Аднак па-ранейшаму застаюцца пытаньні да якасьці збору дадзеных аб магчымых рэдкіх пабочных эфэктах, гаворыцца ў артыкуле.
Расейскую вакцыну «Спутник V», якая стала першым у сьвеце зарэгістраваным прэпаратам для прафіляктыкі COVID-19, выкарыстоўваюць амаль у 70 краінах, аднак яна дагэтуль не атрымала ўхваленьня Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя.
Многія замежныя эпідэміёлягі і біёлягі крытыкавалі расейскую распрацоўку за занадта хуткую рэгістрацыю — больш чым за месяц да публікацыі вынікаў першай і другой фаз выпрабаваньняў на людзях.
У траўні сёлета адзін з найбольш аўтарытэтных мэдычных часопісаў The Lancet апублікаваў адкрыты ліст з крытыкай артыкулу аб клінічных выпрабаваньнях расейскай вакцыны «Спутник V», у прыватнасьці пра адсутнасьць празрыстасьці іх правядзеньні. Дадзеныя аб эфэктыўнасьці вакцыны ў лісьце былі пастаўленыя пад сумнеў. Раней стваральнік «Спутника V» — маскоўскі інстытут імя Гамалеі — заявіў, што эфэктыўнасьць вакцыны перавышае 91 дсотак.
Са зьяўленьнем дадзеных аб выніках дасьледаваньняў у іншых краінах сумневы ў эфэктыўнасьці расейскай вакцыны разьвейваліся, гаворыцца ў артыкуле Nature.
Аўтарка артыкулу Б’янка Ноградзі прыводзіць дадзеныя аб эфэктыўнасьці вакцыны, сабраныя ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і Аргентыне. У ААЭ дасьледавалі эфэктыўнасьць прымяненьня дзьвюх доз прэпарату на 81-й тысячы чалавек. Эфэктыўнасьць расейскай вакцыны склала 97,8 адсотка ў прадухіленьні сымптаматычнага COVID-19 і 100 працэнтаў у прадухіленьні цяжкіх захворваньняў.
У міністэрстве аховы здароўя Аргентыны паведамілі, што адна доза «Спутника Лайт» зьніжае сымптаматычныя інфэкцыі на 78,6 адсотка, а колькасьць шпіталізацый — на 87,6 адсотка. Гэтыя дадзеныя заснаваныя на дасьледаваньні больш 40 тысяч вакцынаваных і 146 тысяч невакцынаваных грамадзян ва ўзросьце ад 60 да 79 гадоў.
У артыкуле таксама паведамляецца, што паводле папярэдніх справаздачах пасьля вакцынацыі расейскім прэпаратам ні ў воднай краіне ня выявілі выпадкаў трамбозу. У ходзе дасьледаваньняў у Аргентыне, у Бразыліі і ў Сан-Марына не паведамлялі аб якіх-небудзь цяжкіх наступствах вакцынацыі «Спутникам V» (у справаздачы Аргентыны пра ўжываньне вакцыны адзначаныя два выпадкі трамбозу. — РС).
Цяпер «Спутник V» ўжываюць у 67 краінах, а гэта значыць, што справаздачы аб сур’ёзных пабочных эфэктах, калі яны будуць, стануць немінуча вядомыя, гаворыцца ў артыкуле.
Апытаныя Nature экспэрты лічаць, што прычынай такога доўгага разгляду САЗ і Эўрапейскім медычным агенцтвам (ЕМА) пытаньня аб рэгістрацыі расейскай вакцыны могуць быць асьцярогі з нагоды маніторынгу пабочных эфэктаў яе прымяненьня ў Расеі.
Ухваленьне САЗ мае вырашальнае значэньне для шырокага распаўсюджваньня прэпарату ў рамках глябальнай ініцыятывы COVAX, якая прадугледжвае пастаўкі вакцын у краіны зь нізкімі даходамі.