Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўнікі мінулых гадоў успамінаюць пра свае акцыі пратэсту


Ганна Соўсь, Менск Апошнім часам галадоўкі сталі даволі распаўсюджанай формай пратэсту ў Беларусі. Галадаюць асобныя людзі й групы. Ці эфэктыўны гэты сродак? І якія парады можна даць цяперашнім галадоўнікам? Пра гэта наша карэспандэнтка гутарыла з галадоўнікамі апошніх дзесяці гадоў.

Год таму пры канцы траўня з ініцыятывы жодзінскіх моладзевых актывістаў распачалася галадоўка на знак пратэсту супраць перасьледу апазыцыйнай моладзі ў навучальных установах. Тады ў галадоўцы бралі ўдзел актывісты з Жодзіна, Менску, Бабруйску, Барысава і Кіева. Згадвае жодзінскі ўдзельнік галадоўкі Яўген Валкавец:

(Валкавец: ) “Плён быў ад гэтай галадоўкі, таму што хацелі выгнаць дзьвюх дзяўчынак, якія навучаліся ў жаночай гімназіі. Дык гэтых дзяўчынак ня выключылі. А наконт гэтай галадоўкі — гэта вельмі магутны і цяжкі крок. Я лічу, што плён будзе, бо гэта ўсё больш і больш набірае абароты, і, можа, хутка падключыцца і Жодзіна”.

Нядаўна вызвалены з-за кратаў лідэр прадпрымальніцкага руху Валер Леванеўскі чатырнаццаць разоў абвяшчаў галадоўку ў калёніі. Паводле яго, амаль усе яны мелі плён, хаця б невялікі.

(Леванеўскі: ) “У мяне былі крыху іншыя мэты і задачы. У калёніі складана падаваць скаргі, заявы. А згодна з законам, на трэці дзень галадоўкі яны абавязаныя паведаміць пракурору. Два-тры патрабаваньні, што выстаўляліся падчас галадоўкі, задавальняліся. Галадоўкі былі ад аднаго да сямнаццаці дзён. Аднойчы я толькі адмовіўся харчавацца, калі мне забаранілі наведваць царкоўныя службы, і літаральна празь дзьве гадзіны пасьля абвяшчэньня галадоўкі мне дазволілі наведваць набажэнствы”.

Дзесяць гадоў таму пасьля “Чарнобыльскага шляху” трымалі галадоўку пратэсту затрыманыя актывісты БНФ Вячаслаў Сіўчык і Юры Хадыка. Праз 25 дзён празь ціск міжнароднай супольнасьці й вулічныя пратэсты яны былі вызваленыя з-за кратаў. Юры Хадыка дае парады цяперашнім галадоўнікам:

(Хадыка: ) “Яны павінны ведаць, як трэба галадаць. Піць шмат вады і ачышчаць кішэчнік. І трэба ведаць, што больш за пяць тыдняў галадаць вельмі небясьпечна. Калі іхныя мэты ня будуць дасягнутыя за гэты час, я вельмі прашу гэтых мужных людзей галадоўку спыніць”.

Уладзімер Парфяновіч разам зь іншымі дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, палітыкамі й грамадзкімі дзеячамі ўлетку 2004 году 18 дзён трымаў галадоўку супраць правядзеньня рэфэрэндуму аб трэцім тэрміне Аляксандра Лукашэнкі і за вызваленьне Міхаіла Марыніча.

(Парфяновіч: ) “Галадоўка прадэманстравала, што ўладзе гэта, як кажуць, фіялетава. У нашай краіне галадоўкай нічога не дасягнеш, бо масавыя мэдыі не паведамляюць пра тых, хто галадуе”.

(Карэспандэнтка: ) “А вы яшчэ раз сталі б калі-небудзь абвяшчаць галадоўку пратэсту?”

(Парфяновіч: ) “Ня ведаю. Гэта вельмі сур’ёзная справа, і вельмі б’е па здароўі”.

Людміла Парэмбская з Ваўкавыску некалькі разоў трымала галадоўку пратэсту разам з кіраўніком фірмы прыватных таксовак Мікалаем Аўтуховічам.

(Парэмбская: ) “Падчас першай галадоўкі мы хацелі дамагчыся, каб нам вярнулі сканфіскаваныя машыны. Мы дамагліся гэтага. Потым у нас была галадоўка, каб у нас разблякавалі рахункі. Ізноў жа, мы дамагліся. Восеньню 2005 году нас было мала, і мы былі вымушаныя спыніць галадоўку і дамагацца законным мэтадам, каб Мікалаю Мікалаевічу зьмянілі меру стрыманьня. Але ўсё роўна — галадоўнікі нечага даб’юцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG