Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САЗ: На чалавецтва наступаюць грыбковыя інфэкцыі, некаторыя зь іх сьмяротныя


Candida auris.
Candida auris.

Грыбковыя патагены выклікаюць інфэкцыі, якія штогод забіваюць мільёны людзей і часта застаюцца не дыягнаставанымі. І нават пры іх выяўленьні расьце колькасьць інфэкцый, устойлівых да наяўных лекаў.

Пра гэта піша амэрыканская газэта The New York Times.

Рэйтынг 19 небясьпечных грыбковых інфэкцый

Сусьветная арганізацыя здароўя апублікавала рэйтынг грыбкоў, якія пагражаюць здароўю чалавека. Журналісты называюць гэта самай амбітнай спробай САЗ прыцягнуць увагу да патагенаў, якія ў значнай ступені ігнаруюцца, нягледзячы на тое, што становяцца ўсё больш распаўсюджанымі і ўстойлівымі да лячэньня, і ў выніку — сьмяротнымі.

У сваім рэйтынгу САЗ пералічыла 19 агрэсіўных грыбковых захворваньняў, у тым ліку чатыры, якія арганізацыя назвала «крытычна прыярытэтнымі». Ян, паводле САЗ, штогод забіваюць 1,3 мільёна чалавек і спрыяюць сьмерці яшчэ пяці мільёнаў. Многія з гэтых сьмерцяў здараюцца сярод людзей, хворых на ВІЧ, рак, сухоты, што робіць іх яшчэ больш уразьлівымі для грыбкоў.

Іншая важная выснова мэдыкаў палягае ў тым, што колькасьць сьмерцяў ад грыбковых інфэкцый, верагодна, нашмат большая, бо ў многіх шпіталях і клініках, асабліва ў бедных краінах, няма дыягнастычных інструмэнтаў, каб іх выяўляць.

«Сутнасьць у тым, што інвазіўныя грыбковыя інфэкцыі становяцца ўсё больш распаўсюджанымі, але часта яны не распазнаюцца ў пацыентаў і ня лечацца адпаведным чынам», — кажа прадстаўнік САЗ доктар Карм Пэсаа-Сільва. — У нас няма рэальнага ўяўленьня пра маштаб праблемы».

САЗ б’е трывогу і заяўляе, што апублікаваная справаздача пра грыбковыя інфэкцыі — заклік да дзеяньня. Чыноўнікі САЗ спадзяюцца, што яна дапаможа павысіць пачуцьцё неадкладнасьці сярод урадаў сьвету, вытворцаў лекаў, лекараў і экспэртаў у галіне аховы здароўя.

Некаторыя з найбольш небясьпечных грыбкоў

Candida auris

Зьмена клімату дапамагла павялічыць геаграфічны арэал і распаўсюджанасьць грыбкоў. Пандэмія каранавірусу таксама прывяла да ўсплёску грыбковых інфэкцый сярод пацыентаў з COVID-19, якія трапляюць у аддзяленьні інтэнсіўнай тэрапіі.

У гэтых аддзяленьнях часта буяюць грыбковыя патагены, напрыклад, Candida auris, якія пранікаюць у арганізм пацыентаў праз дыхальныя трубкі і ўнутрывенныя кропельніцы.

Мукармікоз, або «чорны грыбок»

У Індыі мукармікоз, рэдкі, але агрэсіўны патаген, які часта называюць «чорным грыбком», атакаваў тысячы пацыентаў з COVID-19.

Пасьля гэтага некаторым пацыентам для выдаленьня інфэкцый спатрэбіліся апэрацыі на твары, якія іх зьнявечылі.

Aspergillus fumigatus

Як вядома, шкодныя бактэрыі робяцца ўсё больш устойлівымі да антыбіётыкаў, бо тыя празьмерна выкарыстоўваюцца як людзьмі, так і ў сельскай гаспадарцы. Тое самае адбываецца і з супрацьгрыбковымі прэпаратамі, якія ў апошнія гады губляюць сваю лекавую сілу.

Навукоўцы САЗ заяўляюць, што павысіўся ўзровень ўстойлівасьці Aspergillus fumigatus — распаўсюджанай цьвілі, якая можа быць сьмяротнай для людзей з аслабленым імунітэтам.

Гэта зьвязана з празьмерным выкарыстаньнем фунгіцыдаў на такіх сельскагаспадарчых культурах, як вінаград, кукуруза і бавоўна.

Што азначаюць грыбковая калянізацыя і грыбковая інфэкцыя

Грыбковая калянізацыя — гэта прысутнасьць грыбка ў арганізьме без паталягічнага працэсу і сымптомаў.

Грыбковая інфэкцыя — гэта паталягічныя працэсы ў арганізьме, запаленьне або наватворы, выкліканыя грыбкамі. Яны праяўляюцца павышанай тэмпэратурай, дрыжыкамі, якія не праходзяць пасьля лячэньня, і лякальным ростам грыбковых высыпаньняў, бародавак і г. д.

Як толькі грыбковая інфэкцыя трапляе ў крывацёк, лячэньне становіцца экспанэнтна цяжэйшым: напрыклад, пры інфэкцыях крывацёку, выкліканых грыбкамі сямейства Candida, узровень сьмяротнасьці складае 30 працэнтаў. Гэтая лічба яшчэ большая сярод пацыентаў з Candida auris, адным з «крытычна прыярытэтных» грыбоў, на якія ўказала ў справаздачы САЗ.

Дражджавы грыбок Candida auris, упершыню знойдзены ў Японіі ў 2009 годзе, цяпер распаўсюдзіўся на чатыры дзясяткі краін і часта бывае ўстойлівым да аднаго антыгрыбковага лякарства, таму вымагае комплекснага лячэньня некалькімі прэпаратамі.

«Грыбковыя» праблемы сучаснай фармакалёгіі і мэдыцыны

Існуе ўсяго чатыры клясы прэпаратаў для лячэньня грыбковых інфэкцый, «і вельмі мала новых цяпер у распрацоўцы», — кажа доктар Хацім Саці, адзін з аўтараў справаздачы. Паводле яго, многія з існуючых лекаў настолькі таксычныя, што пацыенты ня могуць імі бясьпечна лячыцца.

Лекары і навукоўцы заяўляюць, што іх натхніла рашэньне Сусьветнай арганізацыі здароўя зьвярнуць увагу на грыбковыя інфэкцыі.

«Гэта даўно насьпела, улічваючы, што грыбковыя хваробы доўгі час ігнараваліся, нават нягледзячы на тое, што праблема расьце ў геамэтрычнай прагрэсіі», — сказаў доктар Карнэліюс Клэнсі, інфэкцыяніст з сыстэмы аховы здароўя Пітсбургу (ЗША).

Доктар Дэвід Дэнінг, выканаўчы дырэктар групы абароны інтарэсаў Global Action for Fungal Infections, камэнтуючы справаздачу, сказаў, што прычынай такой недаацэнкі было дрэннае назіраньне. Няздольнасьць дыягнаставаць грыбковыя інфэкцыі азначае, што пацыенты часта застаюцца безь лячэньня, — кажа ён і спасылаецца на праведзенае ў Кеніі дасьледаваньне, якое паказала, што больш эфэктыўныя меры эпідэміялягічнага нагляду за грыбковым мэнінгітам могуць штогод уратаваць 5000 жыцьцяў сярод людзей зь ВІЧ.

Паводле доктара Дэнінга, адсутнасьць правільнага дыягназу мае і іншыя нябачныя наступствы. Калі інфікаваны грыбкамі чалавек зь цяжкай або хранічнай хваробай памірае, то яго сьмерць сьпісваюць на асноўную хваробу. У выніку такая сьмерць трапляе ў адпаведную статыстыку і робіцца прычынай дадатковых грашовых укладаньняў у распрацоўку мэтадаў лячэньня асноўнай хваробы пацыента, а не грыбковай інфэкцыі, якая насамрэч яго забіла.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG