Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нягледзячы на эканамічныя страты, локдаўн выратаваў мільёны жыцьцяў — навукоўцы


У мэтро Нью-Ёрку.
У мэтро Нью-Ёрку.

У той час, як краіны паступова адкрываюць сваю эканоміку пасьля месячных абмежаваньняў, новыя навуковыя дасьледаваньні сьведчаць, што першапачатковае спыненьне працы ў сьвеце і крантынныя абмежаваньні выратавалі мільёны жыцьцяў.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што было дрэннага ў локдаўне?

Крытыкі карантынных захадаў па-ранейшаму цьвердзяць, што жорсткі локдаўн таксама нясе небясьпеку для здароўя — ад праблем зь лячэньнем пацыентаў зь іншымі хваробамі да павелічэньня суіцыдаў, хатняга гвалту, беспрацоўя, галечы і недаяданьня.

Да іншых недахопаў локдаўну адносяць пашырэньне эканамічнай няроўнасьці, перапыненьне адукацыі і няўпэўненасьць людзей у будучыні.

Цяпер працягваюцца дыскусіі, як хутка павінны быць зьнятыя абмежаваньні, каб кампэнсаваць эканамічны спад па ўсім сьвеце, які прымусіў дзясяткі мільёнаў людзей змагацца за выжываньне.

Уртаваныя жыцьці мільёнаў

Апошнія дасьледаваньні ў Брытаніі і ЗША робяць выснову, што своечасовае ўвядзеньне каранавірусных абмежаваньняў у пачатку распаўсюджваньня хваробы было правільным у пляне выратаваньня жыцьцяў і аховы здароўя людзей.

Адно з дасьледаваньняў, апублікаваных у часопісе Nature навукоўцамі з Імпэрскага каледжу ў Лёндане, паказала, што карантынныя захады і сацыяльнае дыстанцыяваньне да 4 траўня прадухіліла каля 3 мільёнаў сьмерцяў у 11 эўрапейскіх краінах — у Італіі, Гішпаніі, Францыі, Нямеччыне, Вялікабрытаніі, Бэльгіі, Аўстрыі, Даніі, Нарвэгіі, Швайцарыі і Швэцыі.




Яшчэ адно дасьледаваньне, праведзенае навукоўцамі Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Бэрклі, разгледзела мясцовыя, рэгіянальныя і нацыянальныя «нефармацэўтычныя ўмяшаньні» ў Кітаі, Іране, Паўднёвай Карэі, Італіі, Францыі і ЗША.

Яго аўтары прыйшлі да высновы, што карантынныя абмежаваньні ў гэтых шасьці краінах «прадухілілі або адклалі на парадак 62 мільёны пацьверджаных выпадкаў, што адпавядае прыблізна 530 мільёнам выпадкаў агульнага інфікаваньня».

Саламон Хсан, вядучы аўтар гэтага дасьледаваньня, заявіў, што глябальныя дзеяньні для спыненьня распаўсюджваньня вірусу «выратавалі больш людзей за больш кароткі пэрыяд часу, чым калі-небудзь раней».

«Пры адсутнасьці палітычных дзеяньняў мы падлічылі, што раньнія інфэкцыі COVID-19 маюць экспанентныя тэмпы росту прыблізна 38 працэнтаў у дзень, — заключылі дасьледчыкі. — Мы лічым, што палітыка супраць заражэньня значна і значна запаволіла гэты рост».

Другая хваля пандэміі будзе амаль напэўна

У многіх краінах вялікія засьцярогі выклікае магчымасьць другой хвалі пандэміі, якая можа выбухнуць ў найбліжэйшыя месяцы. Калі гэта здарыцца да таго, як будзе распрацаваная вакцына, то давядзецца вяртацца да жорсткага локдаўну.

«Сьцьвярджэньні, што ўсё скончыцца, можна адразу адкінуць, — сказаў Сэт Флаксман, навуковы супрацоўнік лёнданскага дасьледаваньня ў Імпэрскім каледжы. — Мы толькі ў пачатку гэтай пандэміі».

Паводле навукоўцаў, існуе вельмі рэальная рызыка другой хвалі ўлетку ці ў пачатку восені, паколькі абмежаваньні працягваюць здымацца.

Таму экспэрты лічаць, што нягледзячы на дрэнны ўплыў на эканоміку, абмежаваньні павінны быць зноў уведзеныя ў месцах, дзе ёсьць сьвежыя ўспышкі каранавірусу.

Карантынныя захады і локдаўн, паводле навукоўцаў, трэба разглядаць ня як кнопку, якую можна ўключаць і выключаць, але як паказьнік узроўню на шкале, які то павышаецца, то паніжаецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG