Амэрыканская газэта New York Times папрасіла лекараў ахарактарызаваць сымптомы трох асноўных інфэкцый гэтай зімы, а таксама звычайнай прастуды.
Мэдыкі, найперш, зьвярнулі ўвагу, што сымптомы грыпу, ковіду, рэсьпіраторна-сынтыцыяльнага вірусу (РСВ) і прастуды (хваравітага стану, выкліканага пераахалоджваньнем), шмат у чым супадаюць. Але ёсьць і адрозьненьні.
Маркер — хуткасьць зьяўленьня сымптомаў
Пры грыпе, ковідзе, РСВ і прастудзе можа зьявіцца кашаль, ліхаманка, галаўны боль, катар або закладзенасьць носа. Але адзін са спосабаў адрозьніць вірусныя інфэкцыі — сачыць за тым, як хутка нарастаюць сымптомы.
Сымптомы грыпу праяўляюцца вельмі хутка — часта ўсяго празь дзень пасьля кантакту з хворым — і могуць адчувацца ва ўсім целе. Людзі з грыпам часта адчуваюць сябе так, быццам іх зьбіў грузавік.
Пры прастудзе сымптомы могуць праявіцца праз два-тры дні і працякаюць нашмат мякчэй.
Ковід і РСВ маюць яшчэ больш працяглы інкубацыйны пэрыяд. Ад кантакту з каранавірусам да зьяўленьня раньніх сымптомаў ковіду можа прайсьці ў сярэднім пяць дзён, хоць больш новыя варыянты могуць прывесьці да актыўнай інфэкцыі ўжо праз тры дні пасьля заражэньня.
Разьвіцьцё РСВ у арганізьме займае ад чатырох да шасьці дзён.
Таксама важнае адрозьненьне, што пры ковідзе і РСВ сымптомы нарастаюць павольна: вы можаце спачатку адчуць катар, а затым на наступны дзень у вас зьявіцца кашаль ці галаўны боль, а на наступны дзень — ліхаманка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У першую гадавіну Омікрону лекары выступілі са змрочнымі прагнозамі пра будучыню пандэмііТэмпэратура
У дарослых, што захварэлі на грып, можа быць вельмі высокая тэмпэратура — да 39 і нават 40 градусаў.
Але высокая тэмпэратура рэдка суправаджае прастуду, асабліва ў дарослых.
Хворыя ж на ковід і РСВ адчуваюць невялікае падвышэньне тэмпэратуры або ўвогуле яго ня маюць.
Іншыя сымптомы
Менш распаўсюджаныя сымптомы таксама дапамогуць адрозьніць захворваньне. Напрыклад, грып і ковід могуць выклікаць дыярэю і ваніты. Такія страўнікава-кішэчныя праявы больш верагодныя для маленькіх дзяцей.
Ковід можа прывесьці да раптоўнай і сур’ёзнай страты пачуцьця смаку або нюху, што моцна адрозьніваецца ад часовага прытупленьня гэтых пачуцьцяў, калі ў чалавека закладзены нос пры прастудзе ці грыпе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як адрозьніць грып ад COVID-19. ПарадыЛюдзі з РСВ пераважна не адчуваюць стомленасьці ва ўсім целе і болі ў цягліцах, якія суправаджаюць грып або ковід. Замест гэтага пры РСВ часта зьяўляецца вельмі вільготны і моцны кашаль.
«З трох вірусаў пры РСВ у вас будзе больш за ўсё сьлізі ў носе і горле і больш за ўсё закладзены нос», — сказаў New York Times інфэкцыяніст з Х’юстану доктар Майкл Чанг.
Яшчэ адной адметнай прыкметай РСВ зьяўляюцца хрыпы пры дыханьні, асабліва ў маленькіх дзяцей. Часам яны нагадваюць пранізьлівы сьвіст або трэск, калі хворае дзіця дыхае. Пры РСВ дыханьне дзіцяці таксама можа быць хутчэйшым і абцяжараным.
Якія ўзроставыя групы больш уразьлівыя
Старэйшыя за 65 гадоў людзі падвяргаюцца найбольшай рызыцы заражэньня ўсімі трыма вірусамі. Гэтак адбываецца таму, што здольнасьць арганізму змагацца зь вірусамі натуральным чынам зьмяншаецца з узростам. А пажылыя людзі з большай верагоднасьцю маюць хранічныя хваробы, якія аблягчаюць зьяўленьне сур’ёзных сымптомаў і ўскладненьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што трэба ведаць пра новыя варыянты COVID-19, якія цяпер распаўсюджваюцца. Пытаньні і адказыМаленькія дзеці маюць больш цяжкія сымптомы пры грыпе і РСВ, таму што іх імунная сыстэма яшчэ ня ведае, як правільна змагацца з патагенамі. Немаўляты і дзеці малодшага ўзросту таксама маюць меншыя дыхальныя шляхі, якія, як правіла, лёгка інфікуюцца і запаўняюцца сьлізьзю, што павялічвае верагоднасьць прагрэсаваньня хваробы ад лёгкай да цяжкай і зьяўленьне абцяжаранага дыханьня.
Дзеці таксама маюць больш шанцаў заразіцца бессымптомнай або лёгкай формай ковіду, чым у дарослых, хаця пакуль лекары не разумеюць, чаму так адбываецца.