Пра новую сытуацыю інфармуе газэта The New York Times.
Навукоўцы паведамілі, што вірус воспы малпаў можа перадавацца паветрана-кропельным шляхам, хоць гэтая форма перадачы складае толькі невялікі адсотак ад агульнай лічбы выпадкаў.
Маскі абараняюць
На мінулым тыдні амэрыканскія Цэнтры кантролю і прафіляктыкі захворваньняў (CDC) абнавілі свае рэкамэндацыі для падарожнікаў, якія хочуць абараніць сябе ад воспы малпаў. Адна з рэкамэндацый: «Насіце маску. Нашэньне маскі можа дапамагчы абараніць вас ад шматлікіх захворваньняў, у тым ліку ад воспы малпаў».
Аднак пазьней гэтую рэкамэндацыю выдалілі. «CDC прыбралі рэкамэндацыю аб масках пры паездках, бо гэта выклікала блытаніну», — гаворыцца ў заяве агенцтва.
Тым ня менш агенцтва па-ранейшаму сьцьвярджае, што ў краінах, дзе распаўсюджваецца воспа малпаў, «хатнім кантактам і працаўнікам аховы здароўя» трэба падумаць аб нашэньні масак. Гэтая рэкамэндацыя распаўсюджваецца і на «іншых людзей, якія могуць знаходзіцца ў цесным кантакце з чалавекам, у якога пацьверджана воспа малпаў».
Экспэрты кажуць, што хоць перадача паветрана-кропельным шляхам — не галоўны фактар распаўсюджваньня хваробы, няма дакладных зьвестак, які менавіта ўклад яна ўносіць.
З 13 траўня, калі быў зарэгістраваны першы выпадак воспы малпаў, вірус быў дыягнаставаны больш як у 1000 чалавек у 31 краіне, і яшчэ як мінімум тысяча выпадкаў цяпер вывучаецца.
Раней паветрана-кропельная перадача воспы малпаў ужо фіксавалася
У ранейшых успышках большасьць выпадкаў была зарэгістравана ў тых, хто меў цесны кантакт з інфікаванымі пацыентам ці жывёлай. Але ў некаторых выпадках паветрана-кропельная перадача была адзіным тлумачэньнем заражэньняў.
На сваім вэб-сайце CDC па-ранейшаму заклікае пацыентаў з воспай малпаў насіць хірургічную маску, «асабліва тых, у каго ёсьць рэсьпіраторныя сымптомы». Агенцтва просіць іншых членаў сям’і «падумаць пра нашэньне хірургічнай маскі», калі яны знаходзяцца ў цесным кантакце з хворым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто абаронены ад воспы малпаў? Дзьве групы рызыкіМяркуецца, што воспа малпаў паводзіць сябе гэтак жа, як яе вірусны сваяк, воспа натуральная. У дакладзе аб перадачы воспы за 2012 год доктар Дональд Мілтан, экспэрт па вірусах з Унівэрсытэту Мэрылэнду, апісаў некалькі выпадкаў паветрана-кропельнай перадачы.
Ён сьцьвярджаў, што гэта было адзінае праўдападобнае тлумачэньне падчас успышкі воспы ў Нью-Ёрку ў 1947 годзе, калі адзін пацыент заразіў іншага, які знаходзіўся на сем паверхаў вышэй у той жа лякарні. Затым, у 1970 годзе, хворы пацыент заразіў некалькіх іншых на трох паверхах бальніцы ў нямецкім горадзе Мэшэдзе. Лічыцца, што ў гэтым выпадку інфэкцыі спрыялі патокі паветра ў будынку лякарні.
А навукоўцы, якія вывучалі ўспышку воспы малпаў у Нігерыі ў 2017 годзе, назіралі выпадкі перадачы вірусу ў турме і зафіксавалі выпадкі заражэньня ў двух мэдычных працаўнікоў, якія ня мелі прамога кантакту з пацыентамі.
Што кажуць дасьледчыкі
На навуковай канфэрэнцыі, арганізаванай на мінулым тыдні Сусьветнай арганізацыяй здароўя, некалькі навукоўцаў абмеркавалі малазразумелыя пакуль аспэкты воспы малпаў, у тым ліку і асноўны спосаб перадачы.
Жыхароў Нью-Ёрку прышчаплялі ад воспы падчас успышкі ў 1947 годзе. У некалькіх задакумэнтаваных выпадках перадача інфэкцыі паветрана-кропельным шляхам была адзіным тлумачэньнем заражэньня.
«Пакуль не зразумела, які шлях перадачы дамінуючы, адказы могуць даць экспэрымэнты на жывёлах, — заявіла на канфэрэнцыі Нэнсі Саліван, дасьледчыца з Нацыянальнага інстытуту алергіі і інфэкцыйных хваробаў ЗША. — Гэта павінна стаць першачарговай задачай для лябараторных дасьледаваньняў».
Экспэрты падкрэсьліваюць ролю буйных рэсьпіраторных кропель, якія выкідаюцца інфікаванымі пацыентамі і трапляюць на прадметы ці людзей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што такое воспа малпаў і ці трэба турбавацца? 5 пытаньняў і адказаў«Заражэньне воспай малпаў патрабуе сапраўды цеснага пастаяннага кантакту, — сказала Андрэа Маккалум, вядучы экспэрт CDC у галіне вірусаў. — Гэта ня вірус, які перадаецца на некалькі мэтраў. Вось чаму мы павінны быць вельмі асьцярожныя».
Адказваючы на пытаньне, ці павінны чыноўнікі аховы здароўя шырэй гаварыць пра паветрана-кропельную перадачу, доктарка Маккалум сказала, што так.
На пачатку пандэміі каранавірусу мэдыкі таксама сумняваліся ў яго перадачы паветраным шляхам
Рэзкая зьмена стаўленьня амэрыканскіх уладаў да нашэньня масак падарожнікамі ва ўмовах эпідэміі воспы малпаў нагадала пра тое, як на пачатку пандэміі каранавірусу яго перадаваньне паветрана-кропельным шляхам адмаўлялі.
У верасьні 2020 году CDC апублікавала дакумэнт аб паветрана-кропельнай перадачы каранавірусу, а затым раптоўна адклікала яго ўсяго празь некалькі дзён. Толькі ў траўні 2021 году агенцтва прызнала, што каранавірус можа «заставацца ў паветры на працягу некалькіх хвілін або гадзін».
Большая частка інфармацыі пра вірус воспы малпаў была атрыманая з дасьледаваньняў звычайнай воспы. На працягу апошніх двух дзесяцігодзьдзяў навукоўцы вывучалі, як распаўсюджваецца воспа, у тым ліку вывучалі яе прысутнасьць у паветры ў выглядзе дробных кропелек, так званых аэразоляў. Мэдыкі рыхтаваліся да патэнцыйнага выкарыстаньня вірусу воспы біятэрарыстамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дрэнныя навіны ад навукоўцаў: каранавірус ня зьнікне, хварэць ім будуць тры-чатыры разы на год«Большасьць людзей думае, што воспа звычайна перадаецца буйнымі кроплямі, але зь нейкай прычыны яна можа часам перадавацца аэразолямі з зусім дробнымі часьцінкамі», — кажа Марк Чалбэрг, вірусоляг з Нацыянальнага інстытуту алергіі і інфэкцыйных хваробаў ЗША.
Згаданы раней доктар Мілтан папярэдзіў, што прадухіленьне паветрана-кропельнай перадачы воспы малпаў асабліва важнае ў шпіталях, бо меры засьцярогі ад аэразоляў не ўнівэрсальныя і не дасканалыя.
Чаго мы яшчэ ня ведаем пра воспу малпаў
Успышка воспы малпаў у сьвеце працягваецца. Многія пацыенты ізалююцца дома, бо маюць лёгкія сымптомы. Членам сем’яў гэтых людзей, паводле экспэртаў, давядзецца прыняць да ўвагі магчымасьць паветрана-кропельнай перадачы вірусу.
Апрача таго, многія пытаньні наконт воспы малпаў застаюцца без адказу. Сярод іх:
- чаму цяперашняя ўспышка выклікала толькі адносна лёгкія выпадкі;
- ці могуць людзі перадаваць вірус пры адсутнасьці сымптомаў;
- як доўга вірус цыркулюе ў грамадзтве;
- і ці можа ён перадавацца празь спэрму і вагінальныя выдзяленьні.