Вінцук Вячорка апавёў, што старшы лейтэнант Казак і прапаршчык Піскун паддалі “песеннаму апартэіду” ягонага сына. Ён лічыць, што вайскоўцы парушылі артыкул 130 Крымінальнага кодэксу (наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці, альбо нязгоды, на прыніжэньне нацыянальнага гонару і годнасьці, пры тым учыненыя службовай асобай з выкарыстаньнем службовых паўнамоцтваў).
“Некалькі дзесяткаў салдатаў сьпявалі песьню па-расейску, а за 20 мэтраў ад іх асобна пастаўлены Франак, сьпяваў беларускую песьню. Пры чым яму было загадана сьпяваць з роўнай гучнасьцю, як “тыя астатнія”. Безумоўна, што гэта прыніжае любога беларускамоўнага чалавека. Гэта артыкул 130 Крымінальнага кодэксу.
Афіцэры і прапаршчыкі ў дачыненьні да беларускай мовы дапускаюць абразьлівыя азначэньні: “Говори нормально! Пой на нормальном языке!”
Вынаходніцтва гэтых людзей, якія хочуць зламаць нацыянальную годнасьць Франка, вельмі своеасаблівае. Яны адшукалі нейкія школьныя слоўнікі, дзе не было словаў “зважай” і “спадар” і забаранілі іх ужываць. Я, як мовазнаўца, магу толькі сумна усьміхнуцца”.
Вінцук Вячорка зьвяртае увагу на асноўны нарматыўны лексыкаграфічны даведнік – акадэмічны тлумачальны слоўнік беларускай мовы 1996 году, у якім “зважай” ёсьць вайсковай камандай, а зварот “спадар” ужываецца пры зьвяртаньні да службовай асобы. У гэтым слоўніку няма слова “сьмірна”.
Вінцук Вячорка лічыць, што трэба зьвяртацца ў гомельскую міжгарнізонную вайсковую пракуратуру. Пакуль ён зьвярнуўся да намесьніка камандзіра брыгады падпалкоўніка Сяргея Грысюка і чакае, калі будзе спынена дыскрымінацыя паводле моўнай прыкметы ягонага сына ў мазырскай частцы. Вінцук Вячорка зьвярнуўся ў Таварыства беларускай мовы, сябрамі якой зьяўляюцца бацька і сын Вячоркі.
Тым часам у Міністэрстве абароны сьцьвярджаюць, што ніякіх праблемаў з беларускай мовай у войску няма.
У Зьмітра Хведарука былі праблемы з-за беларускай мовы, але пасьля таго, як ягоная маці прывезла ў частку Крымінальны кодэкс і Канстытуцыю, сытуацыя палепшылася. Ірына Хведарук распавяла, што хоча сустрэцца з камандзірам жодзінскай вайсковай частцы. Яна распавяла, што Зьмітру адмаўляюць у мэдычнай дапамозе.
“Гэта капітан мэдслужбы Аўсіевіч. Кажа: “Ты прызнаны вайсковай камісіяй прыдатным для службы ў войску. Дык ня трэба пігулкі піць. Ідзі спортам займайся!” Папросту адмаўляюць у мэдычнай дапамозе, бо гэта ж рэгіструецца ў журнале. Кожная пігулка, кожны зварот рэгіструецца... Войска абсалютна бескантрольна грамадзтву. Рабі, што хочаш”.
Іван Шыла выпісаўся са шпіталя і разьлічвае, што яго адпусьцяць у адпачынак. Хлопец адбыў некалькі пазачарговых нарадаў і 10 дзён гаўптвахты за знойдзены мабільнік. Гэтыя пакараньні не уплываюць на салдацкі адпачынак.
Камандаваньне мазырскай часткі абвясьціла Франку Вячорку, што ягоны адпачынак скараціўся да 5 сутак з-за спрэчак з кіраўніцтвам наконт беларускай мовы.
28 ліпеня будзе паўгоду, як Іван Шыла, Франак Вячорка і Зьміцер Хведарук гвалтоўна трапілі ў войска.
23 ліпеня дэмабілізаваўся Зьміцер Жалезьнічэнка, першы ў сьпісе салдат так званага палітычнага прызыву. За паўтара года службы Зьміцер толькі аднойчы быў у адпачынку. Скончыў сваю службу ў ракетных восках і грамадзкі актывіст Віталь Каратыш. Забраны «ў боты» ў ліку палітрэкрутаў, ён падчас службы балятаваўся ў дэпутаты палаты прадстаўнікоў.