць імунітэту, прыйшлі з Паўднёвай Афрыкі, дзе, паводле ацэнак навукоўцаў, ня менш за 70 працэнтаў людзей перахварэлі на COVID-19 у нейкі момант пандэміі. Але аказалася, што большая частка выпадкаў захворваньня «Омікронам» зафіксаваная ў тых, хто раней быў інфікаваны іншымі штамамі.

Калі «Омікрон» рэзка распаўсюдзіўся у Вялікай Брытаніі, навукоўцы выявілі, што і там людзі, інфікаваныя новым варыянтам, раней ужо хварэлі на COVID-19. Паводле ацэнак дасьледнікаў, рызыка паўторнага заражэньня пры «Омікроне» прыкладна ў пяць разоў вышэйшая, чым пры іншых варыянтах.

Для больш глыбокага разуменьня рызыкі паўторнага заражэньня навукоўцы вывучылі антыцелы, што выпрацоўваюцца ў людзей, якія выздаравелі ад COVID-19. Калі гэтыя антыцелы былі зьмешаныя ў кубку з іншымі штамамі каранавірусу, антыцелы эфэктыўна прадухілялі заражэньне чалавечых клетак.

Але калі антыцелы былі зьмяшаныя з «Омікронам», яму ўсё роўна ўдалося пранікаць унутр клетак. Гэта азначае, што мутацыі, якія нясе «Омікрон», зьмяняюць форму бялкоў на яго паверхні, на якія рэагуюць антыцелы.

Здольнасьць ухіляцца ад імуннай абароны, верагодна, і зьяўляецца часткай тлумачэньня, чаму колькасьць выпадкаў «Омікрону» павялічваецца так хутка.

4. Наколькі вакцыны абараняюць ад заражэньня «Омікронам»?

Некалькі дасьледаваньняў паказваюць, што поўная вакцынацыя і бустэрная прышчэпка забясьпечваюць надзейную абарону ад заражэньня «Омікронам». Аднак без рэвакцынацыі дзьве дозы такіх вакцын як Pfizer-BioNTech і Moderna забясьпечваюць значна меншую абарону. Разам з тым, мэдыкі лічаць, што дзьве дозы вакцыны, верагодна, сапраўды абараняюць ад цяжкай формы хваробы, выкліканай «Омікронам».

Навукоўцы ўзялі кроў у цалкам прышчэпленых людзей і зьмяшалі іх антыцелы з «Омікронам» у кубку Пэтры, запоўненым чалавечымі клеткамі. Вакцыны Pfizer-BioNTech і Moderna нэўтралізоўвалі «Омікрон» горш, чым іншыя штамы. А вось антыцелы людзей, што атрымалі вакцыны AstraZeneca або Johnson \ Johnson, падобна, наогул нічога не змаглі зрабіць супраць «Омікрону».

Затое калі дасьледнікі пратэставалі антыцелы людзей, якія атрымалі бустэры, яны ўбачылі іншую карціну. Узмоцненыя антыцелы блякавалі заражэньне клетак шматлікімі вірусамі штаму «Омікрон».

Дасьледнікі выявілі аналягічную рэакцыю, калі паглядзелі на людзей, што былі цалкам вакцынаваныя дзьвюма дозамі пасьля заражэньня COVID-19: іх антыцелы былі надзвычай эфэктыўныя супраць «Омікрону».

Рэальныя дасьледаваньні пацьвярджаюць вынікі гэтых экспэрымэнтаў. У Паўднёвай Афрыцы дасьледнікі выявілі, што эфэктыўнасьць дзьвюх доз вакцыны Pfizer-BioNTech супраць інфэкцыі «Омікронам» складае ўсяго 33 працэнты.

У Вялікабрытаніі навукоўцы выявілі, што людзі, якія атрымалі дзьве дозы вакцыны AstraZeneca, праз шэсьць месяцаў пасьля вакцынацыі ня мелі ніякай абароны ад «Омікрону». Дзьве дозы Pfizer-BioNTech мелі эфэктыўнасьць усяго 34 працэнты. Але бустэр Pfizer-BioNTech меў 75-працэнтную эфэктыўнасьць супраць «Омікрону».

Гэтыя вынікі актывізавалі намаганьні ў галіне вакцынацыі і стымулявалі шырокамаштабныя кампаніі рэвакцынацыі ў многіх краінах, бо людзі і ўрады вырашылі падрыхтавацца да рэзкага павелічэньня выпадкаў «Омікрону» ў найбліжэйшыя тыдні.

5. Ці могуць вакцыны зьменшыць цяжкасьць хваробы пры «Омікроне»?

Папярэднія дасьледаваньні паказваюць, што могуць. У Паўднёвай Афрыцы дасьледнікі, што першыя тры тыдні вывучалі выпадкі захворваньня «Омікронам», выявілі, што дзьве дозы вакцыны Pfizer-BioNTech мелі 70-адсоткавую эфэктыўнасьць супраць шпіталізацыі.

Гэтая выснова добра ўзгадняецца з тым, што навукоўцы ведаюць аб дзеяньні ўсіх вакцын. Апроч выпрацоўкі антыцелаў, вакцыны стымулююць рост Т-клетак (Т-лімфацытаў), якія дапамагаюць змагацца з хваробай. Т-клеткі могуць распазнаваць заражаныя вірусамі клеткі і зьнішчаюць іх, запавольваючы заражэньне.

Цяпер навукоўцы пачынаюць вывучаць Т-клеткі, якія прадукуюцца вакцынамі супраць COVID-19, каб зразумець, наколькі яны эфэктыўныя супраць «Омікрону». Папярэднія вынікі паказваюць, што Т-клеткі ад вакцын распазнаюць варыянт «Омікрон».

Праведзеныя ў апошнія тыдні дасьледаваньні сьведчаць, што «Омікрон» добра замацоўваецца ў носе гаспадароў, дзякуючы сваёй здольнасьці ўхіляцца ад антыцелаў. Але інфэкцыя «Омікронам» можа не прабіць лінію абароны Т-клетак. Забіваючы інфікаваныя клеткі, Т-лімфацыты могуць абцяжарыць пранікненьне вірусу ў дыхальныя шляхі, дзе ён здольны выклікаць сур’ёзнае захворваньне.

6. Наколькі сур’ёзныя выпадкі COVID-19 выклікае «Омікрон»?

Першыя выпадкі захворваньня «Омікронам» нарадзілі надзею, што гэты варыянт выклікае больш лёгкае захворваньне, чым іншыя варыянты. Але яшчэ занадта рана казаць, што гэта праўда.

У Паўднёвай Афрыцы, дзе адбыўся першы ўсплёск «Омікрону», лекары паведамляюць пра меншую колькасьць сур’ёзных выпадкаў, чым падчас ранейшых хваляў COVID-19. Цяпер лекары часта ня ведалі, што пацыенты заражаныя каранавірусам да таго часу, пакуль іх не шпіталізавалі зь іншымі хваробамі.

Дасьледаваньне, апублікаванае 14 сьнежня найбуйнейшай сыстэмай аховы здароўя Паўднёвай Афрыкі, паказала, што колькасьць шпіталізацый у першыя тры тыдні ўсплёску «Омікрону» была ніжэйшаю, чым у папярэднія хвалі, выкліканыя больш раньнімі варыянтамі — 38 на 1000 шпіталізацый у параўнаньні з 101 на 1000 у пэрыяд «Дэльты» і 131 на 1000, калі дамінаваў варыянт «Бэта».

Але няма гарантыі, што гэтак жа будзе ў іншых частках сьвету. Сярэдні ўзрост пацыентаў у Паўднёвай Афрыцы складаў 34 гады. А пажылыя людзі схільныя да большай цяжкай формы COVID-19.

Важна разумець, што сур’ёзнасьць хваробы, выкліканай «Омікронам», залежыць ня толькі ад яго ўласнай біялёгіі, але і ад біялёгіі чалавека. Цалкам можа аказацца, што ў значнай часткі людзей, якія захварэюць на «Омікрон», будуць лёгкія выпадкі, бо яны абароненыя імуннай сыстэмай, дзякуючы вакцыне або папярэдняй інфэкцыі.

Але нават калі ў большасьці людзей пасьля заражэньня «Омікронам» будзе толькі лёгкая форма хваробы, велізарная колькасьць выпадкаў можа азначаць, што лякарні будуць перапоўненыя цяжкімі пацыентамі.

7. Ці паддаецца лячэньню COVID-19, выкліканы «Омікронам»?

Так. «Омікрон» можа ўхіляцца ад некаторых монаклянальных антыцелаў, але лекары кажуць, што лякарства, якое называецца сотравімаб, верагодна, застанецца эфэктыўным. Таксама падыдуць лекі, якія стрымліваюць небясьпечнае запаленьне, — напрыклад танны гарманальны лек дэксамэтазон.

Merck, Pfizer і іншыя кампаніі распрацоўваюць таблеткі супраць COVID-19. І хоць у «Омікрону» ёсьць шмат мутацый, якія дазваляюць яму ўхіляцца ад монаклянальных антыцелаў, у гэтага варыянту менш мутацый у бялках, на якія нацэленыя таблеткі. Кампанія Pfizer паведаміла, што пакславід зьвязваецца са сваім мэтавым бялком у «Омікроне» гэтак жа добра, як і ў іншых варыянтах. Бэльгійскія дасьледнікі паведамілі, што гэты прэпарат добра працуе супраць «Омікрону» ў лябараторных культурах клетак.

8. Што будзе з «Омікронам» у наступныя некалькі месяцаў?

Навукоўцы ствараюць матэматычныя мадэлі, каб высьветліць, як «Омікрон» будзе сябе паводзіць у найбліжэйшыя месяцы. Мадэлі заснаваныя на здагадках, і гэтыя здагадкі, магчыма, давядзецца зьмяніць са зьяўленьнем новых сьведчаньняў. Але навукоўцы ўжо бачаць, што «Омікрон» вельмі заразны і ўмее ўхіляцца ад імуннай абароны.

Цяпер дасьледнікі чакаюць, што да канца месяца «Омікрон» стане дамінантным варыянтам у шматлікіх краінах. Эўрапейскі цэнтар прафіляктыкі і кантролю захворваньняў апублікаваў 15 сьнежня дасьледаваньне, у якім прагназуецца, што да студзеня «Омікрон» стане дамінантным ва ўсёй Эўропе.

Нават калі «Омікрон» акажацца слабейшым, чым іншыя варыянты, ён усё роўна можа паставіць шпіталі на мяжу магчымасьцяў. Меншая частка заражаных можа запатрабаваць шпіталізацыі, але калі колькасьць выпадкаў «Омікрону» будзе нашмат большаю, чым падчас папярэдніх усплёскаў, усё роўна будзе шмат цяжкіх пацыентаў, якіх трэба лячыць у шпіталях. А ў некаторых краінах выпадкі «Омікрону» будуць спалучацца і з без таго высокім узроўнем шпіталізацый, выкліканых варыянтам «Дэльта».

Зрэшты прагноз можа зьмяніцца, калі больш людзей прышчэпяцца і будуць трымацца захадаў бясьпекі, такіх як сацыяльнае дыстанцыяваньне і нашэньне масак. Бустэрныя прышчэпкі створаць яшчэ больш моцную сьцяну абароны.

Некаторыя ўрады ўжо прымаюць далейшыя захады для барацьбы з «Омікронам». Данія, напрыклад, 10 сьнежня адправіла студэнтаў дадому, закрыла бары і прыняла іншыя меры для зьмяншэньня кантактаў. Брытанія зноў увяла шэраг захадаў і заклікала грамадзян працаваць з дому.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG