Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ю.Радзівіл выйшаў на волю, заяўляе, што ня спыніць сваю дзейнасьць


Алег Грузьдзіловіч, Менск Зь менскага сьледчага ізалятару выйшаў на волю актывіст апазыцыі Юры Радзівіл. Нагадаем, па аўтамабілі Радзівіла 2 сакавіка стралялі супрацоўнікі “Алмазу”. А пасьля выбараў малады актывіст быў асуджаны на тры месяцы арышту, ён ледзь не згубіў прыватны бізнэс.

Ці не шкадуеце, што пайшлі ў апазыцыю? — гэта было першае пытаньне, якое наш карэспандэнт задаў Юрыю Радзівілу.

Юры Радзівіл адбыў у турме на вуліцы Валадарскага тры месяцы. Сеў напачатку вясны, выйшаў на волю напачатку лета, з торбамі зімовай вопраткі ў руках. Кажа, на шпацыры не выводзілі, таму перад вызваленьнем было адчуваньне, што ўбачыць на вуліцы сьнег.

(Радзівіл: ) “Вы ведаеце, у мяне дагэтуль адчуваньне такое, што яшчэ сакавік, сьнег. У іншае ня верылася. Хаця я ведаў, што лета за акном, але ўсё роўна ў памяці заставаўся сакавік”.

Нагадаю, актывіста перадвыбарчага штабу Казуліна Юрыя Радзівіла арыштавалі 2 сакавіка. Ён быў сьведкам разгону прыхільнікаў Аляксандра Казуліна каля Маскоўскага райаддзелу міліцыі, калі супрацоўнікі “Алмазу” ўпершыню за перадвыбарчую кампанію ўжылі баявую зброю.

Малады чалавек працягвае настойваць на тым, што міліцыянты дзейнічалі не адпаведна сытуацыі, яны не назваліся й паводзілі сябе як бандыты.

Ён не хавае крыўды, што ў выніку атрымаў на ўсё жыцьцё кляймо злачынцы, але на пытаньне, ці шкадуе, што ўвязаўся ў палітыку, цьвёрда адказвае :“Не, не шкадую”.

(Радзівіл: ) “Ад гэтага ніхто не застрахаваны, гэта можа адбыцца з кім заўгодна. З тым, хто падзяляе гэтыя ідэі й хто не падзяляе. Ад турмы не заракайся. Не, я не шкадую”.

За выбарамі 19 сакавіка й далейшымі падзеямі на Кастрычніцкай плошчы Юры Радзівіл назіраў з турмы на Валадарскага — наколькі гэта дазвалялі зьвесткі ад сукамэрнікаў ды інфармацыя зь дзяржаўных мэдыяў. Цяпер малады чалавек папаўняе гэтыя зьвесткі. Ён кажа, што не чакаў такой актыўнасьці апазыцыі й вельмі задаволены, што людзі выйшлі на плошчу й дагэтуль працягваюць акцыі пратэсту. “Хутчэй за ўсё, калі б у мяне была магчымасьць, я б быў сярод абаронцаў намётавага лягеру”, — кажа Юры Радзівіл.

У будучым Юры Радзівіл не зьбіраецца ўхіляцца ад палітычнай дзейнасьці, але спачатку зьбіраецца больш часу прысьвячаць сям’і й наладзіць уласны бізнэс, які за тры месяцы ягонай адсутнасьці заняпаў.

Супрацоўнікі “Алмазу” ў судзе над Юрыем Радзівілам даказвалі, што той не падпарадкаваўся іхным законным патрабаваньням, таму яны былі вымушаныя ўжыць зброю.

Камандзір “Алмазу” Мікалай Карпянкоў распавёў, што разьбіў пісталетам шкло аўтамабіля Радзівіла, а калі той не спыніўся, тройчы страляў па колах аўтамабіля.

Прысуд Юрыю Радзівілу вынесла судзьдзя Алена Шылько.

Чалавек у скуранцы страляе па аўтамабілі Ю.Радзівіла (фота 2 сакавіка)



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG