Мужчыны і жанчыны па-рознаму рэагуюць на многія віды вакцын. Верагодна, гэта зьвязана з цэлым шэрагам фактараў, уключаючы гармоны, гены і дазіроўку. Агляд падрыхтавала газэта The New York Times.
У дасьледаваньні, апублікаваным у мінулым месяцы, навукоўцы з амэрыканскіх Цэнтраў кантролю і прафіляктыкі хваробаў (CDC) прааналізавалі зьвесткі аб рэакцыі на першыя 13,7 мільёна доз вакцыны супраць COVID-19, уведзеныя амэрыканцам. Пабочныя эфэкты ў 79,1% выпадкаў назіраліся ў жанчын, хоць іх колькасьць сярод прышчэпленых амэрыканцаў склала 61,2%.
Амаль усе рэдкія анафіляктычныя рэакцыі таксама мелі месца ў жанчын. Паводле CDC, усе 19 чалавек, у якіх назіралася такая рэакцыя на вакцыну Moderna, былі жанчынамі. Таксама жанчынамі былі і 44 з 47 пацыентаў, у якіх узьнік анафіляктычны шок пасьля ўвядзеньня вакцыны Pfizer.
The New York Times прыводзіць камэнтар імуноляга са школы грамадзкага здароўя Джонза Гопкінза Сабры Кляйн, якая лічыць, што гэткая статыстыка назіраецца і падчас увядзеньня вакцын ад іншых хваробаў.
У апублікаваным у 2013 годзе дасьледаваньні навукоўцы выявілі, што ва ўзроставай групе ад 20 да 59 гадоў пра алергічныя рэакцыі пасьля вакцынацыі супраць пандэмічнага грыпу 2009 году паведамілі ў чатыры разы больш жанчын, чым мужчын, хоць сярод тых, хто атрымаў гэтыя прышчэпкі, якраз мужчын было больш.
Іншае дасьледаваньне паказала, што ў пэрыяд з 1990 па 2016 год жанчыны складалі 80 адсоткаў дарослых пацыентаў, у якіх разьвіліся анафіляктычныя рэакцыі на вакцыны.
У цэлым жанчыны «часьцей рэагуюць на розныя вакцыны», — сказала супрацоўніца Ўпраўленьня бясьпекі імунізацыі CDC Джуліяна Джы. — Гэта тычыцца як вакцын супраць грыпу, якія ўводзяць дарослым, так і дзіцячых прышчэпак, такіх як вакцыны супраць гепатыту В і адру, эпідэмічнага паратыту і краснухі (MMR).
Ня ўсе навіны для жанчын дрэнныя
Пабочныя эфэкты звычайна лёгкія і непрацяглыя. Гэтыя фізычныя рэакцыі — прыкмета таго, што вакцына працуе, што «ў вас фармуецца ўстойлівы імунны адказ, і ў выніку вы, хутчэй за ўсё, будзеце абароненыя», — кажа доктарка Кляйн.
Але чаму ўзьнікаюць гэтыя гендэрныя адрозьненьні? Частковы адказ можа хавацца ў паводзінах.
Жанчыны часьцей скардзяцца
«Магчыма, жанчыны часьцей, чым мужчыны, паведамляюць пра пабочныя эфэкты, нават калі сымптомы ў іх аднолькавыя, — кажа супрацоўніца Школы грамадзкага здароўя Джонза Гопкінза Размары Морган. — Дасьледаваньняў, якія пацьвярджаюць гэта адносна вакцын, няма, але мужчыны радзей, чым жанчыны, зьвяртаюцца да лекараў падчас хваробы, таму яны могуць зь меншай верагоднасьцю паведамляць і аб пабочных эфэктах».
Але няма ніякіх сумненьняў, што біялёгія таксама адыгрывае важную ролю. «Жаночы імунны адказ шмат у чым адрозьніваецца ад мужчынскага», — кажа Элеанора Фіш, імуноляг з Унівэрсытэту Таронта.
Розны імунітэт
Дасьледаваньні паказваюць, што ў параўнаньні са сваімі аднагодкамі-мужчынамі арганізм жанчын і дзяўчынак вытварае больш — часам у два разы болей — антыцелаў у адказ на вакцыны ад грыпу, MMR, жоўтай ліхаманкі, шаленства і гепатытаў A і B.
Доктарка Джуліяна Джы адзначае, што ў выпадку жанчын мае месца і больш моцны адказ імунных Т-клетак. Гэтыя адрозьненьні найбольш прыкметныя сярод маладых людзей. Гэта можа азначаць, што «біялягічны эфэкт, магчыма, зьвязаны з рэпрадуктыўнымі гармонамі», — сказала яна.
Такія палавыя гармоны, як эстраген, прагестэрон і тэстастэрон, могуць зьвязвацца з паверхняй імунных клетак і ўплываць на іх працу. Узьдзеяньне эстрагену прымушае імунныя клеткі выпрацоўваць больш антыцелаў, напрыклад, у адказ на вакцыну супраць грыпу.
А тэстастэрон, як кажа доктарка Кляйн, «мае выдатнае імунадэпрэсіўнае дзеяньне». Вакцына супраць грыпу, як правіла, менш эфэктыўная для мужчын зь вялікай колькасьцю тэстастэрону. Тэстастэрон таксама падаўляе выпрацоўку арганізмам імунных хімічных рэчываў, вядомых як цытакіны.
Розная генэтыка
Генэтычныя адрозьненьні паміж мужчынамі і жанчынамі таксама могуць уплываць на імунітэт. Многія гены, зьвязаныя з імунітэтам, знаходзяцца на Х-храмасоме, якіх у жанчын дзьве копіі, а ў мужчын толькі адна. Раней імунолягі лічылі, што ў жанчын уключаная толькі адна Х-храмасома, а другая інактываваная. Але дасьледаваньні цяпер паказваюць, што 15 працэнтаў генаў пазьбягаюць гэтай інактывацыі і ў большай ступені экспрэсуюцца ў жанчын.
Гэтыя ўстойлівыя імунныя рэакцыі дапамагаюць растлумачыць, чаму 80 працэнтаў выпадкаў аўтаімунных хваробаў прыпадае на жанчын. «У жанчын вышэйшы імунітэт і да нас саміх, і да антыгену вакцыны, і да вірусу», — кажа доктарка Кляйн.
Дазіроўка вакцыны
Доза вакцыны таксама можа мець значэньне. Дасьледаваньні паказалі, што жанчыны засвойваюць лекі інакш, чым мужчыны, і часта для аднаго і таго ж эфэкту ім патрэбныя меншыя дозы. Але да 1990-х гадоў у клінічных выпрабаваньнях лекаў і вакцын жанчыны пераважна ня бралі ўдзелу.
«Рэкамэндаваныя дазіроўкі лекаў гістарычна грунтуюцца на клінічных выпрабаваньнях з удзелам мужчын», — кажа доктарка Морган.
Сёньня ў клінічных тэстах удзельнічаюць і жанчыны. Але ў выпрабаваньнях новых вакцын супраць COVID-19 пабочныя эфэкты не былі дастаткова падзеленыя і прааналізаваныя паводле полу, кажа доктарка Кляйн. І дадае, што навукоўцы не правяралі, ці могуць ніжэйшыя дозы вакцыны быць гэтак жа эфэктыўныя для жанчын, але пры гэтым выклікаць менш пабочных эфэктаў.
Пакуль да такіх дасьледаваньняў не дайшло, доктарка Кляйн рэкамэндуе папярэджваць жанчын пра магчымыя пабочныя эфэкты, а таксама тлумачыць, што гэта нармальна і адлюстроўвае нармальны стан імуннай сыстэмы.