Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новае дасьледаваньне: сэрца можа фармаваць наша ўспрыманьне часу


Навукоўцы даўно меркавалі, што мозг кантралюе наша ўспрыманьне часу. Новае дасьледаваньне паказала, што важную ролю ў гэтым адыгрывае і сэрца, піша The New York Times.

Пра ўспрыманьне часу задумаліся падчас карантыну

Цікавасьць да ўспрыманьня часу рэзка ўзрасла пасьля пандэміі COVID-19, калі для многіх дзейнасьць па-за домам рэзка спынілася і людзі ва ўсім сьвеце сутыкнуліся з адрэзкамі недыфэрэнцыяванага часу.

На працягу першага году карантыну ў Вялікай Брытаніі было праведзена дасьледаваньне ўспрыманьня часу. 80 працэнтаў яго ўдзельнікаў паведамілі аб часавых скажэньнях у розных кірунках. Пераважна пажылыя, больш сацыяльна ізаляваныя людзі гаварылі, што час запавольваецца, а маладзейшыя, больш актыўныя, меркавалі, што час паскорыўся.

«На ўспрыманьне часу ўплывае тое, што ў цэлым адлюстроўвае наша самаадчуваньне, — кажа Рут Огдэн, прафэсар псыхалёгіі Лівэрпульскага ўнівэрсытэту і аўтар дасьледаваньня аб карантыне. — Людзі з дэпрэсіяй адчуваюць запаволеньне часу, і яно ўспрымаецца як фактар пагаршэньня дэпрэсіі».

Сэнсацыйныя вынікі

Новае дасьледаваньне, праведзенае ў Карнэльскім унівэрсытэце, сканцэнтравалася на тым, як мы ўспрымаем зусім маленькія прамежкі часу — у маштабах мікрасэкундаў.

Вынікі былі апублікаваныя псыхолягамі з Карнэльскага ўнівэрсытэту ў сакавіку 2023 году ў часопісе Psychophysiology. Дасьледаваньне паказала, што пры назіраньні на ўзроўні мікрасэкундаў пэўнае скажэньне ўспрыманьня часу можа быць выклікана сэрцабіцьцем, працягласьць якога час ад часу мяняецца.

Псыхолягі падключылі студэнтаў да электракардыёграфаў, каб дакладна вызначаць працягласьць кожнага ўдару сэрца, а пасьля папрасілі студэнтаў ацаніць працягласьць кароткіх гукавых сыгналаў. Аказалася, што пасьля больш працяглага інтэрвалу сэрцабіцьця ўдзельнікі экспэрымэнту ўспрымалі гукавы тон як больш працяглы; карацейшыя ж інтэрвалы прымушалі студэнтаў ацэньваць тон як карацейшы.

Пры гэтым гукавыя тоны ўвесь час падаўжаліся, але студэнты ўспрымалі іх даўжыню ў адпаведнасьці з інтэрваламі сэрцабіцьця. Іншымі словамі, на ўспрыманьне часу ўплывае частата скарачэньняў нашага сэрца.

Вынікі гэтага дасьледаваньня дапоўнілі вынікі многія іншых экспэрымэнтаў, прысьвечаных мозгу, і паказалі, што ў арганізьме чалавека ўсё ўзаемазьвязана.

«Няма асобнай часткі мозгу або цела, якая адсочвае час, — гэта ўсё адна сетка. Мозг кантралюе сэрца, а сэрца, у сваю чаргу, уплывае на мозг», — сказала Саіда Садэгі, дактарантка Карнэльскага ўнівэрсытэту і суаўтарка дасьледаваньня.

Чаму так

Адна з прычын таго, што цела можа быць цесна зьвязана з успрыманьнем часу, заключаецца ў тым, што час цесна зьвязаны з мэтабалічнымі патрэбамі, кажа прафэсар псыхалёгіі Карнэльскага ўнівэрсытэту, суаўтар новага дасьледаваньня Адам Андэрсан.

«Час — гэта рэсурс, — мяркуе доктар Андэрсан. — Калі б цела было батарэяй ці бэнзабакам, яно спрабавала б у кожны канкрэтны момант спытацца: колькі ў нас энэргіі? І мы робім рэчы карацейшымі ці даўжэйшымі з пункту гледжаньня часу ў залежнасьці ад таго, колькі ў нас цялеснай энэргіі».

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG