Пра гэта піша брытанская газэта The Independent.
Колькасьць пацыентаў з COVID-19 у брытанскіх рэанімацыях, паводле стану на 12 ліпеня, вырасла да 46, гэта самы высокі паказьнік зь сярэдзіны красавіка. У той жа дзень у шпіталях было 1035 чалавек зь вірусам, бо летняя хваля па-ранейшаму выклікае новыя інфэкцыі і аказвае ціск на мэдычныя службы краіны.
Сямідзённы ўзровень станоўчых вынікаў тэстаў складае 38,1% — гэта сьведчыць пра тое, што хваля выйшла на плято.
Але паралельна ў Брытаніі, як і ва ўсім сьвеце, растуць асьцярогі і занепакоенасьць з прычыны яшчэ адной формы штаму Omicron, якая зьявілася ў Вялікай Брытаніі. Гаворка ідзе пра варыянт BA.2.75, які атрымаў назву Centaurus (Кентаўр).
Гэты варыянт упершыню знайшлі ў Індыі на пачатку траўня сёлета. З таго часу ён хутка распаўсюдзіўся па ўсёй краіне і выклікаў рэзкі рост захворваньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хваля новых варыянтаў «Омікрону» коціцца па Эўропе. Экспэрты загаварылі пра вяртаньне абмежаваньняўПакуль што ў большай частцы Эўропы цыркулююць формы BA.5 Omicron і BA.4 Omicron, цяпер гэта галоўныя ўзбуджальнікі інфэкцыі. Але і BA.2.75 Omicron Centaurus ужо знойдзены ў дзесяці краінах.
Эўрапейскі цэнтар прафіляктыкі і кантролю за хваробамі (ECDC) вызначыў Centaurus як «варыянт, які знаходзіцца пад назіраньнем». Спэцыялісты цэнтру кажуць, што BA.2.75 — гэта нядаўна вызначаная падлінія BA.2, якая пераважна цыркулявала ў Індыі, але ўжо выяўлена ў Нямеччыне, Люксэмбургу, Вялікай Брытаніі, Інданэзіі, ЗША, Канадзе, Нэпале, Новай Зэляндыі, Аўстраліі і Японіі.
Лоўрэнс Янг, брытанскі вірусоляг, прафэсар малекулярнай анкалёгіі ва Ўорыкскім унівэрсытэце, кажа з гэтай нагоды:
«Значны рост колькасьці інфэкцый выклікае турботу і дэманструе, што ў выпадку COVID-19 няма месца для самазаспакоенасьці... Гэта трывожны сыгнал пра нашу ўразьлівасьць да новых варыянтаў... Нам трэба рыхтавацца да восеньскіх і зімовых месяцаў, калі больш халоднае надвор’е будзе заганяць людзей у памяшканьні, што павысіць рызыку заражэньня ня толькі новымі варыянтамі COVID-19, але і іншымі рэсьпіраторнымі віруснымі інфэкцыямі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дрэнныя навіны ад навукоўцаў: каранавірус ня зьнікне, хварэць ім будуць тры-чатыры разы на годСтывэн Грыфін, ад’юнкт-прафэсар Мэдычнага факультэту Ўнівэрсытэту Лідса, кажа, што нядаўні значны рост колькасьці інфэкцый быў, «на жаль, прадказальны», улічваючы, што ў апошнія тыдні BA.4 і BA.5 дэманструюць перавагу над BA.2, а значэньне лічбы R (каэфіцыент захворваньняў) застаецца вышэйшым за адзінку па ўсёй краіне.
«Новыя хвалі, якія мы назіраем, сапраўды аказваюць клінічнае ўзьдзеяньне, якога нельга недаацэньваць... Адсутнасьць рэзкага піку шпіталізацый і сьмерцяў не мяняе агульнага месца пад крывой зь цягам часу... Можна чакаць, што гэтыя меры будуць адставаць ад хуткага росту колькасьці выпадкаў».
ECDC і Эўрапейскае агенцтва лекавых сродкаў (EMA) рэкамэндуюць разглядаць другія бустэрныя (г. зн. агульным лікам чацьвёртыя) дозы мРНК-вакцыны для людзей ва ўзросьце ад 60 да 79 гадоў і людзей з захворваньнямі, якія могуць выклікаць цяжкае цячэньне хваробы.
Але на дадзены момант няма дакладных доказаў за ўвядзеньне другой бустэрнай дозы людзям, якія маладзейшыя за 60 гадоў і ня маюць высокай рызыкі цяжкага захворваньня.
Таксама няма дакладных доказаў у падтрымку раньняй паўторнай рэвакцынацыі мэдыкаў або тых, хто працуе ў дамах састарэлых, калі толькі яны не ўваходзяць у групу высокай рызыкі.
У красавіку летась абодва агенцтвы рэкамэндавалі людзям, старэйшым за 80 гадоў, прайсьці паўторную рэвакцынацыю (чацьвёртая доза).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чатыры месцы арганізму, па якіх б’е зацяжны COVID-19Аднак у той час агенцтвы адзначылі, што, верагодна, спатрэбіцца разгледзець магчымасьць паўторнай рэвакцынацыі ў людзей ва ўзросьце ад 60 да 79 гадоў, а таксама ва ўразьлівых людзей любога ўзросту, калі адбудзецца паўторны ўсплёск інфэкцый.
Цяпер навукоўцы лічаць, што людзі ва ўзросьце ад 60 да 79 гадоў, а таксама ўразьлівыя групы ў любым веку павінны атрымаць другую бустэрную дозу, бо рост колькасьці выпадкаў у многіх краінах Эўропы ўжо пачаўся.
Прафэсар Лоўрэнс Янг пацьвярджае гэтую выснову:
«Аслабленьне імунітэту азначае, што ўвосень спатрэбяцца паўторныя прышчэпкі, каб абараніць пажылых, клінічна ўразьлівых і мэдычных працаўнікоў, якія кантактуюць з пацыентамі».