Пра гэта піша ВВС.
Новая справаздача навукоўцаў зьявілася праз два гады пасьля таго, як Сусьветная арганізацыя аховы здароўя ўпершыню аб’явіла аб пандэміі. Гэта адбылося 11 сакавіка 2020 году.
Група спэцыялістаў у надмернай сьмяротнасьці ад COVID-19 з Вашынгтонскага ўнівэрсытэту (ЗША) вывучыла 191 краіну і тэрыторыю на прадмет таго, што яны называюць «сапраўдным глябальным паказьнікам сьмяротнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чатыры месцы арганізму, па якіх б’е зацяжны COVID-19Некаторыя сьмерці былі выкліканыя вірусам, іншыя былі зьвязаныя з наступствамі інфэкцыі.
Гэта зьвязана з тым, што заражэньне COVID-19 можа пагоршыць ранейшыя захворваньні чалавека, такія як хваробы сэрца ці лёгкіх.
Паказьнік вымярэньня, які выкарыстоўваецца, называецца надмернай сьмяротнасьцю — на колькі больш людзей памірае, чым можна было б чакаць, у параўнаньні з апошнімі гадамі да пандэміі.
Каб разьлічыць гэта, дасьледнікі сабралі дадзеныя шляхам пошуку на розных урадавых вэб-сайтах, у базе дадзеных World Mortality Database, у базе дадзеных Human Mortality і ў Эўрапейскім статыстычным упраўленьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маладыя людзі атрымліваюць менш карысьці ад бустэрных прышчэпак, чым пажылыя. ДасьледаваньнеПаводле ацэнак, паказьнікі залішняй сьмяротнасьці моцна адрозьніваюцца па краінах і рэгіёнах, але агульны глябальны паказьнік, разьлічаны ў дасьледаваньні, складае 120 сьмерцяў на 100 000 чалавек.
Гэта будзе азначаць, што за два гады, паміж пачаткам 2020-га і канцом 2021-га, з прычыны COVID-19 мелі месца каля 18,2 мільёна надмерных сьмерцяў — у тры разы больш, чым афіцыйна зарэгістраваныя 5,9 мільёна.
Навукоўцы падкрэсьліваюць, што ацэнкі надмернай сьмяротнасьці былі разьлічаныя толькі для ўсяго пэрыяду дасьледаваньня, а не па тыднях ці месяцах. Праз затрымкі і неадпаведнасьці ў дадзеных аб сьмяротнасьці ацэнкі могуць яшчэ зьмяніцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што такое «Стэлс-Омікрон» і наколькі ён небясьпечны? 4 пытаньні і адказыЗгодна з дасьледаваньнем, апублікаваным у часопісе The Lancet, самыя высокія паказьнікі былі ў краінах зь нізкім узроўнем даходу Лацінскай Амэрыкі, Эўропы і Афрыкі на поўдзень ад Сахары. Але сьмяротнасьць таксама была даволі высокай у некаторых краінах з высокім узроўнем даходу, такіх як Італія і некаторыя часткі ЗША.
У пяцёрку краін з самым высокім разьліковым узроўнем надмернай сьмяротнасьці ўвайшлі:
- Балівія
- Баўгарыя
- Эсваціні (каралеўства на поўдні Афрыкі)
- Паўночная Македонія
- Лесота
У пяцёрку з самым нізкім рэйтынгам увайшлі:
- Ісьляндыя
- Аўстралія
- Сынгапур
- Новая Зэляндыя
- Тайвань
Вядучы аўтар дасьледаваньня доктар Хайданг Ван з Інстытуту паказьнікаў і ацэнкі здароўя сказаў:
«Разуменьне сапраўднай колькасьці памерлых у выніку пандэміі жыцьцёва важнае для эфэктыўнага прыняцьця рашэньняў у галіне грамадзкай аховы здароўя».
Іншыя дасьледаваньні, праведзеныя ў некалькіх краінах, у тым ліку Швэцыі і Нідэрляндах, паказваюць, што COVID-19 быў непасрэднай прычынай большасьці надмерных сьмерцяў.
Навукоўцы прагназуюць, што надмерная сьмяротнасьць, зьвязаная з пандэміяй, зьнізіцца дзякуючы вакцынам і новым мэтадам лячэньня.
Але папярэджваюць, што пандэмія яшчэ ня скончылася і могуць зьявіцца новыя небясьпечныя варыянты вірусу.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ