Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У першую гадавіну Омікрону лекары выступілі са змрочнымі прагнозамі пра будучыню пандэміі


Праз год пасьля адкрыцьця варыянту каранавірусу пад назвай Омікрон вірусолягі ўсё яшчэ спрабуюць угнацца за яго хуткай эвалюцыяй. Пра гэта піша амэрыканская газэта The New York Times.

Змрочны прагноз

26 лістапада 2021 года Сусьветная арганізацыя здароўя аб’явіла, што на поўдні Афрыкі знойдзены новы варыянт каранавірусу, сёньня вядомы як Омікрон. Неўзабаве ён стаў дамінаваць ва ўсім сьвеце, выклікаўшы рэкордны ўсплёск выпадкаў хваробы.

Цяпер біёлягі ўсё яшчэ спрабуюць не адставаць ад дзіўных эвалюцыйных паваротаў Омікрону, але ён вельмі хутка набірае мутацыі. Замест адной лініі мутацыі разрасьліся на сотні ліній, кожная зь якіх мае ўласную літарна-лічбавую назву (напрыклад, XBB, BQ.1.1 або CH.1) і ўстойлівасьцю да імуннай сыстэмы чалавека.

«Ужо цяжка ўспомніць, што ад чаго пайшло, — кажа Джэсі Блюм, вірусоляг з Анкалягічнага цэнтру Фрэда Гатчынсана ў Сыэтле. — Але калі ня зьявіцца нейкага радыкальна адрознага варыянту, гэтая заблытаная мешаніна падварыянтаў захаваецца, і гэта абцяжарыць навукоўцам плянаваньне новых вакцын і мэтадаў лячэньня».

«Заўсёды будзе так, як цяпер, — прадказвае доктар Блюм. — Заўсёды будзе куча новых варыянтаў».

Омікрон нарадзілі мышы?

Калі Омікрон зьявіўся ў лістападзе летась, ён нёс больш за 50 мутацый, якія адрозьнівалі яго ад іншых варыянтаў каранавірусу. Многія дасьледчыкі падтрымалі ідэю аб тым, што Омікрон узьнік у аднаго чалавека, магчыма, з аслабленай імуннай сыстэмай, у якога быў хранічны шматмесячны выпадак COVID-19.

Аднак у мінулым месяцы група навукоўцаў з унівэрсытэту Мінэсоты выказала здагадку, што ў нейкі момант пандэміі раньняя форма каранавірусу заразіла мышэй, у грызуноў вірус ператварыўся ў Омікрон, якім пасьля зноў заразіліся людзі.

Так ці іначай, Омікрон пачаў дамінаваць ужо празь некалькі тыдняў пасьля яго адкрыцьця з прычыны сваіх мутацый. Некаторыя зь іх дазвалялі вірусу больш пасьпяхова пранікаць унутр клетак. Іншыя дазваляюць яму ўхіляцца ад некаторых антыцелаў, што ўзьніклі пасьля вакцынацыі ці папярэдніх інфэкцый.

Большасьць антыцелаў прымацоўваюцца да шыпападобнага бялка на паверхні каранавірусу і блякуюць яго пранікненьне ў клетку. Але некаторыя з мутацый Омікрону зьмянілі часткі бялку шыпа, так што некаторыя з самых магутных антыцелаў больш ня могуць прыліпаць да яго.

Омікрон быў гатовы да эвалюцыйнага выбуху

У лютым 2022 году вірусоляг з Ракфэлераўскага ўнівэрсытэту ў Нью-Ёрку Тэадора Хадзыяану і яе калегі правялі экспэрымэнт, які паказаў, што Омікрон гатовы да эвалюцыйнага выбуху.

Каманда доктара Хадзыяану праверыла Омікрон на 40 розных антыцелаў, якія ўсё яшчэ маглі блякаваць гэты варыянт. Навукоўцы выявілі, што некалькі дадатковых мутацый вельмі лёгка зрабілі яго ўстойлівым амаль да ўсіх сарака антыцелаў.

Дзіўна, але калі дасьледнікі надалі тыя ж самыя мутацыі шыпападобнаму бялка зыходнай вэрсіі каранавірусу, гэта не паўплывала на яго ўстойлівасьць да антыцелаў. Доктарка Хадзыяану падазравала, што вялікая колькасьць новых мутацый у Омікроне зьмяніла яго эвалюцыйны ляндшафт, палегчыўшы разьвіцьцё яшчэ большай устойлівасьці.

«Мы сапраўды занепакоіліся, калі гэта ўбачылі», — сказала яна.

У наступныя месяцы Омікрон апраўдаў гэтыя асьцярогі. Дзякуючы вялізнай колькасьці інфэкцый у яго было больш магчымасьцяў для мутацый. І ён набыў некаторыя трывожныя зьмены, якія доктар Хадзыяану і яе калегі выявілі ў сваіх экспэрымэнтах.

Куды вядуць новыя мутацыі

Мутацыі назапашваюцца хутка, бо даюць вірусам вялікую эвалюцыйную перавагу. У першы год пандэміі ў большасьці тых, хто заразіўся, не было антыцелаў. Цяпер, большасьць людзей іх маюць. Таму вірусы, якія валодаюць дадатковай устойлівасьцю да антыцелаў, лёгка перамагаюць іншыя варыянты, якія не валодаюць такой устойлівасьцю.

«Цяперашняя эвалюцыя вірусу — самая хуткая, якая была да гэтага часу», — кажа Сяргей Понд, вірусоляг з Унівэрсытэту Тэмпл ў Філадэльфіі.

Канкурэнцыя сярод падварыянтаў можа перашкодзіць аднаму зь іх узяць верх, прынамсі на гэты момант. У Злучаных Штатах на некалі дамінантны BA.5 цяпер прыпадае ўсяго 19 адсоткаў новых выпадкаў. Яго нашчадак BQ.1 вырас да 28 адсоткаў. А BQ.1.1., нашчадак BQ.1, зьяўляецца цяпер прычынай 29 адсоткаў выпадкаў. Астатнія адсоткі складаюць трынаццаць іншых падварыянтаў Омікрону.

У іншых месцах сьвету на вяршыню падымаюцца іншыя падварыянты. Сынгапур, напрыклад, перажыў усплёск XBB, гібрыду двух розных падварыянтаў BA.2. Але XBB рэдка сустракаецца ў большасьці іншых частак сьвету.

Перавагу мае той, хто першым засеяў тэрыторыю, кажа Томас Пікок, вірусоляг з Імпэрскага каледжу Лёндану.

Па меры таго, як кожная лінія атрымлівае больш мутацый, супраць іх дзейнічае менш тыпаў антыцелаў. У мінулым месяцы біяхімік з Пэкінскага ўнівэрсытэту Юньлун Цао і яго калегі паведамілі, што XBB і тры іншыя падварыянты сталі цалкам устойлівымі да антыцелаў ва ўзорах крыві людзей, якія былі прышчэпленыя або перанесьлі COVID-19.

Пагроза найважнейшаму мэтаду лячэньня

Такое разьвіцьцё вірусаў пагражае таму, што было адным з самых важных сродкаў абароны ад COVID-19: монаклянальным антыцелам. Каб стварыць гэты лек, навукоўцы ў пачатку пандэміі сабралі кроў пацыентаў з COVID-19, выдзелілі іх найболей магутныя антыцелы і зрабілі велізарную колькасьць новых малекул. Адзін з такіх прэпаратаў, які называецца Evushheld, можа прадухіліць заражэньне людзей з аслабленай імуннай сыстэмай. Але па меры таго, як устойлівыя падварыянты будуць рабіцца ўсё больш распаўсюджанымі, гэтыя мэтады лячэньня больш ня будуць працаваць.

«Я не магу быць упэўнены, ці будуць монаклянальныя антыцелы адыгрываць важную ролю ў будучыні, — кажа доктар Блюм з Анкалягічнага цэнтра Фрэда Гатчынсана. — Вельмі важна распрацаваць новае пакаленьне кактэйляў антыцелаў, якія, спадзяюся, будуць дзейнічаць даўжэй».

Новая надзея мэдыкаў

Апошнія бустэрныя прышчэпкі выклікаюць нараджэньне шыпападобных бялкоў як зыходнай вэрсіі вірусу, так і BA.5. Дасьледаваньні людзей, якія атрымалі гэтую бівалентную бустэрную тэрапію, паказваюць, што іх антыцелы лепш нэўтралізуюць BQ.1.1 і іншыя падварыянты, чым антыцелы, якія выпрацоўваюцца арыгінальнай вакцынай ад COVID-19.

Але нават у гэтым выпадку падварыянты могуць ухіляцца ад шматлікіх бівалентных антыцелаў.

На шчасьце, новыя падварыянты не выглядаюць больш сьмяротнымі, чым раньнія формы Омікрону. Нягледзячы на рост іх здольнасьці ўхіляцца ад антыцелаў, доктар Хадзыяану сказала, што субварыянты, верагодна, ня змогуць цалкам пазьбегнуць імунітэту ад вакцын або папярэдніх інфэкцый.

Морыц Герстунг, біёляг зь Нямецкага цэнтру дасьледаваньня раку ў Гейдэльбэргу, паведаміў, што ўрокі, якія навукоўцы цяпер здабываюць з канвэргенцыі (зьмешваньня) Омікрону, могуць дазволіць ім прадказаць яго будучую эвалюцыю. І гэтыя прагнозы, у сваю чаргу, могуць дазволіць уладам больш эфэктыўна падрыхтавацца да наступнага этапу COVID-19.

«Гэта дае мне вялікія надзеі на будучыню ў якасьці парадыгмы, — сказаў доктар Герстунг. — Гэта прыклад таго, як можна ў прынцыпе апярэдзіць вірус».

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG