Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мазыр: З такой піянэрыяй мы далёка зойдзем


Чыгуначны раён Мазыра — гэта асобнае ад гораду паселішча. Пасёлак наводшыбе, адрэзаны ад гораду вялікім лясным масівам. Тут ёсьць свой цэнтар з Домам культуры ў стылі сталінскага ампіру. Тут ёсьць свае ўскраіны — вялікая фавэла прыватнага сэктару на мазырскіх гарах. Ёсьць і свой стары горад. Комплекс двухпавярховых драўляных баракаў, пабудаваных палоннымі немцамі пасьля вайны.



Давайце зойдзем у адзін з двароў, дзе сядзіць кампанія пэнсіянэраў. Каб даведацца: ці пойдуць яны на выбары ў мясцовыя саветы?


Карэспандэнт: «Вы на выбары пойдзеце?»

Кабета: «Не. Наш дом валіцца. Бачыце, які абшарпаны? Нам нічога ня робяць. Мне ваду прарвала пазаўчора. І ніхто не прыйшоў. І за што галасаваць? Гляньце на гэты дом».

Карэспандэнт: «Калі ўсё валіцца, трэба ісьці галасаваць».

Кабета: «А хто баланціруецца ў нас?»

Мужык: «Ваяка. Вячорка. Бэнээфавец».

Кабета: «За што галасаваць? Газу не далі нам. Балончыкі стаяць паўз сьценку. За што галасаваць? Пэнсіянэры, сьпім і пільнуем, каб балоны ня скралі. Каб не ўзарвалі алкашы ці малалеткі...»

Якое спэцыфічнае разуменьне выбараў. Для старых выбары — гэта ня шанец зьмяніць кепскую адміністрацыю, а магчымасьць выказаць падзяку ўладзе. Няма за што падзячыць — значыць, няма чаго на выбары ісьці. Але ў гэтай акрузе ёсьць адно «але». Гэтыя абсалютна апалітычныя людзі ведаюць прозьвішча толькі аднаго кандыдата. Францішка Вячоркі. І гэта не выпадкова. Бо ў Станцыйнай акрузе працуе дзіўная валянтэрская каманда. Два дзясяткі школьнікаў, якія, нібы мурашы, штодня расклейваюць агітацыйныя плякаты і ўлёткі па ўсім раёне. Нехта іх зрывае. А яны на наступны дзень ізноў вісяць на месцы. Зрэшты, вунь ідзе і сам кандыдат Вячорка, абкружаны сваімі вернымі гаўрошамі.


Карэспандэнт: «Франак, скажы, калі ласка, што гэта за маладыя людзі?»

Вячорка: «Гэта мая каманда. Каманда дзяцей станцыі „Мазыр“. Мы пазнаёміліся на мітынгу пазаўчора, прысьвечаным выбарам. І яны выклікаліся мне дапамагаць. 5-, 7-, 9-клясьнікі выклікаліся расклейваць плякаты, разносіць улёткі. Іхныя бацькі галасуюць за мяне».

Хлопчык: «Я самы першы быў».

Дзяўчынка: «А я другая».

Карэспандэнт: «А што вы робіце?»

Дзеці: «Мы расклейваем усё. Фатаздымкі, аб’явы».

Карэспандэнт: «А вам цікава гэтым займацца?»

Дзеці: «Так!!!»

Найбольш актыўная валянтэрка — дванаццацігадовая Анжэла, мілае дзяўчо на ровары.


Анжэла: «У нас тут такія дарогі, на веліку праехаць немагчыма».

Хлопчык: «Пабудуйце нам дарогі!»

Анжэла: «І што гэта за дамы? Дамы саракавых гадоў. У даху такія вось трэшчыны. Ня хочуць рабіць ні капітальны рамонт, нічога».

Карэспандэнт: «Што яшчэ хочацца зрабіць?»

Анжэла: «Каб было ў школе бясплатнае харчаваньне».

Хлопчык: «І пуцёўкі ў санаторый».

Анжэла: «Раней мы езьдзілі туды бясплатна. А зараз мы павінны заплаціць 500-700 тысяч. У школе мы за абеды павінны плаціць 2500. 12500 за тыдзень. За месяц трэба плаціць 50 тысяч. Мы ядзім платна. І нам даюць тое самае, што і тады».

Карэспандэнт: «З такой камандай табе сам бог казаў перамагаць».

Вячорка: «Мы за паўгадзіны робім такую работу, якую б за тры дні не зрабілі».

Карэспандэнт: «А вам падабаецца ваш раён?»

Дзеці: «Так. Калі б Францішак Вячорка быў дэпутатам, тут раён быў бы самы лепшы. Нават зь Менскам не параўнаць. У Менску такія самыя дарогі, толькі там, дзе праяжджае прэзыдэнт, дарогі роўныя».

У гэтых дзяцей, у адрозьненьне ад іхніх бабуль, разуменьне выбараў — як у сапраўдных грамадзян. Вось толькі права выбіраць у іх пакуль няма.

Вячорка: «Раён лічыцца неспрыяльным. Тут жывуць пераважна старыя людзі. І ёсьць такая чутка, што тут высокі ўзровень злачыннасьці. Хаця колькі часу я тут правёў, я ні разу з гэтым не сутыкнуўся. Таксама тут самы нізкі сярэдні даход. Тут людзі зарабляюць па 300-400 тысячаў. Бальшыня — гэта рабочыя ДАКу. „Мазырдрэў“. Асноўны ўдар па людзях быў, калі адмянілі чарнобыльскую зону. У дзяцей забралі бясплатныя абеды ў школах і садах. Бясплатны праезд на транспарце. Ільготы забралі ў пэнсіянэраў. У людзей проста нестае грошай на жыцьцё. І зараз тут зьяўляецца кандыдат Францішак Вячорка, і яны проста глядзяць з надзеяй. На тое, што могуць быць нейкія перамены».

Свой невялікі гарод ускопвае маладая кабета. Работніца ДАКу. Маці дваіх дзяцей. Кандыдата Вячорку яна пазнае.


Вячорка: «У Мазыры зона чыстая. Абеды платныя, праезд платны. Першаклясьнік шасьцігадовы езьдзіць на аўтобусе за поўны кошт».

Карэспандэнт: «Гэта вы з двума дзецьмі плаціце недзе сто тысяч у месяц».

Кабета: «А праязны?»

Карэспандэнт: «150 тысяч вылятае. А заробак колькі?»

Кабета: «500».

Вячорка: «Чыноўнікі па тры мільёны зарабляюць. А людзі тут, „другасортныя“, — па 500 тысяч».

Кабета: «А сярэднюю ўсё складваюць. НПЗ лічаць, дзе рабочыя па два мільёны».

Вячорка: «І я спрабую разварушыць гэтых чыноўнікаў. Яны дбаюць толькі пра сваю выгаду. Яны будуюць лядовыя палацы, горналыжныя курорты, недаступныя для нармальных людзей».

Карэспандэнт: «Вы думаеце, што выбары могуць дапамагчы?»

Кабета: «Не. Адзін у полі ня воін. Наш народ цярпімы, очань цярпімы».

Да кампаніі валянтэраў далучаецца старшаклясьніца Тацяна. Прыгожая дзяўчына, якая мае разрад па цяжкой атлетыцы.


Карэспандэнт: «А што вас прывяло ў гэтую кампанію?»

Тацяна: «Мне спадабаўся сам Францішак Вячорка. Ён харошы такі, добры. Ён дарогі будзе рабіць, пуцёўкі дзецям верне. Харчаваньне каб ня так дорага каштавала».

Карэспандэнт: «Вы гэта робіце за грошы?»

Тацяна: «Не. Я гэта за грошы не раблю. Мне нават сорамна штосьці папрасіць. Я проста дапамагаю. Бабуля ідзе. Я падыду — добры дзень, прыходзьце на канцэрт. Францыск Вячорка будзе прамову казаць. Мне падабаецца размаўляць, расклейваць паперкі».

Карэспандэнт: «Як вы ацэньваеце шанцы Вячоркі?»

Тацяна: «Мне здаецца, ён пераможа. На Астроўскага шмат хто будзе за яго галасаваць».

А тым часам Франак разгаварыўся з пажылой дамай.


Вячорка: «Я Вячорка Францішак. Ваш кандыдат у дэпутаты. Мне 22 гады. Іду, каб прымусіць чыноўнікаў работаць».

Кабета: «Думаеце, вы іх прымусіце?»

Вячорка: «Я паспрабую».

Кабета: «Ды плюньце вы. Як вам 22, мне 58. Ніхто іх не прымусіў, а вам тым больш».

Вячорка: «А ў мяне ёсьць маладосьць, сьмеласьць, энэргія, амбіцыі, кантакты».

Кабета: «Я ў такіх вярхах круцілася, што ты знаеш... Ой! Ніхто ў жыцьці не пераменіць. Во дарогу бачыце? Клалі газ, ужо трава зарасла. Нікому нічога ня трэба».

Карэспандэнт: «А газ паклалі і правялі?»

Кабета: «У каго 10 мільёнаў было, таму правялі. А ў каго няма, дык і няма. Я сама жыву каля газу і бяз газу. 430 тысяч пэнсіі зарабіла. І на што хочаш дровы купляй».

Вячорка: «Калі зьберацеся 25-га галасаваць, галасуйце за мяне. Але не галасуйце за чыноўнікаў. Вячорка — гэта я».

Кабета: «Вячорка. А астатніх я нават і ня ведаю».

Вячорка: «І ня трэба ведаць. Галасуйце за мяне, а я пасьля раскажу, што будзем рабіць далей. Будзем пісаць і скардзіцца. І наш раён будзе лепшым у Мазыры. Я вам абяцаю. Трэба быць гатовым і скандаліць, і ваяваць».

Як у асобным савецкім горадзе, над Чыгуначным раёнам стаіць вялікі манумэнт Леніну. Гледзячы на Ільліча, я ўзгадаў, што Вячоркаўскія гаўрошы — амаль усе піянэры.


Карэспандэнт: «Піянэры, а хто гэта такі, вы ведаеце?»

Дзяўчынка: «Гэта Ленін. Ці Сталін? Я ня ведаю. Не, Ленін. Ён раней быў гэтым... Я ня помню».

Хлопчык: «Пушкіным».

Карэспандэнт: «А што такое піянэрыя?»

Анжэла: «Піянэрыя — гэта хадзіць дапамагаць людзям. У школе клапаціцца пра малодшых».

Карэспандэнт: «А тое, што вы зараз робіце?»

Анжэла: «Нам здаецца, гэта і ёсьць піянэрыя. Бо мы дапамагаем добрым людзям».

Карэспандэнт: «З такой піянэрыяй...»

Анжэла: «Мы далёка зойдзем».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG