Любоў Лунёва, Менск З турмы на Акрэсьціна пасьля адбыцьця 15 сутак арышту выйшлі Зьміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч і Павал Драздоў. Хлопцаў затрымалі 17 красавіка, калі яны ішлі ў будынак Маскоўскага суду Менску. Актывіст штабу Аляксандра Казуліна Павал Драздоў хацеў прысутнічаць на судзе ў Юрыя Радзівіла, а Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч — у справе дацэнта пэдунівэрсытэту Юрыя Бачышчы, якога з палітычных прычынаў звольнілі з працы. Маладафронтаўцы Артур Фінькевіч і Зьміцер Дашкевіч заявілі, што далучыліся да галадоўкі. Таксама да галадоўкі далучыўся Дзяніс Карноў, сябра незарэгістраванай арганізацыі "Малады Фронт", які жыве ў Салігорску, а працуе ў Менску. Ён заявіў, што будзе галадаць на сваім працоўным месцы. Такім чынам, у акцыі пратэсту ўдзельнічае ўжо 29 чалавек.