Пра гэта піша The New York Times.
Новыя дасьледаваньні на лябараторных жывёлах і тканках чалавека далі адказ на пытаньне, чаму варыянт «Омікрон» выклікае лягчэйшае захворваньне ў параўнаньні з папярэднімі вэрсіямі каранавірусу.
У дасьледаваньнях на мышах і хамяках «Омікрон» выклікаў менш небясьпечныя інфэкцыі, часта абмяжоўваючыся верхнімі дыхальнымі шляхамі — носам, горлам і трахеяй. Гэты варыянт наносіць значна менш шкоды лёгкім, дзе папярэднія варыянты часта выклікалі рубцаваньне і сур’ёзныя праблемы з дыханьнем.
У лістападзе, калі з Паўднёвай Афрыкі паступілі першыя паведамленьні пра варыян «Омікрон», навукоўцы маглі толькі здагадвацца, чым ён можа адрозьнівацца ад больш раньніх формаў вірусу. Усё, што яны ведалі, гэта тое, што ў «Омікрону» была трывожная камбінацыя з больш чым 50 мутацыямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сымптомы «Омікрону». 5 пытаньняў і адказаўПапярэднія дасьледаваньні паказалі, што некаторыя з гэтых мутацый дазваляюць «Омікрону» больш шчыльна прымацоўвацца да клетак, а іншыя дазваляюць вірусу ўхіляцца ад антыцелаў, якія раней абаранялі ад старых вэрсій. Але як новы варыянт павядзе сябе ўнутры цела, заставалася загадкай.
Вынікі новых дасьледаваньняў
За апошні месяц каля 15-ці дасьледчых груп назіралі за «Омікронам» у лябараторыі, заражаючы ім клеткі ў кубках Пэтры і распыляючы вірус у насы жывёл.
Пакуль навкоўцы працавалі, «Омікрон» распаўсюдзіўся па сьвеце, заражаючы нават тых, хто быў прышчэплены або ўжо вылечыўся ад інфэкцый.
Але было заўважана, што нягледзячы на рэзкі рост колькасьці выпадкаў, колькасьць шпіталізацый вырасла нязначна. Першыя абсьледаваньні пацыентаў паказалі, што «Омікрон» радзей выклікае цяжкія захворваньні ў параўнаньні зь іншымі варыянтамі, асабліва ў вакцынаваных людзей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Большасьць вакцын у сьвеце не абараняюць ад «Омікрону». Існуе рызыка зьяўленьня новых варыянтаў. ДасьледаваньнеАле гэтыя высновы былі зроблены зь вялікай колькасьцю агаворак. Асноўная маса раньніх заражэньняў «Омікронам» прыпадала на маладых людзей, у якіх і так менш шанцаў сур’ёзна захварэць усімі вэрсіямі вірусу. Многія раньнія выпадкі мелі месца ў людзей з імунітэтам ад папярэдніх інфэкцый або вакцын. Было незразумела, напрыклад, ці будзе «Омікрон» менш небясьпечны для непрышчэпленага пажылога чалавека.
Экспэрымэнты на жывёлах дапамаглі адказаць на гэтыя пытаньні, бо навукоўцы тэставалі «Омікрон» на жывёлах, што жывуць у аднолькавых умовах. Вынікі паўтара дзясятка экспэрымэнтаў, апублікаваныя у апошнія дні, дазваляюць зрабіць адну і тую ж выснову: «Омікрон» больш мяккі за «Дэльту» і іншыя варыянты вірусу.
12 студзеня вялікі кансорцыюм японскіх і амэрыканскіх навукоўцаў апублікаваў справаздачу аб хамяках і мышах, інфікаваных або «Омікронам», або адным з больш раньніх варыянтаў. Дасьледаваньне паказала, што інфікаваныя «Омікронам» жывёлы мелі менш пашкоджаньняў у лёгкіх, менш гублялі вагу і радзей паміралі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наколькі небясьпечны «Омікрон». 8 пытаньняў і адказаўАсабліва навукоўцаў зьдзівілі вынікі ў сырыйскіх хамякоў, якія цяжка хварэлі ўсімі папярэднімі вэрсіямі вірусу. «Гэта дзіўна, паколькі ўсе астатнія варыянты моцна заражалі гэтых хамякоў», — сказаў у інтэрвію журналістам вірусоляг з Вашынгтонскага ўнівэрсытэту і суаўтар дасьледаваньня доктар Майкл Дайманд.
Некалькі іншых дасьледаваньняў на мышах і хамяках прыйшлі да такіх жа высноваў.
Прычына таго, што «Омікрон» мякчэйшы, можа хавацца ў анатоміі. Доктар Дайманд і яго калегі выявілі, што ўзровень «Омікрону» ў насах хамякоў быў такім жа, як і ў заражаных больш раньняй формай каранавірусу жывёл. Але ўзроўні «Омікрону» ў лёгкіх складалі адну дзясятую (або і менш) за ўзровень іншых варыянтаў.
Аналягічную выснову зрабілі дасьледнікі з унівэрсытэту Ганконгу, якія вывучалі тканкі, узятыя з дыхальных шляхоў чалавека падчас апэрацыі. У 12 узорах лёгкіх дасьледнікі выявілі, што колькасьць «Омікрону» расьце павольней, чым «Дэльты» і іншых варыянтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці дае трэцяя доза вакцыны абарону ад новага штаму «Омікрон». ДасьледаваньнеНавукоўцы таксама заразілі тканкі бронхаў — трубак у верхняй частцы грудной клеткі, якія дастаўляюць паветра з дыхальнага горла ў лёгкія. Унутры гэтых бранхіяльных клетак у першыя два дні пасьля заражэньня «Омікрон» распаўсюджваўся хутчэй, чым «Дэльта» або іншыя раньнія штамы.
Каранавірусная інфэкцыя пачынаецца ў носе і, магчыма, у роце і распаўсюджваецца ўніз па горле. Лёгкія інфэкцыі далей за гэта не ідуць. Калі ж каранавірус дасягае лёгкіх, ён можа нанесьці сур’ёзную шкоду. Імунныя клеткі ў лёгкіх могуць празьмерна рэагаваць, забіваючы ня толькі інфікаваныя, але і неінфікаваныя клеткі. Яны таксама могуць выклікаць некіраванае запаленьне, пасьля якога на далікатных сьценках лёгкіх застаюцца рубцы.
Больш за тое, вірусы могуць пранікаць з пашкоджаных лёгкіх у крывацёк, выклікаючы ўтварэньне тромбаў і разбураючы іншыя органы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Омікрон». 8 гарачых пытаньняў і адказаўАдкрыцьцё навукоўцаў
Вірусоляг з Кэмбрыджскага ўнівэрсытэту доктар Равіндра Гупта мяркуе, што новыя дадзеныя яго каманды даюць малекулярнае тлумачэньне, чаму «Омікрон» ня надта пасьпяхова дзейнічае ў лёгкіх.
Многія клеткі лёгкіх нясуць на сваёй паверхні бялок TMPRSS2, які можа ненаўмысна садзейнічаць пранікненьню вірусаў у клетку. Але каманда Гупты выявіла, што гэты бялок ня вельмі добрае счапляецца з «Омікронам». У выніку «Омікрон» значна горш за «Дэльту» заражае клеткі.
Група дасьледнікаў з унівэрсытэту Глазга незалежна ад каманды доктара Гупты прыйшла да такой жа высновы.
Але каранавірусы могуць альтэрнатыўным шляхам пранікаць у клеткі, якія ня маюць на сваёй паверхні бялок TMPRSS2. І якраз вышэй, у дыхальных шляхах, клеткі, як правіла, не нясуць на сабе TMPRSS2. Гэтым і можа тлумачыцца факт, што «Омікрон» сустракаецца там часьцей, чым у лёгкіх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што трэба ведаць пра «Омікрон». 9 фактаўДоктар Гупта выказаў здагадку, што «Омікрон» ператварыўся ў спэцыяліста па верхніх дыхальных шляхах, паражаючы горла і нос. Калі гэта праўда, то ў віруса больш шанцаў выкідвацца маленькімі кроплямі ў навакольнае паветра і сустракаць новых носьбітаў.
Выклік для новых экспэрымэнтаў
Новыя дасьледаваньні дапамаглі зразумець, чаму «Омікрон» выклікае лягчэйшае захворваньне, але яшчэ няма адказу на пытаньне, чаму гэты варыянт так добра распаўсюджваецца ад аднаго чалавека да іншага.
На мінулым тыдні навукоўцы паведамілі, што гэты варыянт нясе мутацыю, якая можа аслабіць так званы прыроджаны імунітэт — малекулярны сыгнал трывогі, які хутка актывуе нашу імунную сыстэму пры першых прыкметах ўварваньня ў нос. Але спатрэбяцца дадатковыя экспэрымэнты, каб упэўніцца, што гэта сапраўды адзін з сакрэтаў посьпеху «Омікрону».