Група навукоўцаў сьцьвярджае, што ўстанавіла прычыну зьяўленьня тромбаў пасьля прышчэпкі ад COVID-19. Дасьледаваньне дае надзею на тое, што зьмененыя прэпараты ня будуць мець такога пабочнага дзеяньня, піша DW.
Паведамленьні пра тое, што часам у маладых людзей пасьля ўвядзеньня гэтых вакцын разьвіваецца рэдкая форма згусаньня крыві, пачалі зьяўляцца прыкладна ў сакавіку 2021 году. Рэагуючы на гэта, некаторыя краіны абмежавалі ўжываньне вакцыны AstraZeneca — яе сталі ўводзіць толькі пажылым людзям.
Цяпер, праз восем месяцаў, дасьледнікі, што вывучалі гэтую вакцыну, апублікавалі свае вынікі, якія ўжо прайшлі рэцэнзаваньне. Яны лічаць, што гэтыя вэктарныя вакцыны здольныя прыцягваць бялок, які можа выклікаць імунны адказ, што запускае патэнцыйна небясьпечны працэс згусаньня крыві.
Гэты бялок, вядомы пад назвай «трамбацытарны фактар 4» (па-ангельску Platelet factor 4, PF4; іншыя абазначэньні: CXCL4 або антыгепарынавы фактар), зьвязаны са згусаньнем крыві.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Омікрон». 8 гарачых пытаньняў і адказаў
Трамбоз: сытуацыя рэдкая, але небясьпечная
«Выкліканая вакцынай імунная трамбатычная трамбацытапэнія, таксама вядомая як трамбоз з сындромам трамбацытапэніі (недахопу трамбацытаў), — гэта небясьпечны для жыцьця стан, які сустракаецца ў вельмі невялікай колькасьці людзей», — пішуць дасьледнікі ў прэс-рэлізе.
Меркаваць пра тое, наколькі рэдкі гэты стан, можна паводле дадзеных статыстыкі. Так, у кастрычніку 2021 году Брытанскі фонд сэрца паведаміў, што ў Вялікай Брытаніі было выяўлена 423 выпадкі ўтварэньня тромбаў пасьля ўвядзеньня прыкладна 24,9 мільёна першых дозаў вакцыны і 24,1 мільёна другіх дозаў. З 423 чалавек, у якіх утварыліся тромбы, 72 памерлі. Шэсьць зь іх памерлі пасьля другой дозы вакцыны. У Нямеччыне і Аўстраліі таксама было зарэгістравана некалькі сьмерцяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што трэба ведаць пра «Омікрон». 9 фактаўВынікі дасьледаваньняў паказваюць на вірусны вэктар
У вакцынах Oxford-AstraZeneca і Johnson & Johnson выкарыстоўваецца тэхналёгія віруснага вэктара. У прэс-рэлізе, апублікаваным Унівэрсытэтам Кардыфа, гаворыцца, што ўтварэньне тромбаў выклікае «менавіта вірусны вэктар — у дадзеным выпадку адэнавірус, які выкарыстоўваецца для пераносу генэтычнага матэрыялу каранавірусу ў клеткі — і спосаб яго зьвязваньня з трамбацытарным фактарам 4 (PF4)».
Адэнавірусы — гэта звычайныя вірусы, якія выклікаюць розныя захворваньні, ад ангіны да каньюнктывіту. Яны таксама могуць выкарыстоўвацца ў якасьці носьбіта, транспартнага сродку ў вакцынах — яны дапамагаюць даставіць інфармацыю нашай імуннай сыстэме, каб тая ведала, што такое каранавірус і што яго трэба перамагчы. У такім разе іх завуць «віруснымі вэктарамі».
У вельмі рэдкіх выпадках, мяркуюць навукоўцы, «вірусны вэктар можа трапіць у паток крыві і зьвязацца з PF4, дзе імунная сыстэма ўспрымае яго як чужародны». Дасьледнікі лічаць, што такі няправільны імунітэт можа прывесьці да вылучэньня антыцелаў супраць PF4, якія зьвязваюцца з трамбацытамі і актывуюць іх, «прымушаючы іх зьбірацца разам і выклікаючы ўтварэньне тромбаў пасьля ўвядзеньня вакцыны ў вельмі невялікай колькасьці людзей».
Застаецца нявысьветленым, зь якой менавіта прычыны імунная сыстэма можа разглядаць PF4 як пагрозу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Факты на стол. Пяць фэйкаў пра каранавірус і вакцынацыюМагчымае разьвязаньне праблемы тромбаў
Зрэшты, гэта ня першае дасьледаваньне, прысьвечанае ролі PF4 ва ўтварэньні ў некаторых людзей тромбаў пасьля ўвядзеньня вэктарных вакцын. У красавіку 2021 году Эўрапейскае агенцтва лекавых сродкаў (EMA) заявіла, што выявіла «магчымую сувязь вельмі рэдкіх выпадкаў незвычайных тромбаў зь нізкім узроўнем трамбацытаў у крыві».
А ў траўні нямецкія дасьледчыкі паведамілі ў апублікаваным прэпрынце (які на той момант яшчэ не прайшоў рэцэнзаваньня), што выявілі антыцелы супраць PF4 у людзей, якія атрымалі вэктарныя вакцыны.
Аднак цяперашняе дасьледаваньне, праведзенае ў Кардыфе і Арызоне, ужо рэцэнзаванае, і яго аўтары сьцьвярджаюць, што цяпер яны лепш разумеюць, чаму бачаць праблему ў бялку PF4.
Паводле іх, вакцына зь вірусным вэктарам Vaxzevria вытворчасьці кампаніі AstraZeneca — таксама вядомая як ChAdOx1 — мае моцны адмоўны зарад, які «можа дзейнічаць як магніт і прыцягваць бялкі з супрацьлеглым, станоўчым зарадам, такія як PF4». Цяпер, калі гэта навукоўцам вядома, яны могуць прыступаць да працы над патэнцыйным вырашэньнем праблемы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рызыка ад вакцынацыі для маладых мужчын сапраўды існуеУ прэс-рэлізе прыводзяцца словы вядучага аўтара дасьледаваньня Аляксандра Бэйкера, што існуе «магчымасьць распрацаваць капсыд, або зьнешнюю абалонку вакцыны, каб прадухіліць гэтае ўзаемадзеяньне».
«Зьмена ChAdOx1 з мэтай зьніжэньня электраадмоўнасьці можа зьменшыць верагоднасьць узьнікненьня трамбозу з сындромам трамбацытапэніі», — кажа Бэйкер.
Гэта таксама ня першы выпадак, калі вакцыны ўжо пачынаюць выкарыстоўваць, і толькі затым выяўляецца, што яны выклікаюць рэдкія ці раней невядомыя рызыкі для здароўя — але ў той жа час абараняюць людзей ад таго захворваньня, для барацьбы зь якім і былі распрацаваныя. Так адбылося, напрыклад, з адной з вакцынаў супраць поліяміеліту. Яна дапамагла выкараніць дзікі поліяміеліт, але ў той жа час выклікала іншую форму вірусу вакцыннага паходжаньня (цПВВП), зь якой у сьвеце змагаюцца дагэтуль.
Па тым, што цяпер вядома пра рэдкую рызыку ўзьнікненьня тромбаў, можна чакаць, што навукоўцы змогуць удасканаліць вакцыны супраць каранавірусу.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ