Ці праўда, што прышчэпленыя часьцей заражаюцца «Омікронам»? Праверка фактаў

Дадзеныя зь Нямеччыны і Даніі нібыта паказваюць, што прышчэпленыя ад каранавірусу часьцей заражаюцца «Омікронам». Насамрэч гэта міт.

DW правяла фактчэкінг.

Колькасьць заражэньняў варыянтам «Омікрон» у многіх краінах імкліва расьце. Разам з тым памнажаецца і колькасьць мітаў пра гэта. Многія, напрыклад, сьцьвярджаюць, што тыя, хто прышчэплены, часьцей заражаюцца каранавірусам, чым непрышчэпленыя. У якасьці «доказаў» прыкладаюцца вынікі некаторых дасьледаваньняў

Інстытут імя Робэрта Коха ліквідуе памылкі ў апублікаваных дадзеных

«Урад Нямеччыны заяўляе, што 96% выпадкаў заражэньня „Омікронам“ — сярод тых, хто прышчэплены», — піша адзін з карыстальнікаў сацыяльнай сеткі Twitter.

Акрамя гэтага, па сацыяльных сетках курсіруе графік, нібыта зроблены Інстытутам імя Робэрта Коха (RKI), у якім прыводзяцца дадзеныя за пэрыяд з 21 лістапада да 27 сьнежня 2021 году. Згодна зь імі, 69% жыхароў Нямеччыны, якія заразіліся «Омікронам», былі прышчэплены, 27 % зрабілі нават бустэрную прышчэпку — і толькі 4 % былі непрышчэпленыя. Але ці сапраўды гэтыя лічбы рэальныя?

На запыт DW прэс-сакратар RKI у пісьмовым выглядзе адказала, што гэты графік ня быў зроблены ў Інстытуце імя Робэрта Коха — але дадзеныя, прыведзеныя ў ім, і насамрэч былі апублікаваныя ў штотыднёвай справаздачы RKI ад 30 сьнежня 2021 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лекары здагадаліся, чаму «Омікрон» шкадуе нашы лёгкія

«На жаль, у адпаведным разьдзеле штотыднёвай справаздачы аказалася памылка (замест 186 чалавек была пазначана лічба ў 1097 непрышчэпленых, якія заразіліся Омікрон-варыянтам)», — напісала прэс-сакратар. Пры актуалізацыі зьвестак была забытая яшчэ адна лічба, і 3 студзеня зноў былі ўнесеныя зьмены. Гэтыя выпраўленьні ў актуалізаваным варыянце выразна выдзеленыя.

Але ў любым выпадку апублікаваныя RKI дадзеныя ня могуць служыць падставай для таго, каб ацэньваць эфэктыўнасьць вакцынацыі. Пры гэтым прэс-сакратар указвае на сайт RKI, дзе гаворыцца, што з ростам долі прышчэпленых будзе, натуральна, расьці і іх доля сярод тых, хто заразіўся каранавірусам.

Ясна і тое, што чым больш агульная колькасьць заражэньняў каранавірусам, тым большая і колькасьць інфікаваных сярод прышчэпленых. 71,6 працэнта жыхароў Нямеччыны (на 7 студзеня) цалкам прышчэпленыя. Выпадкі захворваньня прышчэпленых аднак не азначаюць, што прышчэпка не эфэктыўная. Хоць эфэктыўнасць вакцыны не складае 100 %, яна ўсё роўна абараняе ад цяжкага цячэньня хваробы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сымптомы «Омікрону». 5 пытаньняў і адказаў

Бустэрная прышчэпка значна ўмацоўвае імунітэт

Вынікі першых дасьледаваньняў паказваюць, што вакцына ня так добра абараняе ад «Омікрону», як ад іншых варыянтаў каранавірусу. Разам з тым яны таксама сьведчаць аб тым, што дзьве прышчэпкі ад каранавірусу на пэўны час усё ж абараняюць ад цяжкага цячэньня хваробы.

Ёсьць і яшчэ адна добрая навіна: першыя вынікі міжнародных дасьледаваньняў дазваляюць казаць аб тым, што бустэрныя прышчэпкі даюць вельмі надзейную абарону ад новага варыянту каранавірусу. Дасьледаваньне BioNTech/Pfizer нават паказала, што тры прышчэпкі дзейнічаюць супраць «Омікрону» гэтак сама добра, як дзьве прышчэпкі супраць першапачатковага варыянту каранавірусу.

Эфэктыўнасьць бустэрных прышчэпак пацьвярджае ў інтэрвію DW вірусоляг Вольфганг Прайзэр. Ён зьяўляецца адным з тых дасьледчыкаў у Паўднёвай Афрыцы, якія адкрылі варыянт «Омікрон». «Самае важнае, што ў нас (у Паўднёвай Афрыцы) у палатах інтэнсіўнай тэрапіі амаль няма прышчэпленых», — кажа Прайзэр. І прышчэпкі абараняюць ад хваробы і сьмерці, таму вакцынацыя па-ранейшаму патрэбная для барацьбы з каранавірусам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Большасьць вакцын у сьвеце не абараняюць ад «Омікрону». Існуе рызыка зьяўленьня новых варыянтаў. Дасьледаваньне

Дацкія дадзеныя няправільна інтэрпрэтавалі

Праціўнікі вакцынацыі зараз спасылаюцца на вынікі дасьледаваньня з Даніі, якія нібыта паказваюць, што эфэктыўнасьць вакцын BioNTech / Pfizer і Moderna супраць «Омікрону» пасьля трох месяцаў становіцца нават адмоўнай.

Адзін карыстальнік Twitter піша: верагоднасьць заражэньня «Омікронам» у прышчэпленых BioNTech на 76,5 % вышэй, чым у непрышчэпленых. У прышчэпленых Moderna — на 39,3 %.

Але гэтае дасьледаваньне, якое не прайшло незалежнай ацэнкі, прысьвечана таму, наколькі абедзьве вакцыны абараняюць ад «Омікрону». Ацэнка эфэктыўнасьці прышчэпак у дасьледаваньні складаецца з параўнаньня доляў інфікаваных сярод двойчы прышчэпленых і непрышчэпленых ў першыя тыдні пасьля таго, як варыянт «Омікрон» быў знойдзены ў Даніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наколькі небясьпечны «Омікрон». 8 пытаньняў і адказаў

Прышчэпленыя паводзяць сябе інакш, чым непрышчэпленыя

На першы погляд дадзеныя дасьледаваньня і насамрэч сьведчаць аб зьніжэньні эфэктыўнасьці абедзьвюх вакцын да адмоўнага значэньня. Але ці так гэта? DW пагутарыла з Крысьціянам Гольмам Ганзэнам, суаўтарам дасьледаваньня і эпідэміёлягам з Капэнгагену. Згодна з Ганзэнам, гаворка ідзе аб статыстычным скажэньні вынікаў.

«Адной з прычын таго, што мы назіраем высокі паказьнік заражэньняў сярод імунізаванага насельніцтва, у тым, што прышчэпленыя робяць тэсты часьцей, чым непрышчэпленыя», — кажа ён. Таму сярод іх выяўляецца і больш выпадкаў заражэньняў. Акрамя таго, толькі прышчэпленыя і людзі, што выздаравелі, могуць наведваць розныя культурныя мерапрыемствы і езьдзіць у адпачынак, дзе таксама рызыка заражэньня вышэйшая. Але гэта не азначае, што яны часьцей заражаюцца з прычыны прышчэпкі.

На гэта ўказалі і аўтары дасьледаваньня. Да таго ж і ў Даніі прышчэпленых нашмат больш, чым непрышчэпленых: амаль 80 працэнтаў датчан ужо маюць па дзьве прышчэпкі.

Але гэтае дасьледаваньне мае акрамя статыстычнага і яшчэ адну загану. У ім гаворка ідзе толькі аб колькасьці тых, хто заразіўся сярод прышчэпленых і непрышчэпленых, але не праводзіцца адрозьненьняў паміж лёгкім і цяжкім цячэньнем хваробы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці дае трэцяя доза вакцыны абарону ад новага штаму «Омікрон». Дасьледаваньне

Высновы

Дадзеныя зь Нямеччыны і Даніі не даказваюць, што вакцыны ня дзейнічаюць супраць «Омікрону» і што гэты варыянт каранавірусу больш заразны для прышчэпленых, чым для непрышчэпленых. Такімі дадзенымі сьвядома маніпулююць праціўнікі вакцынацыі.

Дазволеныя да выкарыстаньня вакцыны хоць і ня так эфэктыўныя супраць «Омікрону», як супраць іншых варыянтаў, але ўсё роўна даюць абарону ад цяжкага цячэньня хваробы.

Першыя дасьледаваньні паказваюць таксама, што бустэрная прышчэпка значна павялічвае абарону ад заражэньня і цяжкай формы хваробы.