Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто абаронены ад воспы малпаў? Дзьве групы рызыкі


Мэдыкі сьцьвярджаюць, што пажылыя людзі, якія ў дзяцінстве атрымалі прышчэпкі ад воспы, могуць захоўваць імунітэт, а здаровыя дзеці і дарослыя звычайна не хварэюць на воспу малпаў цяжка. Але ня ўсё так проста.

Пра гэта піша амэрыканская The New York Times.

Для сьвету, які стаміўся ад барацьбы з каранавірусам, успышка воспы малпаў ставіць ключавое пытаньне: хто ў групе рызыкі?

Адказ абнадзейвае. Паводле экспэртаў, большасьць дзяцей і дарослых са здаровай імуннай сыстэмай, хутчэй за ўсё, пазьбегнуць цяжкіх формаў хваробы.

Вакцына ад звычайнай воспы, якую цяпер вырабляюць фармакалягічныя кампаніі, эфэктыўная таксама і ад воспы малпаў.

Але ёсьць дзьве групы рызыкі. Адна — немаўляты ва ўзросьце да шасьці месяцаў. Але іх сёлетняя ўспышка пакуль не закранула. Другую групу складаюць пажылыя людзі.

Зрэшты, пра пажылых людзей навукоўцы кажуць з агаворкай, бо яны, як паказваюць дасьледаваньні, у некаторай ступені абароненыя прышчэпкамі ад воспы, зробленымі дзесяцігодзьдзі таму. Лічыцца, што заразіцца прышчэпленыя людзі могуць, але, хутчэй за ўсё, адчуюць толькі лёгкія сымптомы хваробы.

«Сутнасьць у тым, што нават тыя, хто быў прышчэплены шмат дзесяцігодзьдзяў таму, захоўваюць вельмі і вельмі высокі ўзровень антыцелаў і здольнасьць нэўтралізаваць вірус», — кажа доктар Люіджы Фэручы, навуковы дырэктар Нацыянальнага інстытуту старэньня ЗША. — Нават калі яны прышчэпленыя 50 гадоў таму, тая абарона ўсё яшчэ павінна працаваць».

Доктар Энтані Фаўчы, галоўны дарадца адміністрацыі прэзыдэнта ЗША ў справе інфэкцыйных хваробаў, мяркуе, што «працягласьць абароны вар’іруе ад чалавека да чалавека». «Насамрэч мы ня можам гарантаваць, што чалавек, які атрымаў прышчэпку ад воспы, абаронены і ад воспы малпаў», — кажа Фаўчы.

У Злучаных Штатах плянавая імунізацыя супраць воспы была спынена ў 1972 годзе, у СССР — у 1980 годзе. У тым жа годзе на Генэральнай асамблеі Сусьветнай арганізацыі здароўя было абвешчана, што натуральная воспа ў сьвеце ліквідаваная. Але, напрыклад, амэрыканскіх вайскоўцаў прышчаплялі ад воспы да 1991 году ў якасьці меры засьцярогі супраць нападу біятэрарыстаў. У Беларусі вакцынацыя ад воспы праводзілася з 1800 году да пачатку 1980-х гадоў.

У апошнія тыдні ўспышка воспы малпаў пашырылася і цяпер налічвае больш за 500 пацьверджаных выпадкаў у 30 краінах сьвету, яшчэ некалькі чалавек знаходзяцца пад назіраньнем мэдыкаў.

Якія сымптомы хваробы

Інфэкцыя воспы малпаў пачынаецца з рэсьпіраторных сымптомаў, затым зьяўляецца выразная сып, спачатку ў роце, затым на далонях і падэшвах ног, і паступова на астатніх частках цела. Сып з часам становіцца выпуклай, ператвараючыся ў запоўненыя гноем пухіры.

Кожная пустула ўтрымлівае жывы вірус, а трэснуты пухір можа заразіць пасьцельную бялізну і іншыя прадметы, ставячы пад рызыку тых, хто зь імі цесна кантактуе.

Інфікаваным людзям трэба быць вельмі асьцярожнымі, церучы вочы, бо вірус здольны разбурыць зрок. Менавіта поўная сьлепата, поруч са шнарамі на твары, была найбольш частым наступствам натуральнай воспы ў часы яе распаўсюджваньня на плянэце.

«Да таго як Джэнэр распрацаваў вакцыну супраць воспы, прычынай сьлепаты нумар адзін у сьвеце была воспа», — кажа Марк Сьліфка, імуноляг з Арэгонскага ўнівэрсытэту здароўя і навукі.

Паводле яго слоў, інфікаваныя людзі заразныя да таго часу, пакуль пустулы не пакрыюцца і не адслояцца.

Ці можа ўспышка воспы малпаў перарасьці ў пандэмію

Доктар Сьліфка і іншыя экспэрты падкрэсьліваюць, што, хоць воспа малпаў можа быць цяжкай і нават сьмяротнай, цяперашняя ўспышка наўрад ці перарасьце ў буйную эпідэмію.

«Нам пашанцавала, што ў нас ёсьць вакцыны і тэрапэўтычныя сродкі — рэчы, якія могуць зьмякчыць усё гэта, — кажа Эн Рымуан, эпідэміёляг з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Лос-Анджэлесе, якая вывучала воспу малпаў у Афрыцы. — У нас ёсьць магчымасьць спыніць гэты вірус».

Для зьяўленьня сымптомаў воспы малпаў патрабуецца да 12 дзён, што дае лекарам акно ня менш як у пяць дзён для кантакту з вакцынай і прадухіленьня хваробы. Такі падыход называецца посткантактнай прафіляктыкай. Пацыентам з COVID-19 ён не пасуе, бо каранавірус можа пачаць разбураць арганізм усяго праз пару дзён пасьля заражэньня.

Вірус воспы малпаў не распаўсюджваецца пры адсутнасьці сымптомаў. Паводле экспэртаў, пільнае назіраньне, ізаляцыя інфікаваных людзей, адсочваньне кантактаў і карантын тых, хто кантактаваў з заражаным чалавекам, павінны стрымаць успышку.

Большасьць інфікаваных цяпер складаюць маладзейшыя за 50 гадоў мужчыны. Многія зь іх ідэнтыфікуюць сябе як геі або бісэксуалы, што можа сьведчыць пра магчымае паходжаньне ўспышкі з гей-прайду на Канарскіх выспах.

Зрэшты, экспэрты лічаць, што ўспышка магла гэтак жа лёгка пачацца і сярод гетэрасэксуальных людзей на вялікім мерапрыемстве, так што пра сваю гігіену павінны дбаць усе, да якой бы сацыяльнай групы хто ні належаў.

Ці ёсьць прычыны для занепакоенасьці

Пакуль аб сьмяротных выпадках ад воспы малпаў не паведамляецца. Але экспэрты занепакоеныя блізкімі кантактамі дзяцей, пажылых людзей і людзей са слабой імуннай сыстэмай, бо наконт таго, як доўга захоўваецца імунітэт пасьля прышчэпкі ад воспы, меркаваньні супярэчлівыя.

Лябараторныя дадзеныя аб антыцелах не даказваюць, што вакцынацыя супраць воспы можа цалкам абараніць ад воспы малпаў. Але для поўнага і дакладнага адказу на гэтае пытаньне трэба, каб удзельнікі дасьледаваньня былі наўмысна заражаныя воспай ці роднасным вірусам, а рабіць такі экспэрымэнт неэтычна.

З той жа прычыны новыя вакцыны і лекі ад воспы тэстуюць толькі на жывёлах.

Адзін са спосабаў вывучыць эфэктыўнасьць вакцыны ў людзей — сабраць дадзеныя падчас успышкі. Каманда доктара Сьліфкі зрабіла менавіта гэта ў 2003 годзе, калі дзясяткі амэрыканцаў заразіліся воспай малпаў пасьля кантакту з заражанымі лугавымі сабачкамі.

Дасьледчыкі тады прыляцелі ў штат Мілуокі і ўзялі кроў у 28 чалавек, якія кантактавалі з заражанымі лугавымі сабачкамі. З васьмі чалавек, якія былі раней прышчэпленыя, у пяці зьявілася ў сярэднім па тры пухіры, напоўненыя гноем, у той час, як у непрышчэпленых зьявілася ў сярэднім па 33 пухіры. А ў трох іншых прышчэпленых увогуле не было ніякіх сымптомаў, яны нават ня ведалі, што заразіліся, сказаў доктар Сьліфка.

У іншым дасьледаваньні Марк Сліфка і яго калегі паказалі, што ўзровень антыцелаў, якія выпрацоўваюцца нават пасьля адной дозы вакцыны супраць воспы, вельмі павольна зьніжаецца ў арганізьме, падаючы ўдвая прыкладна праз 92 гады.

Таму ў Злучаных Штатах і ў некалькіх эўрапейскіх краінах пачалі імунізацыю блізкіх кантактаў інфікаваных пацыентаў — такі падыход называецца кальцавой вакцынацыяй. Мэдыкі спадзяюцца, што змогуць хутка купіраваць гэтую ўспышку.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG