Газэта The New York Times расказвае, што пра стомленасьць пасьля COVID-19 кажуць амэрыканскія лекары і навукоўцы.
Прычыны стомленасьці
Лекары сьцьвярджаюць, што стомленасьць стала асноўнай скаргай пацыентаў, якія зьвяртаюцца ў цэнтры па барацьбе з каранавіруснай інфэкцыяй. На думку мэдыкаў, гэта можа быць зьвязана з тым, што сымптомы COVID-19 у цэлым становяцца мякчэйшыя. Пацыентаў зь цяжкімі рэсьпіраторнымі захворваньнямі робіцца менш, таму на першы плян выходзіць стомленасьць. Таксама існуе верагоднасьць, што стомленасьць можа быць больш распаўсюджаным сымптомам новых варыянтаў каранавірусу.
Адна з гіпотэз, чаму людзі могуць адчуваць сябе моцна зьнясіленымі, заключаецца ў тым, што COVID-19 можа разбураць мітахондрыі — унутрыклетачныя ўтварэньні, якія доктар Пітэр Чын-Хонг, спэцыяліст па інфэкцыйных захворваньнях з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Сан-Францыска, называе энэрджайзэрамі нашых клетак. Мітахандрыяльная дысфункцыя можа запаволіць працу арганізму, і гэты стан можа працягвацца пасьля вострай фазы інфэкцыі.
Парушэньні сну таксама могуць спрыяць агульнай стомленасьці падчас і пасьля інфэкцыі, бо COVID-19 шмат каму перашкаджае добра высыпацца ноччу.
Іншая тэорыя, непасрэдна зьвязаная з працяглым ковідам, заключаецца ў тым, што вірус можа заставацца ў арганізьме нават пасьля таго, як вынік тэсту аказваецца адмоўным.
Звычайна пасьля таго, як інфэкцыя зьнікне, кажа доктар Зіяд Аль-Алі, кіраўнік аддзелу дасьледаваньняў і распрацовак ва Ўнівэрсытэце Сэнт-Луіса, арганізм павінен націснуць «выключальнік», сыгналізуючы, што яму больш ня трэба змагацца зь вірусам. Але ў людзей з працяглым COVID-19 арганізм застаецца ў ахоўным рэжыме, працягваючы эканоміць энэргію.
Новае дасьледаваньне, апублікаванае 25 верасьня, паказвае і дадатковую патэнцыйную прычыну стомленасьці: у людзей з працяглым COVID-19 у арганізьме значна менш ранішняга картызолу, гармону, які прымушае нас «уставаць і працаваць», калі мы прачынаемся, кажа доктар Чын-Хонг. Дэфіцыт картызолу, як правіла, прыводзіць да стомленасьці.
Дасьледчыкі дагэтуль спрабуюць зразумець, чаму ў адных людзей COVID-19 цягнецца доўга, а ў іншых — не. «Гэта сапраўды вялікая загадка», — піша New York Times.
Магчымыя сродкі абароны
Пакуль не існуе ўсталяванага пратаколу барацьбы са стомленасьцю, але «асноўнае правіла — гэта адпачынак», — кажа доктар Аль-Алі.
Падчас актыўнай інфэкцыі прыслухоўвайцеся да свайго арганізму: трэба максымальна расслабіцца і піць дастаткова вадкасьці.
Калі моцная стомленасьць захоўваецца больш за 30 дзён пасьля адмоўнага выніку тэсту, доктар Аль-Алі раіць як мага хутчэй пагаварыць са сваім лекарам, каб вызначыць парадак дзеяньняў.
Для людзей з працяглым COVID-19 жыцьцёва важна высыпацца, сказаў New York Times доктар Фэрнанда Карнавалі, дырэктар Цэнтру постковіднай дапамогі пры лякарні Mount Sinai. Фрагмэнтаваны ці недастатковы сон можа пагоршыць стому.
Важна выконваць асновы гігіены сну:
- засынайце і прачынайцеся ў адзін і той жа час,
- падтрымлівайце цемру і прахалоду ў спальні,
- пазьбягайце ўжываньня алькаголю перад сном,
- знаходзьце час, каб расслабіцца, перш чым заплюшчыць вочы.
Паводле доктара Карнавалі, людзям са стомленасьцю, выкліканай працяглым COVID-19, таксама варта з асьцярогай ставіцца да фізычных практыкаваньняў. Трэба пачынаць з павольных і лёгкіх нагрузак і вельмі паступова аднаўляць талерантнасьць да фізычных практыкаваньняў.
«Калі вы змагаецеся са стомленасьцю, прызнайце, што ў вас можа быць новы базавы ўзровень», — кажа доктар Карнавалі. Ён раіць сваім пацыентам з COVID-19 весьці дзёньнік на працягу двух тыдняў, каб адсачыць, як яны сябе адчуваюць пасьля выкананьня паўсядзённых спраў — магчыма, пасьля вячэры зь сябрамі набягае хваля стомленасьці, або чалавеку цяжка чытаць на працягу гадзіны. Разуменьне гэтых карэляцый можа дапамагчы не перагружаць сябе.
Доктар Карнавалі таксама кажа, што пераасэнсаваньне сваіх магчымасьцяў вельмі важнае: «Я не магу прабегчы 10 кілямэтраў, таму прабягу палову. Я не магу мыць посуд паўгадзіны, таму адвяду на гэта пяць хвілін».
«Вам неабходна вызначыць новыя базавыя паказьнікі, каб адаптавацца. Крайняя стомленасьць у сувязі з працяглым COVID-19 можа зьнікнуць — некаторым людзям становіцца лепш, і гэта проста прыемна бачыць», — кажа доктар Карнавалі і дадае, што, на жаль, новыя пацыенты са стомленасьцю зьяўляюцца кожны дзень.