Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лепш ня думаць пра лішнюю вагу — можна патаўсьцець


Калі вы думаеце пра сябе як пра чалавека, які мае лішнюю вагу, вы можаце быць схільныя да далейшага набору кіляграмаў. Пра гэта на сайце sharecare. com піша Патрык Саліван.

Разглядаючы сябе ў люстры і знаходзячы лішнія тлушчавыя адкладаньні на сьцёгнах і жываце, людзі рызыкуюць набраць новыя кіляграмы. Аказваецца, успрыманьне самога сябе як тоўстага чалавека можа ператварыцца ў прароцтва і рэальнасьць.

Новая публікацыя

Да такой высновы прыйшлі брытанскія навкоўцы, правёўшы ў 2015 годзе вялікае дасьледаваньне. Яго вынікі апублікаваныя ў часопісе International Journal of Obesity.

Камэнтуючы публікацыю, адзін з аўтараў дасьледаваньня, доктар мэдыцыны Кіт Роўч сказаў:

«Паводле майго клінічнага вопыту, казаць людзям, што яны павінны схуднець — дрэнны шлях. Заклікі да пахудзеньня часта маюць адваротнае дзеяньне. Якраз пра гэта і сьведчаць вынікі дасьледаваньня».

Ход дасьледаваньня

Навукоўцы прааналізавалі тры наборы дадзеных, два зь якіх паходзілі з ЗША, адзін — зь Вялікабрытаніі. Агулам было ахоплена 14 тысяч чалавек, якіх назіралі на працягу сямі гадоў.

У двух з трох набораў каля 40 адсоткаў людзей верылі ў тое, што мелі лішнюю вагу. У выніку іх індэкс масы цела зь цягам часу павялічыўся амаль на адзін пункт у параўнаньні з такімі ж людзьмі, якія, аднак, ня думалі, што яны тоўстыя.

У трэцім дасьледаваньні каля дзьвюх трацін думалі, што маюць лішнюю вагу, і атрымалі на 0,3 бала ў індэксе масы цела больш, чым тыя, хто думаў, што мае нармальную вагу. І, галоўнае, што гэта адбылося незалежна ад таго, ці мелі ўдзельнікі экспэрымэнту лішнюю вагу ў рэальнасьці.

Камэнтар аднаго з аўтараў

Няўдача ў пахудзеньні, паводле доктара Роўча, прыводзіць людзей да роспачы. Таму гэты лекар у сваёй практыцы радзіць пацыентам не клапаціцца пра сваю вагу.

«Я ведаю, што гэта гучыць дзіўна, але паколькі многія людзі лічаць, што вага знаходзіцца па-за іх кантролем, я раю ім засяродзіцца на тым, што яны могуць кантраляваць».

А гэта, кажа далей доктар Роўч, азначае дзьве рэчы: дыету і фізычныя практыкаваньні. Нават 10 хвілін хадзьбы ў дзень дапамагаюць. Таксама і ўвага да таго, што вы ясьце, моцна дапамагае ўзяць увесь працэс пад кантроль:

«Мэта заключаецца ў тым, каб адчуваць сябе адказным за сваё здароўе і паляпшаць яго».

Камэнтар псыхоляга

Падчас дасьледаваньня не было выяўлена, каб тыя, хто знаходзіць у сябе лішнія кіляграмы, былі схільныя да пераяданьня або стрэсу.

Мова ідзе пра тое, што калі чалавек трапляе ў стан роспачы або безвыходнасьці, ён менш паддаецца зьменам, кажа доктар псыхалёгіі Рамані Дурвасула, яшчэ адзін навуковец з тых, хто аналізаваў атрыманыя вынікі.

Паводле гэтага псыхоляга, прадузятасьць да поўных людзей і стыгматызацыя лішняй вагі выклікаюць нэгатыўныя эмоцыі, пагаршаюць настрой аж да дэпрэсіі. А такі псыхалягічны стан замацоўвае дрэнныя харчовыя звычкі і шаблёны, уключаючы і так званую «эмацыйную ежу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG