Паводле Вінцука Вячоркі, 23 ліпеня на загад кіраўніцтва вайсковай часткі № 48694 тэрмін адпачынку для Франка за ўвесь пэрыяд службы скарочаны да пяці сутак. Паводле экспэртаў, гэта адно з найбольш жорсткіх пакараньняў у войску, за якім ідзе толькі гаўпвахта. Як кажа Вінцук Вячорка, ягоны сын пакараны за ўжываньне беларускай мовы пры аддачы вайсковых камандаў: “Зважай!” замест “Смирно!” і г.д.
“Я ня ведаю, у колькі разоў атрымаўся скарочаны адпачынак, дый рэч ня ў гэтым. Ёсьць паводле Дысцыплінарнага статуту ў разьдзеле “пакараньні” пералік гэтых пакараньняў. Іх усяго шэсьць — пачынаецца з папярэджаньня і заканчваецца гаўптвахтай. Дык вось гэтае перадапошняе перад гаўптвахтай пакараньне — скарачэньне да пяці сутак разавага адпачынку. І, як я разумею, потым будзе “губа”, а ўжо пасьля і крымінальная справа, калі ён і надалей са сваёй беларускай мовай будзе ўпорстваваць”.
У прэсавай службе Міністэрства абароны пацьвердзілі, што дысцыплінарнае пакараньне ў выглядзе скарачэньня тэрміну адпачынку прадугледжанае артыкулам 49 Дысцыплінарнага статуту Ўзброеных сілаў. Аднак пра сытуацыю з Франкам Вячоркам штосьці ўдакладняць адмовіліся:
Пакараньне не за беларускую мову. Ён быў пакараны за нетактоўныя паводзіны са старэйшым па воінскім званьні
“Увогуле такое дысцыплінарнае спагнаньне, як скарачэньне тэрміну адпачынку, існуе… Але прабачце, я сябе дрэнна адчуваю, таму не магу з вамі размаўляць”.
Ад часу атрыманьня Беларусьсю незалежнасьці салдатам тэрміновай службы належыць абавязковы адпачынак. Ягоная працягласьць для салдатаў — 20 сутак, для сяржантаў і старшынаў — 25. У парадку заахвочваньня адпачынак павялічваецца яшчэ на 5 сутак. У выпадку з Франкам Вячоркам камандаваньне пайшло на навацыі, скараціўшы абавязковы адпачынак у чатыры разы. Як падкрэсьлівае бацька пакаранага салдата, фактычна ўпершыню ў гісторыі Рэспублікі Беларусь беларускі салдат пакараны за карыстаньне беларускай мовай у войску.
Вінцук Вячорка кажа, што адказнасьць за такое неадэкватнае пакараньне ляжыць на вайсковых ідэолягах. У прыватнасьці, такая ініцыятыва, паводле ягоных зьвестак, сыходзіла ад псыхоляга часткі Дзяніса Казака і намесьніка камандзіра батальёну па ідэалёгіі Ўладзімера Ігнаціка. Мне ўдалося датэлефанавацца да маёра Ігнаціка, які заявіў, што зь беларускай мовай пакараньне ніяк не зьвязанае:
“Не, гэта няпраўда. Пакараньне не за беларускую мову. Ён не выконваў патрабаваньні артыкулаў 17-25 Страявога статуту Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь і быў пакараны за нетактоўныя паводзіны са старэйшым па воінскім званьні, а таксама за невыкананьне артыкулаў статуту Ўнутранай службы. У яго там цэлы комплекс парушэньняў. Да гэтага вайсковец ужо неаднаразова быў пакараны ў дысцыплінарным парадку, таму захады былі зробленыя ў адпаведнасьці са статутам, усё паводле закону. І калі нейкія пытаньні ў бацькі ўзьнікаюць, няхай тэлефануе камандаваньню, яму ўсё патлумачаць. Мне штосьці прыдумляць ніякага сэнсу няма. Гэтае пакараньне было на падставе службовых расьсьледаваньняў, матэрыялы ўсе ёсьць, і калі бацьку гэта цікавіць, ён можа пад’ехаць у любы момант і паглядзець”.
Між тым Вінцук Вячорка заяўляе, што будзе зьвяртацца ў пракуратуру ў сувязі з прыкметамі злачынства, прадугледжанага артыкулам 130 Крымінальнага кодэксу — наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці, учыненыя службовай асобай з выкарыстаньнем сваіх службовых паўнамоцтваў.
Роўна год таму мэдычная камісія ваеннага камісарыяту Савецкага раёну Менску прызнала Франка Вячорку непрыдатным да вайсковай службы паводле стану здароўя. Аднак абласная мэдкамісія паставіла рашэньне пад сумнеў. У сярэдзіне студзеня 2009 году раённы ваенкамат скарэляваў сваю ранейшую пазыцыю і таксама прызнаў Вячорку прыдатным да войска.