Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што такое воспа малпаў і ці трэба турбавацца? 5 пытаньняў і адказаў


У апошнія дні у сьвеце зьяўляюцца трывожныя паведамленьні пра распаўсюджваньне ў шэрагу заходніх краін воспы малпаў. Колькасьць выпадкаў мэдыкі пакуль налічваюць дзясяткамі.

Пра гэта піша The New York Times.

Але ў нядзелю, 22 траўня, Джо Байдэн перад пачаткам свайго першага візыту ў Азію ў якасьці прэзыдэнта ЗША зрабіў нечаканую заяву, сказаўшы, што з нагоды воспы малпаў павінны быць «занепакоеныя ўсе».

Гэтая хвароба, якая рэдка сустракаецца за межамі Афрыкі, у апошнія тыдні была знойдзена ў Эўропе і Злучаных Штатах. Большасьць выпадкаў зафіксаваная ў Вялікай Брытаніі, Гішпаніі і Партугаліі. У нядзелю Аўстрыя заявіла аб першым выпадку хваробы. Адзін выпадак зафіксаваны і ў ЗША.

Сусьветная арганізацыя здароўя паведаміла, што, паводле стану на суботу, 92 выпадкі хваробы і 28 выпадкаў падазрэньня на яе былі выяўлены ў 12 краінах за межамі тых афрыканскіх краін, дзе воспа малпаў зьяўляецца эндэмічным захворваньнем. У Злучаных Штатах зарэгістравалі адзін пацьверджаны выпадак — на мінулым тыдні захварэў мужчына ў Бостане, але мэдыкі лічаць, што колькасьць выпадкаў хутка павялічыцца.

Заява Байдэна і хуткасьць, зь якой распаўсюджваецца вірус воспы малпаў, які хоць і рэдка, але можа прывесьці да сьмяротнага зыходу, выклікае асьцярогі з нагоды новай пандэміі, якая яшчэ больш нагрузіць сыстэмы аховы здароўя, і без таго аслабленыя COVID-19.

Разам з тым мэдыкі зьвяртаюць увагу, што прышчэпкі ад звычайнай воспы эфэктыўныя і ад вірусу воспы малпаў. Існуюць нават вакцыны, спэцыялізаваныя менавіта для воспы малапаў.

Расказваем, што трэба ведаць пра гэту хваробу, у пытаньнях і адказах.

1. Што такое воспа малпаў?

Воспа малпаў зьяўляецца эндэмічнай хваробай у некаторых частках Цэнтральнай і Заходняй Афрыкі. Гэта больш мяккая вэрсія воспы. Паводле дадзеных амэрыканскіх Цэнтраў кантролю і прафіляктыкі захворваньняў, вірус воспы малпаў быў знойдзены ў 1958 годзе пасьля ўспышкі сярод малпаў, якіх утрымлівалі для дасьледчыцкіх экспэрымэнтаў.

2. Якія сымптомы гэтай хваробы?

Воспа малпаў выклікае сып, якая пачынаецца з плоскіх чырвоных плям, якія пасьля прыўздымаюцца і запаўняюцца гноем. У інфікаваных людзей таксама можа быць гарачка і ламота ў целе. Сымптомы звычайна зьяўляюцца праз 6-13 дзён, але могуць праявіцца і праз тры тыдні пасьля заражэньня і доўжыцца ад двух да чатырох тыдняў.

Мэдыкі кажуць, што вакцыны супраць звычайнай воспы і іншыя мэтады лячэньня могуць плённа выкарыстоўвацца для барацьбы з успышкамі гэтай хваробы.

3. Наколькі хвароба заразная?

Вірус распаўсюджваецца праз вадкасьці арганізму, пры кантакце са скурай і паветрана-кропельным шляхам. Звычайна гэта не прыводзіць да буйных успышак, хоць сёлета хвароба распаўсюдзілася зь незвычайнай хуткасьцю і сярод насельніцтва, якое раней не было да яе ўразьлівым.

4. Колькі выпадкаў зафіксавана сёлета?

Паводле дадзеных Эўрапейскага цэнтру прафіляктыкі і кантролю захворваньняў, сёлета ва ўсім сьвеце было зарэгістравана 92 выпадкі хваробы. Захварэлі ў тым ліку 37 чалавек, якія не наведвалі эндэмічных краін. Першы выпадак у ЗША быў дыягнаставаны ў Бостане, магчымы выпадак расьсьледуецца ў Нью-Ёрку.

5. Ці трэба турбавацца кожнаму?

Імавернасьць перадачы вірусу пры палавым кантакце высокая, але рызыка перадачы іншымі шляхамі нізкая.

Большасьць людзей маюць лёгкія сымптомы і папраўляюцца за некалькіх тыдняў. Але ў невялікім працэнце выпадкаў вірус можа прывесьці да сьмяротнага зыходу. У 2003 годзе ў Злучаных Штатах мелі месца дзясяткі выпадкаў воспы малпаў. Лічылася, што ўсе яны ўзьніклі ў выніку кантакту з інфікаванымі лугавымі сабачкамі і іншымі жывёламі.

Вірус можа распаўсюджвацца празь біялягічныя вадкасьці, заражаныя прадметы і кантакт са скурай ці праз дыхальныя кроплі, што выдзяляюцца інфікаваным чалавекам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG