Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч сустрэўся ў Менску з аналітыкамі й палітолягамі


Радыё Свабода Сёньня ў Менску адбылася сустрэча лідэра аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча з аналітыкамі, палітолягамі, прадстаўнікамі незалежных сацыялягічных інстытутаў. Абмяркоўваліся вынікі мінулай палітычнай кампаніі й пляны аб’яднаных дэмакратычных сілаў на бліжэйшую пэрспэктыву.

Сёньня Аляксандар Мілінкевіч сустрэўся больш як з дваццацьцю вядомымі ў краіне асобамі й пры канцы дыскусіі прапанаваў утварыць Раду экспэртаў у рамках кампаніі “За свабоду”, якая будзе надалей дапамагаць выпрацоўваць стратэгію й тактыку аб’яднаных дэмсілаў. Палітоляг Сяргей Нікалюк пра мэты аб’яднаньня экспэртаў заявіў:

(Нікалюк: ) “У выніку ягоная галоўная найбліжэйшая задача — распрацаваць стратэгію. Каб распрацаваць стратэгію, спачатку трэба прыйсьці да адзінага разуменьня, бачаньня таго, што адбываецца ў краіне, аналізу таго, што можа адбыцца. А зыходзячы з гэтага будуць стварацца рамкі стратэгіі, на якія групы яна павінна быць скіраваная. Урэшце, больш канкрэтная, па якой можна працаваць”.

Падчас сустрэчы выказваліся меркаваньні пра дзеяньні аб’яднанай апазыцыі ў бліжэйшай пэрспэктыве. Палітоляг Уладзімер Мацкевіч адзначыў:

(Мацкевіч: ) “На сёньня — сапраўды, гэта мне падабаецца і радуе, трэба рабіць адзіны рух, таму што сілаў у нас сёньня так мала, што ніякія два рухі, два кірункі працы проста ня будуць рэсурсава забясьпечаныя, ня будуць мець пэўнай моцы. Таму гэта правільны кірунак — на адзіны рух. Далей трэба ведаць, што рухаюцца людзі. Мёртвыя структуры трэба проста дэнансаваць, таму што яны толькі шкодзяць і блытаюцца пад нагамі. І для гэтага руху трэба паэтапны плян паступовых дзеяньняў дзеля назапашваньня таго, што патрэбна для стратэгічнай перамогі. Сёньня перамогай зьяўляецца ня проста адхіленьне Лукашэнкі ад улады, што далёкая пэрспэктыва, а набыцьцё пэўных сілаў”.

Нагадаем, 22 траўня Палітрада дэмсілаў ухваліла стратэгію аб’яднанай апазыцыі ў рамках агульнанацыянальнай кампаніі “За свабоду”. Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы мяркуюць мірнымі грамадзянскімі дзеяньнямі прымусіць уладу пайсьці на перамены, выправіць Аляксандра Лукашэнку ў адстаўку і правесьці свабодныя выбары па крытэрах АБСЭ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG