Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жыве Беларусь»: паміж рэальнасьцю і мастацкім вобразам


Франак Вячорка ў першы дзень пасьля звальненьня, 15 красавіка 2010 году
Франак Вячорка ў першы дзень пасьля звальненьня, 15 красавіка 2010 году

Франак Вячорка піша пра праўдзівае і надуманае ў мастацкай стужцы «Жыве Беларусь!».

Калі мы пазнаёміліся з Кшыштафам Лукашэвічам, я перагледзеў яго папярэднія фільмы, і прыкладна ўяўляў, пра што і як ён хацеў здымаць. Яго цікавіла мая гісторыя, прачытаная ў адной з газэтаў. Празь яе Лукашэвіч (продкі яго з-пад Баранавічаў) хацеў паказаць шэраг праблемаў, зь якімі сутыкаюцца людзі ў «апошняй дыктатуры Эўропы».

Мая вайсковая служба ў 2009-2010 гадах сапраўды стварыла касьцяк сюжэту «Жыве Беларусь!». Таксама прыгоды Івана Шылы, адмова прысягаць Зьмітра Жалезьнічэнкі. Кшыштаф Лукашэвіч усё гэта прапусьціў празь сябе і па-мастацку ўзмацніў.

Некаторыя моманты у фільме насамрэч выглядаюць надта схематычна і да сьмешнага стэрэатыпна. А некаторыя вельмі дакладна перадаюць атмасфэру рэальных падзеяў.

Што было насамрэч (па спасылках можаце прачытаць падрабязьней):

1. Выкраданьне з вайсковага шпіталя ў Менску невядомымі, зьбіцьцё ў бальнічнай палаце. Раптоўная зьмена дыягназаў, скасаваньне адтэрміноўкі.

2. Гвалтоўны забор у армію кадэбістамі ў парушэньне працэдураў, зьбіцьцё ў ваенкамаце і дастаўка ў наручніках у часьць. Здымачная група БТ.

3. Вайсковая часьць побач з Чарнобыльскай зонай.

4. Армейскі дзёньнік на Naviny.by, за які быў неаднаразова караны.

5. Забаронены мабільнік (чатыры былі канфіскаваныя).

6. Зампаліт, Руслан ды іншыя маюць прататыпаў.

7. «Зважай» падчас праверкі зь Міністэрства абароны, пакараньне 5 суткамі гаўптвахты і зноў пакараньне. (відэа)

8. Сапраўды дабіўся статутаў па-беларуску, рамонту сарціраў і бані, звальненьняў у горад

9. Сьвіны грып, а пасьля кароста (часотка). Сустракалі з салдатамі Новы год ў скурна-вэнэралягічным дыспэнсэры.

Вайсковая часьць у Мазыры, дзе служыў Франак Вячорка. Фота знутры
Вайсковая часьць у Мазыры, дзе служыў Франак Вячорка. Фота знутры

10. Зьдзекі дзядоў (без крывавага зьбіцьця) і перасьлед з боку КДБ.

11. Дзедаўшчына ў кожнай часьці розная, у некаторых — яе ўвогуле няма. (глядзіце «Гульня ў вайнушку»)

12. Салдаты-«шасьцёркі», якія былі маімі сябрамі, пры гэтым здавалі мяне зампаліту і давалі інтэрвію БТ.

13. Пасквілі і рэпартажы на БТ. Сюжэт пра «прытон», адкуль мяне выцягнула слаўная міліцыя (глядзіце «Канстытуцыйны абавязак»).

14. Акцыі ў падтрымку палітпрызыўнікоў (1, 2, 3, 4)

15. Выбарчая кампанія ў Мазыры з патрабаваньнем вярнуць статус забруджанай зоны, дзеці, якія разносілі ўлёткі, канцэрт насупраць Дома культуры, фальшаваньне выбараў. (фота, відэа)

16. Сьведамыя качагары, якія дапамагалі праводзіць выбарчую кампанію.

17. Фільм на мабільны тэлефон з зафіксаванымі фальсыфікацыямі.

18. Зноў шпіталь, камісаваньне з войска з прычыны сардэчнай недастатковасьці.

Выбарчая кампанія ў Мазыры, 2010
Выбарчая кампанія ў Мазыры, 2010


Чаго не было:

• Рок-музыкі, гурту Forza, канцэртаў у падтрымку палітпрызыўнікоў
• Хлопчыка Пашкі і Шчукі. Увогуле, усе героі выдуманыя, супадзеньні выпадковыя
• Інсульту
• Зьбіцьця да паўсьмерці Шэрага
• Катаваньняў і фізычнага гвалту на гаўптвахце


Што тычыцца невайсковых сцэнаў фільму:

Сапраўды была Плошча,

Многія сядзелі ў КДБ і ў турмах.

Разгон і забарона канцэртаў — зьява звычайная. Узгадаем нядаўні канцэрт у межах кампаніі «Food not bombs», імпрэзу ў клюбе 6а, ці хардкор-канцэрт у клюбе «Рок-кафэ» ў Берасьці , — калі ўварваўся АМАП і ўсіх затрымалі.

Чэргі ў аптэкі, крамы, абменьнікі і пэрыядычны дэфіцыт валюты ці прадуктаў — справа звычайная

Аўталаўкі таксама існуюць, для некаторых — гэта ці не адзіная крыніца выжываньня. Глядзіце відэарэпартаж Свабоды.


Праблемы сцэнаграфіі

Прыбіральня ў вайсковым шпіталі ў Баранавічах, куды трапіў Франак на другі месяц службы. Люты 2009.
Прыбіральня ў вайсковым шпіталі ў Баранавічах, куды трапіў Франак на другі месяц службы. Люты 2009.
Мы з Антонам Цялежнікавым, асыстэнтам рэжысэра, цягам двух месяцаў здымкаў пільнавалі дэкарацыі, каб зрабіць фільм як можна больш рэалістычным, літаральна змагаліся за кожную дэтальку, у той час як здымачная група хацела зрабіць прыгожа. І пасьля чарговай спрэчкі сцэнограф Анджэй Галінскі (аўтар «Агнём і мячом», «Бітвы Варшаўскай», жыве і працуе ў Канадзе і ЗША) мяне адвёў у бок:

— Франак, немагчыма зьняць добры мастацкі фільм, захаваўшы ўсе дэталі, як табе хацелася. Кожная сцэна — гэта балянсаваньне паміж рэальнасьцю, мастацкім вобразам і прыгожай карцінкай.

А знайсьці балянс у такой далікатнай тэме, як сучасная Беларусь, апынулася няпростай задачай.

Перад здымкамі Лукашэвіч прыяжджаў у Беларусь, каб пабачыць усё на ўласныя вочы. Разам мы аб’ехалі Мазырскі і Нараўлянскі раён, трапілі ў Палескі радыяцыйна-экалягічны запаведнік. У пакінутых вёсках і дамах жылі людзі, і гэта вельмі ўразіла Лукашэвіча.

Фота з Чарнобыльскай зоны, аўтар Віктар Драчоў. Скрыншот з сайту http://www.adline.by/
Фота з Чарнобыльскай зоны, аўтар Віктар Драчоў. Скрыншот з сайту http://www.adline.by/


Пабывалі ў Мазыры, дзе мне давялося балятавацца на выбарах, менавіта ў раёне Станцыі Мазыр, паразмаўлялі зь людзьмі. Некаторыя іх вобразы трапілі пасьля ў стужку.

У Менску кожны раз, калі Лукашэвіч спрабаваў сфоткаць прапагандысцкія білборды, помнікі Ленінаў і паўсюдную дзяржаўную атрыбутыку, падыходзілі спэцназаўцы і патрабавалі усё выдаліць. Каля будынку КДБ проста паабяцалі разьбіць камэру.

«У Беларусі Леніны — на кожным кроку», — заўважае Лукашэвіч. Я бы паспрачаўся. А можа, мы сапраўды іх не заўважаем. Вось хто заўважае Леніна на рагу Валгаградзкай і праспэкту? Яго бачаць усе, хто едзе міма, але ня бачаць.

У Менску ажно 16 помнікаў Леніну.

Помнікі Леніну ў Менску
Помнікі Леніну ў Менску


Вялізныя партрэты Лукашэнкі ў вайсковай і цывільнай форме, савецкія вымпелы, сымболіку, ідэалягічныя плякаты, выкарыстаныя ў фільме, — усё набылі ў дзяржаўнай кнігарні ці ў краме «Ваенторг».

Увогуле, гісторыя здымак «Жыве Беларусь!» магла б стаць асобным мастацкім фільмам. Альбо дакумэнтальным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG