Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што трэба ведаць пра новы варыянт каранавірусу, які імкліва распаўсюджваецца па сьвеце


У розных краінах сьвету імкліва распаўсюджваецца варыянт каранавірусу EG.5 Eris. У жніўні ён стаў дамінуючым у Індыі, Вялікай Брытаніі і ЗША. На яго прыпадае да 80% вядомых выпадкаў заражэньня.

Газэта The New York Times расказвае, наколькі ён небясьпечны і што рабіць, калі вы захварэлі.

Што такое EG.5 Eris?

Гэта новы варыянт каранавірусу, генэтычныя зьмены ў якім дазваляюць яму абыходзіць імунную абарону людзей і пранікаць у клеткі лягчэй, чым усе папярэднія варыянты. Пра гэта паведаміла Сусьветная арганізацыя здароўя. Менавіта таму новы варыянт імкліва захоплівае новыя тэрыторыі і, верагодна, стане дамінуючым у сьвеце ў найбліжэйшыя месяцы.

Наколькі небясьпечны новы варыянт?

Паводле экспэртаў, EG.5 не ўяўляе сабой вялікай пагрозы. Прынамсі, рызыкі ад яго ня большыя, чым ад іншых варыянтаў, якія цяпер цыркулююць у сьвеце.

Разам з тым трэба мець на ўвазе, што цяжкія выпадкі каранавірусу ў пажылых людзей і людзей з хранічнымі хваробамі могуць выклікаць ускладненьні. Тое самае і з выпадкамі так званага зацяжнога COVID-19, які здараецца ў аслабленых пацыентаў. Гэты варыянт — не выключэньне, таму рызыка працяглага ковіду застаецца.

Адкуль новы варыянт паходзіць?

EG.5 Eris быў знойдзены ў Кітаі ў лютым 2023 году. Ён нашчадак варыянту XBB.1.9.2 Omicron і мае адну значную мутацыю, якая дапамагае яму пазьбягаць антыцелаў імуннай сыстэмай чалавека, што былі выпрацаваныя ў адказ на ранейшыя варыянты каранавірусу і вакцыны.

Гэтая перавага і стала прычынай таго, што EG.5 летам 2023 году зрабіўся дамінантным штамам ва ўсім сьвеце. Таксама ён адказны за тое, што колькасьць выпадкаў COVID-19 зноў пачала імкліва расьці.

Мутацыя EG.5 азначае, што значна больш людзей успрымальныя да новага варыянту, але, паводле экспэртаў, дыягнастычныя тэсты і актуальныя мэтады лячэньня па-ранейшаму эфэктыўныя супраць яго.

Ці існуе вакцына супраць EG.5?

Не, пакуль што такой вакцыны няма. Але яе выпуск чакаецца восеньню 2023 году, і адразу ж яна стане даступнай для выкарыстаньня.

Гэта будзе абноўленая бустэрная вакцына, распрацаваная на аснове іншага варыянту, генэтычна падобнага да EG.5. Чакаецца, што яна забясьпечыць значна лепшую абарону ад EG.5, чым леташняя іньекцыя, што была нацэленая на зыходны штам каранавірусу і раньні варыянт Omicron, які мае з EG.5 толькі аддаленае сваяцтва.

Ці ёсьць іншыя варыянты каранавірусу, якія выклікаюць трывогу?

Так, ёсьць. Экспэрты больш асьцерагаюцца варыянтаў каранавірусу, якія ўжо зафіксаваныя і якія нясуць тую ж мутацыю абыходу імунітэту, што і EG.5, плюс яшчэ адну, якая робіць вірус больш трансьмісійным — гэта значыць, больш заразным.

Навукоўцы назвалі камбінацыю гэтых мутацый «FLip», бо яны абедзьве мяняюць становішча дзьвюх амінакіслот, пазначаных як F і L. Цяпер гэтыя варыянты FLip складаюць толькі невялікую частку выпадкаў COVID-19, але яны могуць выклікаць рэзкае павелічэньне колькасьці інфэкцый у найбліжэйшыя месяцы.

Агулам навукоўцаў турбуе хуткасьць эвалюцыі SARS-CoV-2, бо назапашваньне мутацый здольнае паўплываць на небясьпеку будучых варыянтаў.

Якія сымптомы пры заражэньні EG.5 «Eris»?

Сымптомы COVID-19, нягледзячы на вялікую колькасьць варыянтаў і падварыянтаў, ад пачатку пандэміі зьмяніліся ня моцна. Гэта боль у горле, закладзенасьць носа, пачуцьцё стомленасьці, ліхаманка і кашаль.

Некаторыя людзі таксама могуць адчуваць страўнікава-кішэчныя праблемы, а ў некага можа разьвіцца каньюнктывіт, хоць гэта больш характэрна для папярэдняга варыянту XBB.1.16 Omicron.

Падабенства сымптомаў азначае, што каб адрозьніць каранавірус ад іншых прастудных ці інфэкцыйных хваробаў, лепш за ўсё зрабіць экспрэс-тэст. Мэдыкі сьцьвярджаюць, што экспрэс-тэсты па-ранейшаму эфэктыўныя для ўсіх варыянтаў, якія цяпер цыркулююць у сьвеце, і калі ваш тэст станоўчы, значыцца, вы дакладна заразіліся.

Якія мэтады лячэньня новага варыянту?

Калі вам больш за 60 гадоў і вы здалі станоўчы тэкст на каранавірус, трэба абавязкова зьвярнуцца да лекара. Цяпер існуюць лекі, здольныя сур’ёзна запаволіць распаўсюджваньне вірусу ў арганізьме, калі вы пачынаеце лячэньне да пяці дзён з моманту зьяўленьня сымптомаў.

Маладым людзям звычайна няма патрэбы прымаць спэцыяльныя антывірусныя прэпараты. Ім дастаткова сымптаматычнага лячэньня, як гэта бывае пры звычайных прастудах.

Добрая парада — самаізаляцыя. Агулам лекары раяць заставацца дома ня менш за пяць дзён пасьля пачатку хваробы. Калі ж вы вымушаныя знаходзіцца побач са здаровымі людзьмі, абавязкова выкарыстоўвайце рэсьпіратары клясы N95, KN95 або KF94.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG