New York Times: Навукоўцы не знаходзяць карысьці ў інтэрвальным галаданьні

У новым вялікім дасьледаваньні, якое працягвалася год, удзельнікі, якія абмяжоўвалі прыём ежы пэўнымі гадзінамі дня, страцілі ня большую вагу, чым тыя, хто еў у любы час.

Пра гэта піша амэрыканская газэта The New York Times.

Інтэрвальнае галаданьне — вельмі прывабная ідэя для тых, хто хоча схуднець: проста абмяжуйце пэрыяд прыёму ежы да шасьці-васьмі гадзін у дзень, на працягу якіх вы можаце есьці ўсё што хочаце.

Дасьледаваньні на мышах падтрымліваюць інтэрвальнае галаданьне як форму папулярнай дыеты, калі чалавек пасьля 16.00 ці 17.00 больш нічога ня есьць да раніцы. Некаторыя невялікія дасьледаваньні з удзелам людзей, якія маюць атлусьценьне, паказалі, што гэта можа дапамагчы скінуць вагу.

Але цяпер аўтары сур’ёзнага гадавога дасьледаваньня, у якім людзі прытрымліваліся нізкакалярыйнай дыеты з 8 да 16 гадзіны або спажывалі такую самую колькасьць калёрый у любы час на працягу дня, ня ўбачылі розьніцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У што трэба перастаць верыць. 5 мітаў пра страту вагі

Доктар Ітан Вайс, дасьледчык дыеталёгіі з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Сан-Францыска, сказаў газэце: «Няма ніякай карысьці ад ежы ў вузкі прамежак часу».

Вынікі новага дасьледаваньня апублікаваныя на мінулым тыдні (20 красавіка) у The New England Journal of Medicine. Яно было праведзенае навукоўцамі з Паўднёвага мэдычнага ўнівэрсытэту ў Гуанчжоў (Кітай), і ў ім узялі ўдзел 139 чалавек з атлусьценьнем. Жанчыны спажывалі ад 1200 да 1500 калёрый у дзень, а мужчыны — ад 1500 да 1800 калёрый. Каб забясьпечыць выкананьне патрабаваньняў, удзельнікі павінны былі фатаграфаваць кожны кавалачак ежы, што яны зьядалі, і весьці харчовы дзёньнік.

Удзельнікі абедзьвюх групаў страцілі вагу — у сярэднім ад 7 да 9 кіляграмаў — але не было істотнай розьніцы ў колькасьці страчанай вагі пры любой стратэгіі дыеты. Таксама не было істотных адрозьненьняў паміж групамі ў паказьніках акружнасьці таліі, тлушчавых адкладаў і бястлушчавай масы цела.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як пэрыядычны пост падаўжае жыцьцё

Навукоўцы таксама ня выявілі адрозьненьняў у такіх фактарах рызыкі, як узровень глюкозы ў крыві, адчувальнасьць да інсуліну, узровень ліпідаў у крыві ці артэрыяльны ціск.

«Гэтыя вынікі паказваюць, што абмежаваньне спажываньня калёрый тлумачыць большую частку станоўчых эфэктаў, атрыманых пры абмежаваным па часе рэжыме харчаваньня», — заключылі доктар Вайс і яго калегі.

Новае дасьледаваньне ня першае, у якім тэстуецца інтэрвальнае галаданьне, але папярэднія дасьледаваньні часта былі меншыя па памеры, карацейшыя і без кантрольных груп. Гэтыя дасьледаваньні прынесьлі высновы, што людзі гублялі вагу, прымаючы ежу толькі ў абмежаваны час на працягу дня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У мясаедаў інфаркты, у вэгетарыянцаў — інсульты

Сам доктар Вайс раней шчыра верыў у абмежаванае па часе харчаваньне (інтэрвальнае галаданьне) і сказаў, што на працягу сямі гадоў сам еў толькі паміж поўднем і 8 гадзінай вечара.

У папярэднім дасьледаваньні ён і яго калегі папрасілі некаторых з 116 дарослых удзельнікаў есьці тры разы на дзень, калі яны адчувалі голад, а іншым было загадана есьці усё, што яны хацелі, з поўдня да 8 гадзіны вечара. Удзельнікі страцілі троху вагі — у сярэднім кіляграм у групе з абмежаваным часам прыёму ежы і 0,75 кіляграма ў кантрольнай групе — гэта значыць, розьніца не была статыстычна значная.

У адным з інтэрвію доктар Вайс сказаў, што яму было цяжка даць веры ўласным вынікам. Ён папрасіў статыстыкаў прааналізаваць дадзеныя чатыры разы, пакуль яму не сказалі, што далейшая праца нічога ня зьменіць. Гэты экспэрымэнт доўжыўся ўсяго 12 тыдняў. Але цяпер нават дасьледаваньне працягласьцю ў год не змагло знайсьці карысьці ад абмежаванага ў часе прыёму ежы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 зьменаў у рацыёне, за якія сэрца скажа дзякуй

Доктар Крыстафэр Гарднэр, дырэктар па дасьледаваньнях у галіне харчаваньня ў Стэнфардзкім дасьледчым цэнтры прафіляктыкі, сказаў, што ня дзівіцца, што абмежаванае па часе харчаваньне часам спрацоўвае.

«Амаль кожны тып дыеты працуе для людзей, — сказаў ён. — Але выснова, падмацаваная гэтым новым дасьледаваньнем, заключаецца ў тым, што пры правільна сплянаваным і праведзеным навуковым дасьледаваньні гэта ня больш карысна, чым простае зьніжэньне штодзённага спажываньня калёрый для зьніжэньня вагі і іншых фактараў здароўя».

Экспэрты ў галіне зьніжэньня вагі кажуць, што дыеты з абмежаваньнем па часе наўрад ці зьнікнуць.

«У нас пакуль няма дакладнага адказу, ці дапамагае гэтая стратэгія людзям схуднець, — сказала Кортні Пэтэрсан, дасьледчыца з Унівэрсытэту Алабамы ў Бірмінгеме, якая вывучае абмежаванае па часе харчаваньне.

Яна падазрае, што дыета можа прынесьці карысьць людзям, абмяжоўваючы колькасьць калёрый, якія яны могуць спажываць кожны дзень.

«Нам проста трэба правесьці больш маштабныя дасьледаваньні», — сказала доктар Пэтэрсан.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ідэальнай дыеты не існуе. Чаму?

Доктар Луі Арон, дырэктар Комплекснага цэнтру кантролю вагі ў цэнтры Weill Cornell Medicine у Нью-Ёрку, сказаў, што, паводле яго досьведу, некаторыя людзі, у якіх ёсьць праблемы з падлікам калёрый, адчуваюць сябе лепш, калі ім проста кажуць есьці толькі ў абмежаваны пэрыяд часу кожны дзень.

«Хоць не было даказана, што гэты падыход лепшы, ён не здаецца горшым, чым падлік калёрый, — сказаў ён. — Гэта дае пацыентам больш магчымасьцяў для дасягненьня посьпеху».

Гіпотэза дзейснасьці інтэрвальнага галаданьня заключаецца ў тым, што цыркадныя гены, якія, як лічыцца, паскараюць абмен рэчываў, уключаюцца ў сьветлы час сутак, кажа доктар Кэралайн Апавян, судырэктар Цэнтру кіраваньня вагой і добрага самаадчуваньня ў Brigham and Women’s Hospital у Бостане.

Яна ставіць пытаньне перад дасьледчыкамі:

«Калі вы крыху пераядаеце ў сьветлы час сутак, вы ў большай ступені здольныя спальваць гэтыя калёрыі ці назапашваць іх?»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лепш ня думаць пра лішнюю вагу — можна патаўсьцець

Доктар Апавян сказала, што хацела б убачыць дасьледаваньне, у якім параўноўвалі б групу суб’ектаў, што пераядалі ўвесь дзень, з групай суб’ектаў, якія пераядалі на працягу пэўнага пэрыяду сутак.

Яна сказала, што па-ранейшаму будзе рэкамэндаваць пацыентам інтэрвальнае галаданьне, хоць «у нас няма доказаў».

Што да доктара Вайса, ён кажа, што ўласнае дасьледаваньне яго пераканала і што новыя дадзеныя ўмацоўваюць яго перакананасьць у тым, што інтэрвальнае галаданьне не прыносіць ніякай карысьці.

«Я пачаў сьнедаць, — сказаў ён. — І мая сям’я кажа, што цяпер я нашмат палепшаў».